Спадар Краўцоў быў арыштаваны КГБ Беларусі ў жніўні мінулага году паводле абвінавачаньня ў эканамічных злачынствах. Сёньня ў судзе было заслуханае канчатковае абваінавачаньне і пачаўся допыт падсуднага.
Сьледзтва лічыць вінаватым былога банкіра ў парушэньні артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць пакараньне за крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі і за злоўжываньне службовым становішчам. Максымальнае пакараньне паводле гэтых артыкулаў — 15 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.
Сьледзтва інкрымінуе спадару Краўцову пяць эпізодаў з агульнай сумай стратаў на 3,6 мільёну даляраў. Першы эпізод, які быў разгледжаны сёньня, зьвязаны з 1994–96 гадамі. Ён датычыць невяртаньня ў Менск адным з расейскіх банкаў 1 мільёну 800 тысяч даляраў крэдыту “Комплексбанку”. Зьвязаны зь ім і эпізод пра пакупку “Комплексбанкам” калекцыі тапазаў у якасьці гарантыі вяртаньня гэтага крэдыту. Як даводзіць сьледзтва, калекцыя тапазаў, якую купіў “Комплексбанк” за паўмільёну даляраў, каштуе ня больш як 105 тысяч. Сьледзтва лічыць, што такім чынам адбывалася выкраданьне грошай банку арганізаванай групай.
Яўген Краўцоў даводзіць, што гэты крэдыт быў вернуты, а ўсе запазычанасьці, што фігуруюць у эпізодзе, пазьней аплачаныя расейскім “Анэксімбанкам”.
Адвакат падсуднага банкіра Алег Дубавец кажа, што Яўген Краўцоў добра сябе адчувае, што не прызнае сябе вінаватым і аспрэчвае ўсе эпізоды абвінавачаньня. Зь нейкімі палітычнымі ацэнкамі судовага перасьледу ні сам Краўцоў, ні ягоны адвакат не выступаюць.