Тэрмін мандату заканчваецца сёлета 31 сьнежня. Сам спадар Гайкен, паводле ягоных словаў, ня ведае, якім будзе гэтае рашэньне. Аднак лічыць, што было б карысным, каб місія АБСЭ ў Менску працавала і ў 2004-м. Ці зроблена з боку спадара Гайкена і ягоных калегаў усё, каб сумны досьвед папярэдняй місіі не паўтарыўся? На гэтае пытаньне спадар амбасадар адказаў наступным чынам:
(Гайкен: ) “Што да працы папярэдняй місіі, то я б сказаў, што мы маем ня толькі нэгатыўны досьвед у дачыненьні КНГ і ягонага мінулага кіраўніцтва. Аднак, я думаю, будзе лепш, калі мы ня будзем гаварыць пра мінулае. Калі ж казаць пра пачатак маёй працы — я прыехаў сёлета ў лютым, то для мяне было вельмі важна разбурыць той пэўны недавер, які, верагоднпа, існаваў на пачатку. Праца АБСЭ ў Менску мае палітычную сутнасьць. Размова ідзе пра дэмакратыю, прававы лад грамадзтва, правы чалавека — усё, што зьяўляецца асноватворным у мандаце менскага офісу АБСЭ. Гэта складаная справа. Тут трэба мець давер і трэба самому заслугоўваць даверу. Таксама трэба дзейнічаць асьцярожна. Аднак я думаю, што офіс АБСЭ — я і мае калегі знайшлі неабходны балянс”.
У сваю чаргу Беларусь, як і тры іншыя сябры Арганізацыі Бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе — Расея, Казахстан і Кыргыстан — выступілі зь ініцыятывай рэфармаваньня палявых місіяў АБСЭ ў бок яшчэ большага супрацоўніцтва зь мясцовымі ўрадамі. Як ставіцца да падобнага рэфармаваньня кіраўнік менскага офісу?
(Гайкен: ) “Я ведаю гэты дакумэнт. Там ёсьць прапанова, якая тычыцца практычных рэкамэндацыяў адносна працы офісу АБСЭ ў Беларусі. Але я хацеў бы ўсё ж устрымацца ад ацэнкі зьместу гэтага дакумэнту.Дакумэнт, як вы ведаеце, мусіць абмяркоўвацца ў Вене і ў Маастрыхце. І я не хацеў бы апярэджваць падзеі”.
Больш падрабязнае інтэрвію кіраўніка Менскага офісу АБСЭ слухайце ў нашых наступных праграмах. У размове са Свабодай Эбэргард Гайкен выказаў сваё меркаваньне адносна крытыкі беларускай апазыцыі на адрас цяперашняй місіі, распавёў пра супрацоўніцтва зь дзяржаўнымі структурамі й праваабарончымі арганізацыямі і пра тое, якім чынам менскі офіс вырашае задачы ў справе дэмакратызацыі Беларусі, зафіксаваныя ў мандаце.