У Салечніцкім раёне Літвы, на беларуска-літоўскай мяжы, гэтымі выходнымі затрыманая больш як 1000 літраў кантрабанднага сьпірытусу. Алькогаль быў разьліты па 5-літровых плястыкавых пляшках і “сплаўляся” з тырыторыі Беларусі ў Літву па плыні невялікай ракі, якая працякае празь лінію мяжы (р. Вярсікеле).
Дзяржаўная служба аховы мяжы Літвы паведаміла, што памежнікі Варэнскага адмысловага падразьдзяленьня ў часе патруляваньня заўважылі алькагольную кантрабанду, якая праплывала акурат у гэты час пад мастом на шляху між мястэчкамі Эйшышкі – Пурвэны. Гэтае месца – на адлегласьці прыкладна кілямэтру ад беларуска-літоўскай мяжы.
З ракі былі вылаўленыя 242 плястыкавыя пляшкі па 5 літраў, у якіх звычайна прадаецца мінэральная вада. Усяго кантрабанднага сьпірытусу гэтым разам было 1,210 літраў. Блізу гэтага месца на беразе быў знойдзены прыхаваны шэст з замацаваным кабелем, якім, відавочна, вылоўліваліся пляшкі.
Гэта ня першае выкрыцьцё алькагольнай кантрабанды зь Беларусі на гэтым месцы, дзе выкарыстоўвалася рачная плынь. Арыштаваных у гэтай справе няма, хаця, як перакананыя памежнікі, кантрабанда была знойдзеная на тым месцы, дзе яе звычайна пераймалі на літоўскім баку.
Апошнім часам заўважана значнае зьмяншэньне спробаў нелегальнага перасячэньня беларуска-літоўскай мяжы фізычнымі асобамі. Гэта вынік узмацненьня мяжы. Цяпер кантрабандныя грузы больш актыўна спрабуюць перапраўляць безь непасрэднага ўдзелу чалавека.
Пакуль выкрываюць досыць проста наладжаныя “кантрабандныя лініі” праз памежныя воды, напрыклад, падводную плястыкавую трубу, па якой перакачваецца алькаголь, альбо “сплавы” ў плястыкавай тары. Памежнікі адзначаюць, што ўсё радзей дзеля алькагольнай кантрабанды выкарыстоўваюцца шкляныя пляшкі, а таксама і 200-літровыя плястыкавыя бакі, яшчэ нядаўна даволі папулярная ў мясцовых кантрабандыстаў.
Ўсяго сёлета ў Літве памежнікі затрымалі амаль 24 тоны кантрабанднага алькаголю, зь іх больш за 22 тоны перапраўляліся у Літву зь Беларусі.