Адзіным канкрэтным вынікам дзявятага паседжаньня беларуска-ўкраінскай міжурадавай камісіі, якое скончылася ў пятніцу ў Кіеве, можна назваць дамоўленасьць аб тым, што Беларусь будзе імпартаваць каля 5 мільярдаў кіляват-гадзінаў украінскай электраэнэргіі штогод. Пра гэта заявіў на выніковай прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве выканаўца абавязкаў віцэ-прэм’ера Беларусі Ўладзімер Сямашка. Паводле яго, украінская энэргія складзе 15% ад усяго аб’ёму, які спажывае Беларусь. Такім чынам бакі спрабуюць павялічыць паказьнікі двухбаковага таваразвароту, пра што падчас сустрэчы ў Кіеве 9 кастрычніка дамовіліся Аляксандар Лукашэнка і Леанід Кучма. Апошні заявіў тады, што яны даручылі разгледзець усе праблемныя пытаньні беларуска-ўкраінскіх стасункаў на супольнай камісіі да 1 лістапада.
Але галоўныя пытаньні засталіся не разьвязаныя. Генэрал-лейтэнант Паўлоўскі, які таксама знаходзіцца ў Кіеве, у інтэрвію “Интерфаксу” заявіў, што пытаньне дзяржаўнай мяжы Беларусі з Украінай наўпрост зьвязанае зь вяртаньнем украінскіх даўгоў Менску. “Самая простая дэмаркацыя беларуска-ўкраінскай мяжы будзе каштаваць ня менш за 7 мільёнаў даляраў, — сказаў генэрал-лейтэнант Паўлоўскі й дадаў: — Калі Ўкраіна знойдзе магчымасьць разьлічыцца зь Беларусьсю па запазычанасьці, можна разглядаць пытаньне ратыфікацыі дамовы аб мяжы ў парлямэнце”.
Хаця спадар Паўлоўскі падкрэсьліў, што Беларусь ёсьць адзінай на постсавецкай прасторы дзяржавай, якая ня мае тэрытарыяльных спрэчак з суседзямі, праблемных пытаньняў зь мяжой хапае, асабліва з Украінай. Акрамя дамовы аб мяжы, якую Аляксандар Лукашэнка не накіроўвае на ратыфікацыю ў Палату прадстаўнікоў ужо 6 гадоў, Кіеў скардзіцца на тое, што адмыслоўцы, якія абслугоўваюць закрытую Чарнобыльскую АЭС, губляюць шмат часу на беларускім памежным пераходзе “Камарын”, празь які яны штодня езьдзяць з гораду Славутыч у Чарнобыль і назад.
Да таго ж шмат праблемаў на мяжы маюць жыхары суседніх Гомельшчыны і Чарнігаўшчыны. Шмат гомельцаў маюць лецішчы ў Чарнігаўскай вобласьці, беларусы ды ўкраінцы часта езьдзяць да сваякоў празь мяжу. Генэрал Паўлоўскі прывёз у Кіеў праект паправак да міжурадавага пагадненьня аб парадку перасячэньня беларуска-ўкраінскай мяжы, кажа супрацоўнік прэсавага цэнтру памежных войскаў Беларусі Ўладзімер Несьцяровіч.
(Несьцяровіч: ) “Для шмат якіх жыхароў Гомеля і Чарнігава аказалася вельмі нязручным тое, што, па-першае, мала пунктаў пропуску, па-другое, гэтыя населеныя пункты не былі аднесеныя да памежных тэрыторыяў, і яны ня мелі права перасякаць мяжу праз пункты спрошчанага пропуску”.
Такіх пунктаў на гомельскім участку мяжы з Украінай пяць. Спадар Несьцяровіч кажа, што камандуючы беларускімі памежнымі войскамі спадзяваўся разьвязаць гэтую праблему, але…
(Несьцяровіч: ) “Ён упаўнаважаны быў весьці гэтыя перамовы, але наколькі гатовы ўкраінскі бок? Асабліва цяпер, калі ў іх там ускладненьні пэўныя ў керчанскіх справах…”
Дарэчы, як і Расея, Беларусь мае з Украінай і водны ўчастак мяжы — больш за 300 кілямэтраў.