Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 24 КАСТРЫЧНІКА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Звязда” , 1923 год:

“У нашым заканадаўстве існуе палажэньне, згодна зь якім рэкі можна эксплюатаваць толькі з дазволу мясцовай улады. Закон гэты даволі цяжка адбіваецца на бяднейшай частцы сялянства… Рыбакамі зьяўляюцца пераважна тыя сяляне, у якіх адчуваецца недахоп хлеба. Між тым закон забараняе лавіць рыбу. Да таго ж, міліцыя часам злоўжывае законам, адбіраючы ў сялян снасьці, а сёй-той за дазвол “палавіць рыбку” атрымлівае хабар. Я думаю, што гэты закон трэба адмяніць і дазволіць сялянам у пэўныя пэрыяды часу без усялякага дазволу лавіць рыбу ў рэчках, якія ня маюць рыбалоўна-прамысловага значэньня для дзяржавы”.

“Чырвоная змена”, 1963 год. Зь Віцебску:

“Днямі ў Палацы культуры домабудаўнічага камбіната адкрыўся ўнівэрсытэт камуністычнага выхаваньня моладзі. На першыя заняткі ва ўнівэрсытэце прыйшло больш як 450 маладых рабочых і служачых домабудаўнічага камбіната, завода радыёдэталяў, дывановага камбіната, шаўкаткацкай фабрыкі, панчошна-трыкатажнай фабрыкі “КІМ” і іншых прадпрыемстваў раёна. Заняткі ва ўнівэрсытэце будуць праводзіцца два разы ў месяц. Цяпер у гарадах і сёлах Віцебшчыны ёсьць 133 народныя ўнівэрсытэты сельскагаспадарчых, прававых, пэдагагічных ведаў, культуры, здароўя, тэхнічнага прагрэсу, у якіх навучаецца больш як 10 тысяч працоўных”.

“Свабода”, 1993 год:

“У Раду Эўропы Беларусь пакуль не прымаюць. Па той простай прычыне, што туды закрыты ўваход краінам, дзе няма дэмакратыі. Аднак, каб стымуляваць у нас разьвіцьцё дэмакратыі, Рада Эўропы запрашае ўдзельнічаць у сваіх асамблеях у Страсбургу і прадстаўнікоў нашага парлямэнту — у якасьці “спэцыяльна запрошаных”. Рада Эўропы ставіць толькі адну ўмову: каб у складзе дэлегацыі былі прадстаўнікі розных палітычных партыяў. Але наша намэнклятура і тут вырашыла схітраваць. Былы першы сакратар Дзяржынскага райкаму КПБ Ул.Гаркун запісаўся як прадстаўнік “Аграрнай партыі”, у “сацыял-дэмакраты” запісаліся Л.Козік, В.Кузьняцоў, І.Смоляр, а былы першы сакратар Наваградзкага райкаму КПБ Р.Унучка выдаў сябе за “цэнтрыста”. Толькі адзін дэпутат В.Голубеў праўдзіва напісаў, што ён належыць да Народнага Фронту”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG