Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК СКЛАЛІСЯ ЛЁСЫ БЕЛАРУСКІХ ЗАКЛАДНІКАЎ НА ДУБРОЎЦЫ?

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Людміла Багачова памерла ў маскоўскай бальніцы, як і больш за 100 іншых закладнікаў. Мая размова з закладніцай Вольгай Золінай, мэдыкам, пачалася са згадкі Людмілы Багачовай і разважаньняў пра тое, чаму ўжо пасьля вызваленьня загінула столькі чалавек.

(Золіна: ) “Канечне, павінны былі далучыць вайсковых мэдыкаў. Бо выкарыстоўваўся газ і, безумоўна, газ баявы, пра які ня ведаюць цывільныя мэдыкі. Другое, не ўлічылі, што людзі за тры дні знаходжаньня ў памяшканьні бязь ежы, без паветра былі аслабленыя. Відаць, падумалі, што газ разыдзецца, людзі прадыхаюцца і ўсё будзе добра. А трэба было літаральна побач на плошчы разгортваць вайсковы шпіталь і там адразу аказваць першую дапамогу. Тады ахвяраў было б менш”.

Сама Вольга Золіна амаль месяц праляжала ў шпіталі ў Маскве, а потым лячылася яшчэ ў Менску. Яна лічыць, што ёй трэба было прайсьці дадатковае мэдычнае абсьледаваньне, але часу і сілаў на гэта не хапае. Раней Вольга працавала галоўным акушэрам Менскай вобласьці, але ў яе не зусім склаліся дачыненьні з новым начальствам, давялося звольніцца.

Вольга лічыць, што ўскоснае дачыненьне да гэтых зьменаў меў і “Норд-Ост”: “Магчыма, я стала больш прынцыповай і рашучай. Ва ўсялякім разе, раней я бы змаўчала, а тут выказалася пра ўсё, з чым была ня згодная”, — кажа Вольга Золіна. Цяпер яна працуе ў трэцяй клінічнай бальніцы Менску і марыць пра час, калі ўзначаліць там гінэкалягічнае аддзяленьне.

А вось яе сяброўка Тацяна Ткачук па-ранейшаму працуе ў Менскім абласным радзільным доме. У яе сямігадовы сын Ільля, яны з мужам думаюць пра нараджэньне яшчэ аднаго дзіцёнка, але пасьля “Норд-Осту” здароўе ў Тацяны яшчэ не наладзілася, і яна не рызыкуе. Хаця, кажа, што мары не пакідае.

Сярод закладнікаў “Норд-Осту” былі муж і жонка Савіцкія, Віктар і Ганна. Пасьля апэрацыі па вызваленьні яны абодва прачнуліся ў адным шпіталі, але выпісаліся зь яго не адразу. Потым быў пэрыяд рэабілітацыі ў Менску, лячэньне ў беларускім санаторыі “Крыніца”. Цяпер Ганна працуе ў стаматалягічнай паліклініцы, яе муж — у кампаніі “Белавія”. “Збольшага ў нас усё нармалёва, жыцьцё увайшло у звычайную каляіну. А пра “Норд-Ост” гаварыць ня любім. Паміж сабой нават не згадваем”, — кажа Віктар Савіцкі.

Былая жыхарка Гомелю Вольга Протас стала жыве ў Маскве, вучыцца ў прэстыжнай маскоўскай гімназіі. І добра вучыцца, кажуць яе бацькі. Яшчэ яны паведамілі, псыхалягічную траўму яна залячыла, цяпер Вольга — жыцьцярадасная дзяўчына, пра якую ніколі не падумаеш, што яна была ў закладніках, на мяжы жыцьця і сьмерці.

Патрэба перамагчы ўнутраны боль ад перажытага прымусіла зноў пайсьці на працу ў дзіцячы садок закладніцу Ларысу Краўцову з Магілёва, якая паводле ўзросту ўжо пэнсіянэрка. “Дзеці не дазваляюць засяродзіцца на дрэнных успамінах, яны лепш за любыя лекі”, — прызналася нядаўна журналістам Ларыса Краўцова.
XS
SM
MD
LG