Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАБРУЙЧАНКА ЛЮБОЎ САНКЕВІЧ АДМАЎЛЯЕЦЦА СПЫНІЦЬ ГАЛАДОЎКУ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

Сёньня дваццаць трэці дзень галадоўкі Любові Санкевіч. Бабруйчанка трэці год змагаецца за аднаўленьне на працы на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў і за справядлівае расьсьледаваньне ў дачыненьні да кіраўніцтва прадпрыемства, якое Любоў Санкевіч абвінавачвае ў злоўжываньнях. Яна зьвярталася ва ўсе магчымыя ўстановы з запытамі й цяпер дамагаецца дапамогі ад апошняй, як яна лічыць, інстанцыі — ад Аляксандра Лукашэнкі.

Учора пасьля затрыманьня насупраць будынку адміністрацыі Лукашэнкі Любоў Санкевіч з прычыны высокага ціску накіравалі ў менскі шпіталь №2. Ёй аказалі першую дапамогу і параілі зьяжджаць у Бабруйск ды зьвяртацца ў мясцовыя мэдычныя ўстановы. За час галадоўкі яе не наведвалі бабруйскія дактары, і толькі аднойчы мэдсястра пацікавілася, ці зрабіла жанчына ўсе належныя прышчэпкі і флюараграфію.

Любоў зьвярнулася да свайго кіраўніцтва (яна працуе касіркай у лазьні) з просьбай даць ёй адпачынак за свой кошт з прычыны пагаршэньня стану здароўя, аднак у гэтым ёй адмовілі. Жанчыне, якая галадуе, трэба выходзціь на працу ў суботу, і хаця сілаў не стае, Любоў вырашыла не ісьці насуперак патрабаваньняў адміністрацыі, бо асьцерагаецца звальненьня.

Спадарыня Санкевіч адмаўляецца спыніць галадоўку — нягледзячы на тое, што ранейшыя звароты ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі не далі вынікаў. Яна патрабуе хаця б пачаць новае расьсьледаваньне ў справе яе звальненьня. “Я не магу больш зносіць хлусьні чыноўнікаў”, — гаворыць жанчына.

Любоў Санкевіч таксама паведаміла Свабодзе, што дзьве яе партнэркі ў акцыях пратэсту, бабруйчанкі Яніна Аўсянік (яна таксама была ўчора затрыманая ў Менску) і Ева Ўсьцімчук, якія патрабуць ад уладаў справядлівасьці ў вырашэньні іх жыльлёвай праблемы, таксама рыхтуюцца да галадоўкі на знак пратэсту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG