Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАК І ІНШЫЯ ХВАРОБЫ МОЖНА БУДЗЕ ВЫЯВІЦЬ ПА ВАШЫМ ДЫХАНЬНІ


Кастусь Бандарук, Прага

Магчыма ўжо ў недалёкай будучыні візыт да лекара будзе нагадваць праверку кіроўцы на наяўнасьць алькаголю з дапамогай адмысловай трубкі. Аб гэтым паведаміла газэта Wall Street Journal.

Нядаўна амэрыканскія навукоўцы выявілі, што малекулы, зьмешчаныя ў адной порцыі паветра, якое мы выдыхаем, могуць дапамагчы выявіць шырокі спэктар захворваньняў уключна з астамай, ракам і нават шызафрэніяй.

У апублікаванай сёлета навуковай працы гаворыцца, што пры выяўленьні раку грудных залозаў, абсьледваньне дыханьня, па эфэктыўнасьці, можа спаборнічаць з традыцыйнай мамагарафіяй. Ужо праведзены некалькі дасьледваньняў, аднак навукоўцы працягваюць работу.

“Людзі глядзелі на мяне як на вар’ята, калі даведаліся, што я займаюся дасьледваньнем дыханьня,” – кажа Майкл Філіпс, прафэсар мэдыцыны Ньюёркскага мэдычнага цэнтру
“Валгала”. Цяпер Філіпс атрымаў на свае дасьледваньні некалькі грантаў ад Нацыянальнага інстытутуту аховы здароўя. Дзеля ажыцьцяўленьня сваёй ідэі ён стварыў кампанію Menssana Research Incorporated.

“Мы стаім на парозе новай тэхналёгіі. Абсьледваньне дыханьня хутка станецца стандартнай працэдурай”. Паводле Філліпса, ён праводзіць выпрабаваньні на выдыханым паветры з мэтай выяўленьня раку лёгкіх і грудных залозаў. Ён праводзіць пошук па малекулярных мадэлях, якія аказаліся пад уплывам кіслароднага стрэсу. Гэта стан, калі клеткі арганізму неэфэктыўна скарыстоўваюць кісларод. Шматлікія хваробы, у тым ліку рак падвышаюць узровень кіслароднага стрэсу. Вучоныя зьвязваюць таксама некаторыя малекулярныя мадэлі з такімі станамі, як шызафрэнія, і непрыйманьне арганізмам прышчэпленых органаў.

З часоў Гіпакрата лекары нюхалі чалавечае дыханьне, і неаднойчы гэткім чынам аркэсьлівалі стан здароўя пацыента. Непрыемны пах з вуснаў сьведчыць аб хваробе дзяснаў і зубоў, пах аміяку –аб праблемах з почкамі, а саладкаваты пах або пах фруктаў часта зьяўляецца сымптомам дыябету.

Новая эпоха ў дасьледваньні дыханьня распачалася ў 1970-ыя гады. Тады нобэлеўскі ляўрэат Лінус Полінг замарозіў выдых і падверг яго ўзьдзеяньню некаторых рэчываў ў працэсе газавай храматаграфіі. Ён выявіў дыхальныя “адбіткі пальцыў”, унікальныя арганічныя спалучэньні. У выніку зьявілася надзея на тое, што дасьледваньне дыханьня радыкальна зьменіць мэтады дыягнаставаньня.

Аднак зьявіліся і пэўныя праблемы. Выявілася, што выдыханае паветра цяжка эфэктыўна сабраць, і яшчэ цяжэй прааналізаваць. Толькі ў апошнія гады ўдалося знайсьці стандартны мэтад збору, і скарыстаць кампутарныя тэхналёгіі для інтэрпрэтацыі вынікаў. Цяпер вядома, што ў выдыханым паветры знаходзіцца каля 400 рэчываў, большасьць зь якіх яшчэ дакладна ня вывучаная.

Дыхацельны тэст на астму ўжо ўхвалены амэрыканскай Ўправай харчаваньня і лекаў, і праводзіцца швэдзкай кампаніяй Aerocrine Inc. Ён ацэньвае ўзровень вокісу азоту, які традыцыйна зьвязваецца са смогам. У невялікай колькасьці вокіс азоту знаходзіцца ў лёгкіх чалавека, але падвышаная канцэнтрацыя сьведчыць аб захворваньні. У сваю чаргу, зьніжэньне ўзроўню сьведчыць аб тым, што лячэньне аказалася эфэктыўным.

Прылада швэдзкай кампаніі, якая каштуе 43 тысячы даляраў, нагадвае звычайны кампутар, ад якога адыходзіць доўгая трубка. Прылада зьмешвае выдых пацыента з азонам, вылічвае сьвятло, якое выядзляецца ў працэсе хімічнай рэакцыі, а вынікі выводзіць на экран. Адно абсьледваньне каштуе 165 даляраў, аднак паводле кіраўніка кампаніі Трэвара Бурка, калі абсьледваньне будзе карыстацца большым попытам, цана зьнізіцца ў тры разы.

Пакуль новая тэхналёгія афіцыйна ня ўхваленая, але вучоныя працягваюць збор дадзеных. Навуковы часопіс Breast Journal апублікаваў вынікі дасьледваньня, у якім удзельнічала 201 жанчына. З дапамогай новай тэхналёгіівыяўлена 88% выпадкаў пухлінаў грудных залозаў, дакладана гэтулькі, што і пры мамаграфіі.

А зараз найноўшыя парады мэдычнай арганізацыі Real Age.

Згодна найноўшым дасьледваньням, магчыма існуе сувязь паміж бяссоньнем і захворваньнем на рак. Неадпаведны сон нэгатыўна ўплывае на гарманальную сыстэму, у прыватнасьці на два гармоны: картызол і мэлятанін. Картызол зьяўляецца гармонам стрэсу, узровень якога падвышаецца ў сытуанцыі напружанасьці і трывогі. У сваю чаргу мэлятанін зьяўляецца антыаксыдантам, які паўстрымлівае разьвіцьцё ракавых клетак. Калі Вы будзеце, у залежнасьці ад узросту, спаць здаровым сном ад 6 да 8 гадзінаў у суткі, Ваш біялягічны ўзрост будзе на 3 гады маладзейшым.

Калі Вы будзеце пераменна піць штодзень гарачую і ахалоджаную гарбату, гэткім чынам можна эфэктыўна зьнізіць Ваш узровень халестырыну. Згодна дасьледваньням, гарбата ў дадатак да нізкакалярыйнай дыеты, павялічвае на 8% абсорбцыю гэтак званага “дрэннага” халестарыну, у прыватнасьці ў кішэчніку. Гарбата зьяўляецца таксама багатай крыніцай фляваноідаў, чыя прысутнасьць у арганізьме вельмі карыснае для сэрца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG