Яшчэ напярэдадні шмат хто з журналістаў быў упэўнены, што "Гадзінай з прэзыдэнтам", як было названае мерапрыемства, не абыдзецца. Досьвед сьведчыць, што кіраўнік дзяржавы часта адыходзіць ад генэральнай лініі, з чаго часовыя рамкі істотна карэктуюцца.
Нават колькасьць пытаньняў (усяго іх было даслана блізу двух сотняў) паказвала, што гадзіна запатрабуецца хіба што дзеля разьмінкі. У пятніцу Лукашэнка ў прысутнасьці некалькіх дзесяткаў журналістаў гаварыў 3,5 гадзіны. Разьлік на большую аўдыторыю практычна ня спраўдзіўся, бо адначасовы ўваход на сайт president.gov.by некалькіх сотняў наведнікаў фактычна спаралізаваў працу прэзыдэнцкага сэрвэру: толькі зрэдку на маніторы прарывалася прэзыдэнцкая выява і ягоныя заявы пра непарушнасьць суверэнітэту краіны.
Чаму он-ляйнавая канфэрэнцыя не была падрыхтаваная найперш тэхнічна? Кіраўніцтва афіцыйнага інтэрнэт-правайдэру, "Белтэлекому", не выключала нават гакерскай атакі на сайт, аднак урэшце схілілася да думкі, што папросту не адпавядаюць тэхнічным патрабаваньням лініі камунікацыі і праграмнае забесьпячэньне прэзыдэнцкага сайту.
Кіраўнік парталу Тut.by Юрый Зісэр пракамэнтаваў:
(Зісер: ) "Пра існаваньне прэзыдэнцкага сайту наагул мала хто ведае. Я бачыў раз ці два — "самапал" рэдкасны; дызайн, мякка кажучы, пакідае жадаць лепшага, ня кажучы пра тэхнічныя магчымасьці."
Ад двух соцень пытаньняў, якія былі разьмешчаныя на форуме прэзыдэнцкага сайту, Лукашэнка пасьпеў адказаць ад сілы на паўсотню. Натуральна, што без увагі апынулася і маё пытаньне, якое тычылася кампутарных здольнасьцяў Лукашэнкі, як часта ён карыстаецца інтэрнэтам, колькі часу праводзіць у сеціве і г.д.
Палітоляг Уладзімер Падгол перакананы, што ўласна пытаньні ў часе падобных канфэрэнцый — справа пабочная; Лукашэнку зараз неабходная новая аўдыторыя. Натуральна, што ягоны асноўны электарат інтэрнэтам не карыстаецца.
(Падгол: ) "Гэтая форма размовы ня ёсьць рэвалюцыйнай, гэта проста выкарыстаньне ўсіх мажлівасьцяў сродкаў масавай інфармацыі. Як і на вайне, усялякая зброя мусіць быць задзейнічаная. Бо ўсё гэта — ідэалягічная барацьба, вайна".
(Карэспандэнт: ) "Ці дапускаеце вы варыянт, што пытаньні фільтраваліся?"
(Падгол:) "Натуральна. Дзеля гэтага ўсё і зроблена, каб потым у справаздачу ў тэлеэфіры пайшло тое, "што трэба". І тады атрымаецца нешта кшталту "Усё добра, цудоўная маркіза".”
Дарэчы, зьдзіўлене такой формай зносінаў выказаў і кампутарны адмысловец Юры Зісер. Але ён, прынамсі, усьцешаны, што ўпершыню ў Беларусі на дзяржаўным узроўні да інтэрнэту паставіліся з павагай.
(Зісер: ) "Шчыра кажучы, зьдзіўлены такой увазе, бо электарат Лукашэнкі у інтэрнэт ня ходзіць. Але гэта сьведчыць на тое, што прэзыдэнт разумее: усё больш народу імкнецца ў сеціва, і ігнараваць існаваньне інтэрнэту больш нельга. Уключна і таму, што інтэрнэт ня мае межаў і вельмі цяжка, практычна немагчыма, яго забараніць. Фільтраваць асобныя сайты, натуральна, можна, але ня ўсю плынь інфармацыі. Зьнішчаць на адным сайце, зьявіцца на іншым — усіх не "зафільтруеш", бо ў той жа Расеі сотні і тысячы сайтаў. У іншым выпадку гэта будзе цэнзура, як у Кітаі".
Новы законапраект аб СМІ, распрацоўка і прыняцьце якога на кантролі ў Лукашэнкі, не выключае ўраўнованьне ў абавязках электронных, друкаваных і інтэрнэт-выданьняў. У такім выпадку кітайскі досьвед барацьбы з інфармацыяй у сеціве можа быць цалкам запатрабаваным і ў Беларусі.