Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКІ ГЕНЭРАЛ ЗАДАВОЛЕНЫ, ШТО ДАПАМАГАЕ БЕЛАРУСІ


Юры Сьвірко, Менск

Генэрал-маёр Лутц на сустрэчы з журналістамі ў Менскім міжнародным цэнтры ІВВ, дзе праходзіць сэмінар НАТО, падкрэсьліў, што Паўночна-атлянтычны альянс цяпер перажывае трансфармацыю. У НАТО будзе менш камандаваньняў і менш войскаў. Паводле генэрала Лутца, пасьля падзеньня Бэрлінскай сьцяны ў 1989 годзе і тэрактаў у ЗША ў 2001-м у сьвеце зьявілася новая плятформа супольных каштоўнасьцяў, прынцыпаў і стратэгіяў. “Гэтая плятформа існуе ў Арганізацыі бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ), у якой паўнапраўнымі сябрамі ёсьць ня толькі ўсе краіны НАТО ды Эўрапейскага Зьвязу, але таксама Беларусь”, — нагадаў нямецкі генэрал.

Генэрал Лутц у сваёй прамове закрануў і тэму 60-й гадавіны зьнішчэньня менскага гета, якая адзначаецца менавіта ў гэтыя дні.

(Лутц: ) “Для мяне як нямецкага афіцэра, які належыць да пасьляваеннага пакаленьня, і для маіх нямецкіх калегаў, што дапамагаюць мне ў гэтай падтрымцы Беларусі з боку НАТО, гэта ёсьць як глыбока прачулым абавязкам, гэтак і задавальненьнем — тое, што мы можам аказаць нашыя паслугі беларускім партнэрам у гэты час, які супадае з гадавінай тых жахлівых дзеяньняў, якія былі зробленыя ў гэтай краіне немцамі ды ў імя немцаў”.

Сэмінар НАТО стаўся першым мерапрыемствам такога кшталту, якое праведзенае на тэрыторыі Беларусі за амаль 10 гадоў існаваньня праграмы “Партнэрства дзеля міру”. На маё пытаньне, чаму такія сэмінары не праводзіліся раней і якія зьмены дазволілі цяпер яго правесьці, генэрал Лутц адказаў гэтак: “Для нас няважна тое, што было ў мінулым — больш важна тое, што будзе далей”. А намесьнік начальніка Генэральнага штабу беларускіх узброеных сілаў генэрал-маёр Пятро Ціханоўскі на той жа прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што Менск пацьвярджае “свой намер інтэграцыі ў агульнаэўрапейскія структуры бясьпекі”.

(Ціханоўскі: ) “Беларусь імкнецца да пашырэньня ўзаемадзеяньня з Альянсам у пытаньнях бясьпекі, улучна з палітычнымі кансультацыямі ў рамках Рады эўраатлянтычнага партнэрства і “Партнэрства дзеля міру”, удзел у працы асноўных органаў НАТО, штабныя перамовы з прадстаўнікамі штаб-кватэры і камандаваньняў НАТО наконт шырокага спэктру пытаньняў супрацоўніцтва, а таксама ўдзел у супольных вайсковых вучэньнях, трэніроўках і курсах”.

Генэрал-маёр Эрнст Лутц правёў у Менску афіцыйныя сустрэчы з кіраўнікамі міністэрстваў абароны й замежных справаў, а таксама дзяржсакратарыяту Савету Бясьпекі Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG