Яшчэ ў красавіку пачалі судзіць былога дырэктара Менскага трактарнага заводу Міхаіла Лявонава, і вось, калі ўжо стаў бачны фінал працэсу, пракутура зрабіла крок, які можа падоўжыць судовае разьбіральніцтва яшчэ на некалькі месяцаў. Каб патлумачыць, што адбылося, вярнуся на пачатак кастрычніка, калі было скончанае вывучэньне дакумэнтаў і трэба было пераходзіць да фінальнай стадыі працэсу — судовых спрэчак.
Тады абвінаваўцы раптам запрасілі перапынак, быццам неабходны для збору дадатковых доказаў віны Лявонава. І вось пасьля перапынку, 27 кастрычніка прадстаўнікі пракуратуры абвесьцілі, што вылучаюць новае абвінавачаньне экс-дырэктару МТЗ. Гэта дакумэнт на 137 аркушах. Самі пракуроры прызналі, што гэта збольшага “адрэдагаванае былое абвінавачаньне”, але зь некаторымі новымі момантамі. Мэты зьяўленьня новых момантаў яны не патлумачылі.
Абарона ж Лявонава лічыць, што новая рэдакцыя абвінавачаньня стала для іх падабароннага горшай, бо некаторыя доказы ў ім выкладзеныя больш расплывіста. “Прыкладам, паўсюль тэрмін “фактычная цана”. З дапамогай гэтага незразумелага тэрміну абвінавачаньне спрабуе даказаць, што завод мог купляць камплектныя па нізкай цане, гэтак званай “фактычнай”, але Лявонаў нібыта прымушаў купляць па штучна завышанай цане, і такім чынам ён накраў больш за 17 мільёнаў даляраў. “Гэта абсалютна бяздоказна, і да таго ж эканамічна непісьменна”, — заявіў адзін з абаронцаў Міхаіла Лявонава.
Таксама абаронцы зьвяртаюць увагу на тое, што павялічыўся эпізод аб няўплаце Лявонавым падаткаў. Аказваецца, што былы экс-дырэктар павінен быў заплаціць падаткі за скрадзеныя 17 мільёнаў даляраў. А паколькі ён гэтага не зрабіў, яму налічылі пэню ды штрафныя санкцыі памерам каля 4 мільёнаў даляраў.
Сам абвінавачаны новых прэтэнзіяў пракуратуры не прызнаў — так сама, як і былых. Вось што заявіў суду з мэталічнай клеткі Міхаіл Лявонаў:
(Лявонаў: ) “Тое, што сёньня адбылося, ёсьць агоніяй сьледзтва, якое збанкрутавала. Стала бачна, што сьледзтва ангажаванае абвінаваціць мяне ў любым выпадку, любымі сродкамі”, — заявіў Міхаіл Лявонаў.
Ён лічыць, што падчас судовага працэсу ягоная віна ў крадзяжы грошай з МТЗ, хабарніцтве і выкарыстаньні незаконных сродкаў не была даказаная. Паводле Лявонава, вэрсіі сьледзтва рассыпаліся, а даказальная база, сабраная пракуратурай, ёсьць фальсыфікацыяй.
Між тым, суд, як і патрабуе закон, вырашыў разабрацца з новымі абвінавачаньнямі пракуратуры да Міхаіла Лявонава. Яму і ягоным адвакатам дадзены тыдзень на вывучэньне гэтых дакумэнтаў. Ня выключана, што ў суд зноў пачнуць выклікаць сьведак.