Стоячы на Кастрычніцкай плошчы непадалёк ад адміністрацыі Лукашэнкі, дзе адбывалася прэсавая канфэрэнцыя, я запыталася ў людзей: а якое пытаньне яны хацелі б задаць кіраўніку дзяржавы?
(Cпадарыня: ) “Калі мы будзем жыць лепей?”
(Спадар: ) “Ці будзе саюз з Расеяй канчатковы? Ці будзе агульны рубель расейскі? Вось што я хацеў бы запытаць. І калі ён дабаўку студэнтам да стыпэндыі дасьць?”
(Спадар: ) “Ніводнаму ягонаму слову я ня веру”.
(Карэспандэнтка: ) “А якое пытаньне б вы яму задалі?”
(Спадар: ) “Паўсюль падман. І чарговым падманам будзе тое, што ён сёньня будзе гаварыць”.
(Спадар: ) “Ці будзе ў нас з Расеяй адзіная валюта?”
(Спадар: ) “Навошта ён з Уладзімерам Уладзімеравічам Пуціным аб’яднаўся? Навошта яны вырашаюць, каб расейскі рубель перайшоў Беларусі? Нашто яму гэта патрэбна? Я лічу, што Беларусь павінна быць незалежнай ад Расеі”.
(Спадар: ) “Я б такое пытаньне задаў: калі ў яго будзе больш справаў, а ня словаў?”
(Спадар: ) “Якое ў нас будзе войска? Ці будзе нейкі сумесны кантынгент? Ці будуць тут расейскія вайскоўцы?”
(Спадарыня: ) “Пра што можна запытаць Лукашэнку? Мне падаецца, ён усё роўна ня ў стане даць людзям годную пэнсію і заработную плату”.
(Спадарыня: ) “Пытаньняў шмат. Мяне цікавіць, якая будзе палітыка ў дачыненьні да шматдзетных маці, якая будзе дапамога мацяркам? Усё, што тычыцца жанчын, бо гэта самыя галоўныя пытаньні”.
(Спадарыня: ) “Я б хацела запытаць, ці не плянуецца падвышэньне стыпэндыі студэнтам? А таксама пра тое, якія пэрспэктывы нас чакаюць з далучэньнем да Расеі”.
(Спадар: ) “Мы працуем у сельскай гаспадарцы. Якія пэрспэктывы тут, якія рэформы будуць праводзіцца?”
(Спадар: ) “Я запытаў бы, як будзе ісьці працэс зьяднаньня з Расеяй, што нас чакае, і як на гэта глядзіць наш прэзыдэнт? Ён выказваў свой пункт гледжаньня, і хацелася б, каб гэта было больш канкрэтна даведзена да нашага народу”.
(Спадарыня: ) “Запыталася б: калі яшчэ раз заробкі падвысіць пэдагогам, бо я — пэдагог. Што тычыцца палітыкі, то гэта справа мужчынаў”.
(Спадар: ) “Я яму ніякіх пытаньняў ня буду задаваць. Няхай што хоча, тое й робіць”.
Гэтак адказалі людзі на менскіх вуліцах на прапанову задаць пытаньне Аляксандру Лукашэнку.