Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАДРАБЯЗНАСЬЦІ ПРА НОВЫЯ ПРАВІЛЫ ЛЯТАРЭІ GREEN CARD


Галіна Прыгара, Прага

Лятарэя Green Card штогод дае права легальнай іміграцыі у Злучаныя Штаты Амэрыкі прыкладна 50,000 чалавек з розных краінаў сьвету у тым ліку і зь Беларусі.

Сёлета лятарэя будзе праходзіць толькі праз інтэрнэт і заяўка будзе падавацца толькі у электроным варыянце. Асаблівыя патрабаваньні прад’яўляюцца цяпер і да фотаздымкаў удзельніка і членаў ягонай сям’і. Усё мусіць быць зроблена абавязкова згодна адмысловага стандарту ў электронным, лічбавым варыянце. Альбо праз сканер, альбо з дапамогай лічбавай фотакамэры. Анкеты, дасланыя звычайнаю поштай болей не прымаюцца.

Таксама сёлета ўпершыню за апошнія пяць гадоў у інструкцыях да лятарэі амэрыканскія ўлады ўскосна раяць удзельнікам лятарэі зьвяртацца па дапамогу ў адмысловыя фірмы, якія маюць кампутарных спэцыялістаў і дапамогуць правільна запоўніць анкету ўдзельніка.

Самая анкета ўдзельніка на адмысловай старонцы лятарэі DV-2005 пакуль не працуе і пачне працаваць толькі з 1 лістапада. Але ў Беларусі ўжо працуюць фірмы, якія будуць абслугоўваць удзельнікаў лятарэі, што самі ня могуць запоўніць анкету праз інтэрнет. Адну з такіх фірмаў у Менску наведала нашая карэспандэнтка Ганна Соусь.

(Соусь: ) “22-гадовы праграміст Валеры Сураеў чатыры разы ўдзельнічаў у гэтай лятэрэі, і летась яму пашанцавала – ён атрымаў “зялёную картку”. Раней Валеры некалькі разоў ездзіў у ЗША па студэнцкіх праграмах, у наступным годзе ён плянуе паехаць працаваць у штат Вісконсын.”

(Сураеў: ) “Я лічу, што кожны чалавек павінен верыць у сваю перамогу й браць удзел у гэтай праграме, бо гэта цудоўны шанец зьмяніць якасьць свайго жыцьця. Я дакладна яшчэ не ведаю, чым займуся ў ЗША, але мая прафэсія – праграміст – мае вялікі ўплыў на эканоміку ЗША, і мабыць я знайду добрае месца. Я пляную зьвязаць сваё жыцьцё зь Беларусьсю.

І буду вельмі рад, што атрымаў шанец пажыць і папрацаваць у ЗША некалькі гадоў, бо гэта дае досьвед. Калі чалавенк некалькі гадоў правёў у ЗША, ён ніколі ня зможа жаць несвабодна.”

(Соусь: ) “Валеры Сураеў працуе ў сакратарскай фірме “Інфалінія Green Card”, якая афармляе заявы для ўдзелу ў лятарэі. Фірма працуе ўжо тры гады, і за гэты час больш за 20 іх кліентаў атрымалі шанец працаваць і жыць у ЗША. Што непасрэдна да сёлетніх патрабаваньняў да ўдзелу ў лятарэі Green Card, то, па-першае, анкеты трэба падаваць у электронным выглядзе праз адмысловы сайт у інтэрнэце. Да анкетаў трэба дадаць лічбавыя фотаздымкі. Гаворыць іміграцыйны кансультант фірмы “Інфалінія Green Card” Марына Лыскавец.”

(Лыскавец: ) “Мы рыхтуем заяўку ў электронным выглядзе, апрацоўваем фотаздымак, адпраўляем усё ў неабходныя тэрміны. Пасьля перамогі мы імкнемся падрыхтаваць чалавека да будучай паездкі наступным чынам – прадастаўляем інфармацыйныя матарыялы аб адаптацыі ў ЗША, кансультуем аб знаходжаньні працоўнага месца і дапамагаем аформіць іміграцыйныя формы. Кошт нашых паслугаў для аднаго чалавека складае 24 тысячы 750 рублёў, а для сямейнай пары гэты адзіныя цэна – 34 тысячы 750 рублёў.”

(Соусь: ) “Паводле Марыны Лыскавец, абавязковае патрабаваньне для ўдзелу ў лятэрэі – сярэдняя ці вышэйшая адукацыя. Сямейны статус, прафэсія, фінансавы стан, узрост, веданьне мовы ня маюць значэньня. Пераможцаў выбірае кампутар.

Сярод тых, хто хоча ўзяць удзел у лятэрэі – людзі ўсіх узростаў, аднак з большага – гэта моладзь. Дзьмітры вучыцца на пятым курсе ўнівэрсытэту інфарматыкі й электронікі, падае заяву на Green Card упершыню.”

(Дзьмітры: ) “Праграма дае вялікія магчымасьці для маладых людзей уехаць за межы Беларусі, каб там зарабіць грошы, атрымаць міжнародны вопыт, а потым выкарыстаць яго ў Беларусі”.

(Соусь: ) “Дзьмітры пакуль рэальна не ўяўляе, якім чынам ён уладкуецца ў ЗША у выпадку выйграшу. Другі прэтэндэнт на Green Card – выпускнік эканамічнага ўнівэрсытэту 22-гадовы Аляксей мае больш канкрэтныя пляны.”

(Аляксей: ) “Спачатку праца можа быць як у студэнтаў – каля 7-8 даляраў за гадзіну, а потым будзе больш. Хочацца сябе рэалізаваць. Тым больш у мяне знаёмы тры разы спрабаваў, і на трэці раз усе атрымалася, і каля году ён ужо працуе ў ЗША.”

(Соусь: ) “Як патлумачылі мне ў “Інфалініі Green Card”, усім ўдзельнікам лятарэі трэба ведаць, што ў выпадку выйграшу ім даведзецца яшчэ зрабіць шэраг крокоў.”

(Сураеў: ) “Пасьля таго, як на ваш адрас прыйдзе пераможны пакет, пройдзе пэўны час, перш чым вы паедзеце ў ЗША. Вам трэба будзе прайсьці мэдычнае дасьледваньне, сабраць шмат дакумэнтаў і потым паехаць у Варшаву, каб прайсьці інтэрвію й там ужо атрмаць візу. Трэба ведаць, што гэта таксама каштуе грошай. Мэдычнае дасьледваньне будзе каштаваць каля 100 даляраў, іміграцыйная віза будзе каштаваць больш за 400 даляраў. Таксама трэба будзе за свой кошт набыць авіяквіткі ў ЗША, у адзін бок ён будзе каштаваць каля 300 даляраў.”

(Соусь: ) “Як паведаміў для радыё Свабода супрацоўнік фірмы “Інфалінія Green Card” Валеры Сураеў, летась 966 чалавек зь Беларусі атрымалі магчымасьць жыць і працаваць у ЗША. Паводле прагнозаў, прыкладная верагоднасьць выйгрышу сёлета – каля 5%. Пераможцы лятарэі змогуць уехаць у ЗША ў 2005 фінансавым годзе.”

Як паказвае статыстыка мінулых гадоў, выедуць на сталае жыхарства у ЗША, дакладней атрымаюць візу на выезд, толькі дзьве траціны, з тых хто перамаглі ў лятарэі. Галоўнае патрабаваньне амэрыканскага кансуляту ў Варшаве, што выдае візы на сталае жыхартсва, каб чалавек змог сябе сам забясьпечыць у новай краіне, каб меў ужо там працу, альбо людзей, якія змогуць яму дапамагчы па першым часе (патрабуецца нават ліст ад гэтах людзей), альбо каб у будучага імігранта было дастаткова грошай, каб уладкавацца у новай краіне.

Звычайна людзі, што гуляюць у лятарэю Green Card, мяркуюць паехаць у ЗША, каб зарабіць грошай, а жыць мяркуюць дома, у Беларусі. Такое, цяпер амаль што немагчыма. Хіба што толькі у выключных выпадках. Што такое Green Card? Гэта права на сталае жыхарства, якое праз поўныя пяць гадоў жыцьця у краіне дае права падаць заяўку і на грамадзянства ЗША.

Але цяпер з рэформай амэрыканскага іміграцыйнага ведамства ды пасьля падзеяу 2001 году, амэрыканскія ўлады зрабілі больш жорсткімі ўмовы для ўладальнікаў Green Card. Зараз сталы жыхар краіны, уладальнік Green Card, ня мусіць адсутнічаць на тэрыторіі ЗША больш як паўгады на працягу году, інакш ягоны статус можа быць зьліквідаваны. Такім чынам, тым, хто гуляе ў лятарэі Green Card варта настроіцца на тое, што ў выпадку выйгрышу трэба будзе ехаць стала жыць у ЗША, а ня ехаць проста на заробкі.

Сёлета ў жыхароў Беларусі, народжаных у Расеі, узьнікаюць пытаньні, што да ўдзелу ў лятарэі. Расея зараз выключаная з ліку удзельнікаў. Такім чынам народжаныя ў Расеі жыхары Беларусі ня маюць права ўдзельнічаць у сёлетняй лятарэі. Але тут ёсьць пэўныя акалічнасьці. Удзельнічаць можна з асаблівымі пазнакамі ў анкеце, згодна краіны паходжаньня бацькоў, калі гэта не Расея, альбо згодна краіны паходжаньня мужа ці жонкі.

І ў гэтым годзе і муж, і жонка могуць адправіць кожны сваю асобную анкету на ўдзел. Але нельга адпраўляць больш адной анкеты на аданго чалавека. Няправільна запоўненыя анкеты адразу ж будуць вернутыя назад з пазначанымі памылкамі. Памылкі можна будзе выправіць і яшчэ раз паспрабаваць зарэгістраваць анкету на удзел у лятарэі Green Card. Рэгістрацыя будзе зафіксаваная і вам прыйдзе паведамленьне аб гэтым. А паведамленьне аб выйгрышы, прыйдзе ужо звычайную поштай на пазначаны вамі ў анкеце адрас.

Гл. таксама артыкул УМОВЫ АМЭРЫКАНСКАЙ ЛЯТАРЭІ GREEN CARD ІСТОТНА ЗЬМЕНЕНЫЯ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG