(Дракахруст: ) “Спадар Коэн, на думку шэрагу экспэртаў Захад, прынамсі Злучаныя Штаты, могуць дамагчыся зьменаў у беларускай палітыцы, калі будуць дзейнічаць праз Москву. Але здаецца, што тут узьнікае складаная дылема: зьвяртаючыся да Масквы з такімі просьбамі, Вашынгтон тым самым легітымізуе расейскі ўплыў у Беларусі. Расейцы могуць сказаць: “Вы просіце нас паўплываць на Лукашэнку? Добра, мы паўплываем”. І паўплываюць так, што Беларусь апынецца ў Расеі. Як Вашынгтон вырашае гэтую дылему?”
(Коэн: ) “Перш за ўсё я хачу сказаць, што Вашынгтон не жадаў бы страты Беларусяй сваёй незалежнасьці. Вашынгтон менш за ўсё хоча бачыць зьмены status quo што да межаў на тэрыторыі былога СССР. Пры гэтым, безумоўна, існуе занепакоенасьць беларускімі эксцэсамі ў галіне правоў чалавека, парушэньнем эўрапейскіх нормаў дэмакратыі і гэтак далей. Але яшчэ раз падкрэсьлю – status quo што да незалежнасьці і захаваньня межаў – гэта прыярытэт.
Што тычыцца гандлю зброяй і кантактаў з Іракам Садама Хусэйна, то ў Вашынгтоне гэта успрымалася такім чынам, што ня толькі Лукашэнка хацеў, але ў пэўнай ступені і Масква хацела мець напаўнезалежны канал гандлю зброяй, на які потым можна будзе ўскласьці ўсю адказнасьць.
У Вашынгтоне былі спробы, калі з боку Расеі гаварылася пра далучэньне Беларусі ў якасьці шасьці губэрняў. Мяркую, што такія ідэі сутыкаюцца ў Вашынгтоне з супрацівам. Але пры гэтым гаворыцца, я дакладна цытую: "Лукашэнка Пуціна зусім дастаў. Лукашэнка абвінавачваецца ў тым, што ён усур'ёз зьбіраецца балятавацца на пасаду прэзыдэнта Расеі ў 2008 годзе. Але як гулец на палітычным полі Расеі Лукашэнка раздражняе Пуціна".
Калі Лукашэнку можна памяняць на лідара, які павядзе Беларусь па шляху дэмакратычных рэформаў, па шляху інтэграцыі з Захадам, сапраўднага дэмакрата, калі такі лідар знойдзецца, і Масква будзе яму дапамагаць – гэта адная справа. Далучэньне ў якасьці шасьці губэрняў і расейскі сьцяг над Берасьцем – гэта іншая справа. Ёсьць ангельская прымаўка “д’ябал хаваецца ў падрабязнасьцях”. У залежнасьці ад гэтага і будзе фармавацца пазыцыя Вашынгтону.”
(Дракахруст: ) “Ці правільна я зразумеў Вас, што калі Масква ня будзе дамагацца, так бы мовіць, расейскага сьцягу над Берасьцем, але паставіць у Беларусі на палітыка, які будзе прарасейскім дэмакратам, то Вашынгтон дасьць на гэта cart blanche, а тое і будзе дапамагаць такой зьмене?”
(Коэн: ) “Не, я мяркую, што cart blanche не даецца і садзеяньня ня будзе. Я лічу, што вызначэньне "прарасейскі" не зусім карэктна ў тым разуменьні, якое ёсьць у Вашынгтоне. Дэмакрат мусіць быць беларускі, але дэмакрат, скіраваны на добрыя адносіны, з Эўропай, з Амэрыкай і з Масквой. Я лічу, што ніводзін беларускі палітык ня можа сабе дазволіць кепскіх адносінаў з Масквой і з прычыны газу, і з прычыны прарасейскай скіраванасьці вялікай часткі беларускага грамадства, і ўрэшце проста таму, што ў Беларусі ёсьць вялікі і моцны сусед. Але гэта ў любым выпадку мусіць быць чалавек, якога ня будуць успрымаць, як стаўленіка Масквы.”
(Дракахруст: ) “У беларускай афіцыйнай прапагандзе і ў прамовах самога кіраўніка краіны часам гучаць тэзы пра тое, што Злучаныя Штаты могуць паспрабаваць дамагчыся палітычных зьменаў у Беларусі сілаю, напрыклад, робіцца ланцужок “Югаславія-Ірак-Беларусь”. Дарэчы, нядаўна ў Беларусі прайшлі шырокамаштабныя вучэньні, на якіх як раз адпрацоўвалася супрацьдзеяньне апэрацыі кшталту той, якую Злучаныя Штаты правялі ў Іраку. Наколькі рэалістычным Вам падаецца такі сцэнар?”
(Коэн: ) “Вашынгтон ня будзе пэцкацца, каб ваеннымі сродкамі скінуць Лукашэнку толькі дзеля таго, каб яго скінуць. Калі з тэрыторыі Беларусі будзе сыходзіць нейкая пагроза, скажам, калі Лукашэнка разьмесьціць на тэрыторыі Беларусі лягер “Аль-Каеды”, тады раней ці пазьней гэтага лягеру ня будзе. Разумееце, калі чалавек пакутуе ад недахопу ўвагі да яго, ён пачынае прыцягваць гэтую ўвагу. Ён думае, што падвышае свой аўтарытэт як палітык, як абаронца, як бацька, калі гаворыць пра тое, што ўсе яго ненавідзяць і маюць нейкія злавесныя пляны супраць Беларусі наагул і супраць яго, дарагога, у прыватнасьці. Гэта – няпраўда. Можа быць, раз на год Бушу на стол кладзецца нейкі мэмарандум наконт Лукашэнкі.”
Гэта быў амэрыканскі палітоляг, супрацоўнік дасьледнага цэнтру The Heritage Foundation Арыэль Коэн.
The Heritage Foundation (“Фонд спадчыны”) – дасьледная і адукацыйная амэрыканская арганізацыя, створаная ў 1973 годзе. Місія фонду сфармуляваная як адстойваньне кансэрватыўных палітычных поглядаў.
Дасьледваньні фонду прысьвечаныя такім праблемам, як барацьба з тэрарызмам, стратэгічная стабільнасьць, рэгіянальная бясьпека.
Напачатку 1980-х гадоў распрацоўкі The Heritage Foundation сталіся адным з інтэлектуальных падмуркаў “кансэрватыўнай рэвалюцыі” прэзыдэнта Рональда Рэйгана.