“Звезда”, 1923 год:
“Пазбавілі рабочую сталоўку ЦРК па Інтэрнацыянальнай вуліцы ад балаганнай музыкі, празь якую нельга было спакойна паабедаць ці павячэраць, як грымнула новая бяда. У апошні час, асабліва ўвечары, калі зойдзеш павячэраць у гэтую сталоўку, дык цябе ахоплівае яшчэ большая агіда. Бачыш, як за якім-небудзь столікам, поўным размаітых прысмакаў і бутэлек піва, сядзяць нейкія маладзёны з прастытуткамі і пачуваюцца як дома… Ці дапушчальна гэта ў рабочай сталоўцы? Змагаючыся за новы побыт, кожны павінен ведаць, што згаданыя факты ёсьць зьлейшай спадчынай старога побыту, і найперш іх трэба зьнішчаць у месцах, якія наведваюць рабочыя”.
“Бацькаўшчына”, 1953 год:
“Беларуская палітычная думка, а за ёю й дзея на эміграцыі галоўным сваім астрыём накіраваны на абарону перад імпэрыялістычнымі пасяганьнямі расейскіх адзінанедзялімцаў, затое мала або й зусім не зьвяртаюць увагі на такія-ж пасяганьні з боку заходняга захопніка — польскага. І гэта зусім зразумела. Расейская небясьпека і большая, і больш актуальная. Расейцы ня прэтэндуюць толькі да часткі нашых этнаграфічных тэрыторыяў, як палякі, але меней, як усёй Беларусі, ня хочаць. Падругое, расейская адзінанедзялімаўская палітыка ў сёньняшні мамэнт вызначаецца асаблівым дынамізмам і ў палітычных колах заходняга сьвету стаіць ужо сяньня на парадку дня, тады як польскія пратэнсіі ўжо самім фактам вызнаньня лініі Кэрзона й прылучэньня Заходняй Беларусі да БССР у вачох Захаду сяньня ня маюць пад сабой ані фактычнага, ані юрыдычнага абаснаваньня”.
“ЛіМ”, 1983 год. Пісьменьнік Барыс Сачанка заўважае:
“Нашы беларускія мовазнаўцы аж занадта сьмелыя. Яны з рашучасьцю, вартай іншага прымяненьня, пішуць і гавораць, якое слова і адкуль прыйшло ў беларускую мову. Яшчэ больш сьмелыя тыя вучоныя, якія бяруцца тлумачыць, адкуль пайшла назва той ці іншай вёскі ці горада. Ёсьць у маім Хойніцкім раёне вёсачка Збынь. Нехта ня вельмі адукаваны да слова “Збынь” дадаў адну літару “і” і атрымалася “Ізбынь”. І вучоныя паддаліся на гэтую “вудачку” і трапілі пальцам у неба: “назва вёскі Ізбынь паходзіць ад рускага слова “ізба”… А на самой справе калісьці, калі ў нашых краях пракладвалі чыгунку, туды, на месца цяперашняй вёскі Збынь, людзі насілі збываць прадукты. Адсюль, ад слова збываць, і ўзьнікла Збынь”.