Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РУСІФІКАЦЫЯ СТУДЭНТАЎ — КОШТАМ САМІХ СТУДЭНТАЎ


Валянціна Аксак, Менск

“Падрыхтаваны ў БДУ студэнцкі білет новага ўзору зьяўляецца шматфункцыянальным, і рэквізыты студэнта выкарыстоўваюцца для аўтэнтыфікацыі ў розных базах зьвестак (пры апрацоўцы акадэмічнае інфармацыі, назначэньні і выплаце стыпэндыі, бібліятэчным абслугоўваньні і г.д.). Даводзіцца канстатаваць, што распрацаваныя за мяжой сучасныя сеткавыя апэрацыйныя сыстэмы і сыстэмы кіраваньня базамі зьвестак дрэнна адаптаваныя для выкарыстаньня беларускага альфабэту”, — гэтак тлумачыць прычыну расейскамоўных цяпер студэнцкіх білетаў першы прарэктар Белдзяржунівэрсытэту прафэсар Алег Яноўскі ў сваім пісьмовым адказе на запыт сакратарыяту Таварыства беларускае мовы.

Вось што з нагоды прыведзеных прарэктарам БДУ аргумэнтаў сказаў намесьнік старшыні ТБМ Сяржук Кручкоў:

(Кручкоў: ) “Калі гаварыць, што апэрацыйныя сыстэмы распрацаваныя для Беларусі за мяжой, то яны распрацаваныя за мяжой для ўсіх краінаў. У літоўцаў ці ўкраінцаў тыя ж самыя сыстэмы распрацаваныя за мяжой. І гаварыць пра тое, што гэтыя сыстэмы не падтрымліваюць беларускай мовы немагчыма, бо ўсе карыстальнікі ведаюць, што можна спакойна працаваць у тым жа рэдактары “Word” зь беларускаю моваю — і пытаньняў няма. Іншая рэч, што ў тым жа рэдактары няма слоўнікавай падтрымкі, але гэтую слоўнікавую падтрымку зрабілі менавіта ў БДУ”.

Спадар Кручкоў паведаміў нам, што ў Белдзяржунівэрсытэце на катэдры матэматычнага забесьпячэньня аўтаматызаваных сыстэмаў кіраваньня яшчэ некалькі гадоў таму былі створаныя праграма праверкі арфаграфіі беларускамоўных тэкстаў, праграма рэфэраваньня, а таксама праграма аўтаматызаванага перакладу з расейскай мовы на беларускую і наадварот.

Лінгвістычная база распрацаваных праграмаў мае звыш 1 мільёну 700 тысяч беларускіх словаформаў, пра што ня так даўно на адмысловай канфэрэнцыі распавядаў загадчык катэдры Ігар Саўпель, зазначыўшы пры гэтым, што праца навукоўцаў БДУ дзеля падтрымкі беларускае мовы ў аўтаматызаваных сістэмах кіраваньня незапатрабаваная. А тым часам новыя расейскамоўныя студэнцкія білеты выдаюць ня толькі першакурсьнікам Белдзяржунівэрсытэту, але і студэнтаў старэйшых курсаў змушаюць памяняць ранейшыя білеты на новыя — дакладней, купіць іх.

Гаворыць другакурсьніца Віка Трэнас:

(Трэнас: ) “Шмат хто цяпер ходзіць са старымі студэнцкімі, таму што не прымае гэтага. І сапраўды, студэнту ад гэтага новаўвядзеньня нічога добрага няма. Трэба сем баксаў плаціць кожны год… Але навошта трэба гэта рабіць, калі можна не рабіць?”

За новы расейскамоўны білет студэнт БДУ кожны курс навучаньня мусіць заплаціць 7 даляраў. За пяць курсаў — 35 даляраў. Усё гэта называецца экспэрыментам, вынікі якога Міністэрства адукацыі плянуе падсумаваць у красавіку наступнага году. Калі ён будзе прызнаны пасьпяховым, то русіфікацыя студэнтаў коштам саміх студэнтаў будзе пашыраная на ўсе вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG