Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ


Ул. інф.

Некалькі датаў палітычнага календара. 23 кастрычніка 1956 году ў Вугоршчыне пачалося антысавецкае паўстаньне. Гэта была дэманстрацыя салідарнасьці з рэфарматарскімі сіламі ў Польшчы. Дэманстранты пратэставалі супраць паскоранай індустрыялізацыі і калектывізацыі на савецкі капыл. Дзеля застрашваньня паўстанцаў у Будапэшт былі ўведзеныя савецкія войскі.

23 кастрычніка 1979 году супраць чэскага пісьменьніка Вацлава Гаўла і яшчэ пяці дысыдэнтаў было выстаўленае абвінавачаньне ў падрыўной дзейнасьці. Пісьменьніку давядзецца паспытаць за свае перакананьні турмы, каб пасьля стаць сусьветна вядомым інтэлектуалам і ўрэшце быць абраным на прэзыдэнта Чэхіі.

23 кастрычніка 1991 году быў афіцыйна распушчаны КГБ СССР. На ягонай базе створана Фэдэральная служба бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі. У былых савецкіх рэспубліках на месцы КГБ паўсталі свае ўласныя нацыянальныя службы бясьпекі. І толькі ў Беларусі КГБ працягвае сваё існаваньне.

Цяпер – пра біяграфіі знакамітых людзей.

Сёньня спаўняецца 180 гадоў з дня нараджэньня пісьменьніка Адама Плуга. Сапраўднае прозьвішча яго было Антон Пяткевіч і на сьвет ён зьявіўся ў вёсцы Замосьце, недалёка ад мястэчка Грэск на Случчыне. Калі хлопцу было восем гадоў, сям'я пераехала на Нёман, у вёску Жукаў Барок. Неўзабаве ў гэтыя ж мясьціны прыехаў жыць і яшчэ адзін літаратурны клясык – Уладзіслаў Сыракомля. Ідылічная беларуская прырода і вясковы быт настолькі зачаравалі двух пісьменьнікаў, што ў выніку адзін зь іх узяў сабе падкрэсьлена сялянскі псэўданім – Адам Плуг, а другі заслужыў ад чытачоў імя вясковага лірніка. Адам Плуг рэдагаваў у Варшаве часопіс “Каласы“, быў галоўным рэдактарам “Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыкляпэдыі“. Публіка зачытвалася ягонымі аповесьцямі, сюжэты якіх аўтар браў зь беларускага вясковага жыцьця.

А яшчэ 23 кастрычніка ў 1834 годзе ў Менску нарадзіўся беларускі паўстанец Ян Ваньковіч. Ён скончыў лясны інстытут у Пецярбургу і стаў працаваць лясьнічым у Белавескай пушчы. А калі пачалося паўстаньне 1863 году пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, узначальваў Берасьцейскі паўстанцкі атрад і ня раз уступаў у бой з карнікамі. Пасьля разгрому паўстаньня мусіў уцякаць за мяжу. Усё астатняе жыцьцё Ваньковіча прайшло ў Парыжы і Кракаве.

23 кастрычніка ў розныя гады прыйшлі на сьвет Ігнат Лаёла, які заснаваў каталіцкі ордэн езуітаў, італьянскі дзіцячы пісьменьнік Джані Радары і кароль футболу бразылец Пэле. Ягонае сапраўднае імя Эдсан Арантэс да Насымэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG