Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: САЦЫЯЛЬНЫЯ ПАСЛУГІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Скуратовіч: ) “Асабіста я назіраў, як падчас рамонту вадаправоднай трубы спрабавалі яе прадуць, паднялі вельмі вялікі ціск, і ўся гэтая труба паднялася зь зямлі. Трэба ж улічваць, як гэта ўсё будавалася ў сельскай мясцовасьці. Ляпілася з таго, што было побач”.

З наступам маразоў адной з самых актуальных пабытовых праблемаў ёсьць холад у кватэрах. Нават калі ўключылі ацяпленьне і нават у цэнтральных раёнах сталіцы гэта шмат для каго застаецца праблемай, а што ўжо казаць пра правінцыю.

Наш экспэрт, эканаміст Канстанцін Скуратовіч жыве ў вёсцы Падігруша Смалявіцкага району. Калі ён чуе пра абавязковыя 18 градусаў цяпла, якія мусяць быць у кватэрах беларусаў згодна з урадавай пастановай, то адразу згадвае гэтую трубу, якая, разарваная, гэтак і ляжыць на ягонай вясковай вуліцы. І дагэтуль у Падігрушы няма ня тое што цэнтральнага ацяпленьня, але і вадаправоднай вады. Між тым, водазабесьпячэньне, як і цяпло, таксама ўваходзіць у пералік стандартаў, на якія мае права жыхар Беларусі. Але атрымліваецца, што быць гараджанінам у Беларусі — значыць мець адныя правы, а жыць у вёсцы — мець зусім іншыя.

Размову на гэтую тэму працягвае наш карэспандэнт Казімер Яноўскі, чые назіраньні назапашаныя падчас шматлікіх камандзіровак па Гомельшчыне.

(Яноўскі: ) “Нядаўна мне давялося быць у Ельску, раённым цэнтры на поўдні краіны. З кім бы ні распачынаў размову пра мясцовае жыцьцё, літаральна кожны ня лепшым чынам згадваў пра ўмовы свайго існаваньня. Адсутнічаюць нармалёвыя транспартныя зносіны ў горадзе, цяжка разьвіваць прадпрымальніцтва, дакучаюць розныя бытавыя нязручнасьці. Вось што, у прыватнасьці, распавяла жыхарка Ельску Алена Шубіч:

(Шубіч: ) “Лазьня ў Ельску — проблема №1. Няма дзе памыцца людзям! Такая лазьня, што нармалёвы чалавек туды ня пойдзе. Што яна ёсьць, што няма — аднолькава. Людзі скардзяцца і хочуць больш увагі. Вада дрэнная. У прыватным сэктары можна з калодзежу ўзяць той вады. А ў мікрараёне, які называецца 50 год СССР, вельмі часта пакутуюць ад іржы. Як чай вада, іржавая. І, відаць, не хапае магутнасьці водазабору: на пятым, чацьвертым, трэцім паверхах вады ўжо бракуе. Ні бялізны памыць, ні ежы прыгатаваць — нічога немагчыма”.

Ельск, зразумела, не выключэньне. Пра належныя бытавыя ўмовы для людзей шмат кажуць на розных узроўнях, але ніхто іх не гарантуе. Нязручнасьці іншым разам выпрабоўваюць людзей гадамі. Тая ж вада, перанасычаная жалезам, здароўя не дадае.

З надыходам халадоў востра паўстала пытаньне гарантаванага забесьпячэньня людзей цяплом. Яшчэ мінулай зімою 200 сямей з паселішча Якімава Слабада Сьветлагорскага раёну, пачынаючы з 4 студзеня, да самай вясны мерзьлі ў халодных кватэрах. З прычыны адсутнасьці нармалёвага цяпла амаль усю зіму быў зачынены дзіцячы садок.

Камунальныя службы спасылаліся на састарэлыя цеплавыя сеткі, непаладкі ў кацельні. Запэўнівалі, што за лета ўсё наладзяць. Аднак цяперашнія халады жыхары Якімавай Слабады зноўку сустрэлі ў сырых і халодных кватэрах. Гэтым разам камунальнікі кажуць, што цяпло будзе ў лістападзе. Альбо такі прыклад. У мястэчку Камарын, які знаходзіцца на мяжы чарнобыльскай зоны, у кватэрах з цэнтральных ацяпленьнем людзі, каб ня мерзнуць зімой, сталі будаваць звычайныя печкі. Паводле пасялковага савету, такіх месьцічаў у Камарыне каля 10 %”.

У Міністэрстве камунальнай гаспадаркі пра гэта кажуць, што ўвядзеньне стандартаў на ацяпленьне якраз і скіраванае на тое, каб палепшыць працу камунальных службаў. Бо калі яны не забясьпечваюць уведзеных стандартаў — гэта падстава для звароту ў суд. Маўляў, суды прымусяць камунальнікаў працаваць як трэба. Але Канстанцін Скуратовіч, прыкладам, у дзейснасьці гэтай меры сумняецца. Паводле яго, яна ня будзе працаваць у сельскай мясцовасьці да тае пары, пакуль там няма грошай. А гэта ўжо пытаньне агульнага эканамічнага курсу краіны.

(Скуратовіч: ) “Чым меншы населены пункт, тым цяжэй там гэтыя стандарты забясьпечыць. Большая частка грошай у камунальную гаспадарку ўкладаецца ў сталіцы, потым у абласных цэнтрах, у буйных гарадах. Гэты рэшткавы прынцып, які быў пра савецкай уладзе, дзейнічае і цяпер. А трэба даць магчымасьць разьвівацца жыцьцю на месцах. Праводзіць рэформу ў сельскай гаспадарцы, уводзіць там самакіраваньне, каб не панавала вэртыкаль, якая азіраецца толькі на Менск. Трэба разьвіваць прадпрымальніцтва, фэрмэрства. Тады пойдуць падаткі ў мясцовыя бюджэты. Вось у Польшчы асноўныя патрэбы мясцовага насельніцтва задавальняюцца зь мясцовых бюджэтаў, без усякага дачыненьня цэнтру”.

Таксама Канстанцін Скуратовіч выказваецца за праватызацыю камунальнай і бытавой сфэраў, бо лічыць, што толькі гэтак можна зьліквідаваць манаполію неэфэктыўных дзяржаўных прадпрыемстваў. Прыватызацыя мусіць прайсьці так, каб сярод новых пабытовых, гандлёвых фірмаў, прыватных камунальных службаў узьнікла канкурэнцыя за спажыўца, што забясьпечыць і якасьць паслугаў, і невялікія кошты. Паводле эканаміста Канстанціна Скуратовіча, гэта адзіны выпрабаваны міжнародным досьведам спосаб падтрыманьня высокіх стандартаў жыцьця — у тым ліку і стандартаў сацыяльных паслугаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG