Беларускія афіцыйныя мэдыі, асабліва нацыянальная тэлевізія, падалі як неаспрэчны факт тое, што Літва нібыта прызнае незаконна створаны беларускі парлямант, гэтак званы Нацыянальны сход Беларусі, і ўсю беларускую афіцыйную уладу.
Пра гэта піша сёньня адзін з найбуйнейшых штодзёньнікаў Літвы – “Рэспубліка”. Чатыры літоўскія парлямантары ў часе свайго візыту ў Беларусь гаварылі пра тое, што зьяўляюцца піянэрэмі ў аднаўленьні міжпарляманцкіх дачыненьняў Літвы і Беларусі. У гэтым літоўскія мэдыі спасылаюцца на рэпартажы радыё Свабода, якія перадаваліся зь Менску.
Па вяртаньні ў Літву дэпутаты мусілі тлумачыць парляманту, што адбывалася у часе візыту, на які не было афіцыйнага дазволу Сойму Літвы. Паводле парлямантароў, яны не падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, і ўсё што яны гаварылі ў Беларусі, было ня больш як даніна ветлівасьці, якая вымагала “пахваліць гаспадара”.
Празь незалежныя СМІ сталася вядома, што ў Беларусі гэтая “ветлівасьць” выглядала як абяцаньні афіцыйнага прызнаньня дыктатарсакага рэжыму. “Рэспубліка” піша, што быў абраны надзвычай зручны для афіцыйнага Менску час дзеля візыту “камунараў” – так цяпер называюць у Літве чатырох дэпутатаў ад сацыял-дэмакратычнай фракцыі пасьля беларускага падарожжа.
Антанас Шымкунас піша, што менавіта цяпер, калі “і Ўсход, і Захад адштурхоўвае ад сябе беларускі рэжым”, калі дыктатура рыхтуе “грандыёзную праграму ўсеагульнай ідэалягічнай прапаганды ”, афіцыйны Менск хапаецца за любую магчымасьць заманіць гасьцей і паказаць, што ў сьвеце з рэжымам лічацца. Гэта таксама зьяўляецца адной з задачаў новае ўсеагульнай ідэалягічнай праграмы рэжыму.
Тым часам, піша “Рэспубліка”, той жа афіцыйны Менск абвінавачвае цяпер Літву, як і іншыя суседнія краіны – Польшчу і Ўкраіну – у тым, што яны ствараюць вакол Беларусі радыётранслятары дзеля ўзмацненьня магчымасьцяў СМІ, незалежных ад афіцыйнай прапаганды, – і што на гэта заходнія краіны нібыта ўжо вылучылі 600 тысячаў даляраў. Як выглядае, гэтага афіцыйны Менск зь літоўскімі “камунарамі” ў часе іхнага візыту не абмяркоўваў – замест гэтага ладзіліся падарожжы у паказальныя калгасы.