Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЭСКІ ДЫПЛЯМАТ ЛІЧЫЦЬ, ШТО ПАЛЯПШАЮЦЦА ТОЛЬКІ БЕЛАРУСКА-ЧЭСКІЯ КУЛЬТУРНЫЯ АДНОСІНЫ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Часовы павераны ў справах Чэхіі Алеш Фойцік арганізаваў прэсавую канфэрэнцыю з нагоды нацыянальнага сьвята — Дня стварэньня ў 1918 годзе незалежнай Чэхаславацкай дзяржавы. Адносіны паміж афіцыйнымі Менскам і Прагай апошні час не былі цёплыя. Пасьля таго як амаль год таму чэскія ўлады не далі Аляксандру Лукашэнку візы, калі той хацеў прыехаць на саміт НАТО, беларускі кіраўнік пагражаў Чэхіі пагаршэньнем двухбаковых дачыненьняў. Ці сапраўды гэтыя адносіны пагоршыліся? Вось што сказаў спадар Фойцік:

(Фойцік: ) “Тут не было паляпшэньня. Гэта зусім іншае. Эўразьвяз з часу рэфэрэндуму 1996 году не прызнаў вынікаў ніякіх выбараў, што праходзілі ў Беларусі. Гэта ўсе цудоўна ведаюць. Значыць чакаем паляпшэньня — мы ня маем намеру пагаршаць”.

Пры гэтым часовы павераны ў справах Чэхіі дадаў, што і двухбаковыя эканамічныя стасункі далёка не найлепшыя. Чэскія бізнэсмэны асабліва не імкнуцца інвэставаць ў беларускую эканоміку. Хаця некаторыя і рызыкуюць. Паводле Алеша Фойціка, адзін з чэскіх банкаў цяпер разглядае магчымасьць даць Беларусі крэдыт на 2 мільёны даляраў.

Чэхія з 1 траўня 2004 году становіцца сябрам Эўразьвязу. Паводле Алеша Фойціка, прыкладна ў 2007 годзе яго краіна далучыцца да Шэнгенскага пагадненьня, а ў 2009 годзе — да зоны эўра. Але чэскі ўрад не плянуе прымаць нейкіх адмысловых праграмаў адносінаў зь Беларусьсю, як гэта зрабіла, напрыклад, Польшча. Часовы павераны сказаў, што Чэхія будзе разьвіваць роўныя адносіны з усімі краінамі, не аддаючы перавагі нейкай канкрэтнай. Такі падыход падаецца чэскаму дыплямату найбольш пасьпяховым і прадукцыйным.

Алешу Фойціку таксама задавалі пытаньне, ці ня варта было б Беларусі замест стварэньня саюзу з Расеяй імкнуцца ўступіць у Эўразьвяз. Часовы павераны лічыць, што кожная краіна абірае той шлях разьвіцьця, які ёй больш падабаецца.

Адрозна ад палітычнай і эканамічнай сфэраў, культурныя чэска-беларускія кантакты больш актыўныя. Так, 27 кастрычніка ў менскім Палацы Рэспублікі адкрыецца выстава твораў чэскай мастачкі Марцэлы Фойцікавай — жонкі чэскага дыплямата. Алеш Фойцік таксама сказаў, што па часе ў Менску адбудзецца фэстываль чэскіх дзіцячых фільмаў, а таксама заплянаваныя арганізацыя шэрагу выставаў і выступы музыкаў з Чэхіі.
XS
SM
MD
LG