Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЫ – КЕПСКІЯ СУСЕДЗІ?

Тацяна Поклад, Вільня

Інфармацыйнае агенства БНС, а таксама сьвежы нумар аналітычнага штотыднёвіка “Veidas” падаюць вынікі апошняга апытаньня на тэму, каго ў Літве лічаць найлепшымі суседзямі. Рэпрэзэнтацыйнае апытаньне ладзіла незалежная арганізацыя па дасьледаваньні рынку і грамадзкае думкі “Spinter-tyrimai”.

Толькі 1,2% апытанных жыхароў Літвы назвалі добрым суседам Беларусь, якая мае амаль 700 км супольнай мяжы зь Літвой. Расею добрым суседам лічаць 7,7% апытаных. Амаль кожны трэці статыстычны літовец добрымі суседзямі лічыць Латвію і Польшчу.

Паводле дадзеных апытаньня, найлепш ацэньваюць Беларусь людзі старэйшага веку, а таксама жыхары вёсак і тыя, хто маюць ніжэйшую адукацыю.

Расею лепш ацэньвае моладзь, а найгорш – людзі старэйшага веку (тыя, каму болей за 56 гадоў).

Гэтыя дадзеныя абмяркоўваюцца сёньня на папулярным у Літве інтэрнэтным сайце Delfi.lt. Выказваюцца думкі, што самое пытаньне – хто найлепшы сусед – некарэктнае, бо, маўляў, “сусед ня бывае добрым”.

Сярод камэнтароў ёсьць нямала антыпольскіх, а адносна беларусаў гаворыцца: “Шкада, што зь беларусамі пакуль спадар Лукашэнка пры ўладзе нічога добрага ня будзе”.
XS
SM
MD
LG