Эндру Гарднэр – брытанскі журналіст, рэдактар інтэрнэтнага часопісу Transitions Online, які асьвятляе падзеі ў краінах Усходняй Эўропы і былога Савецкага Саюзу.
(Знаткевіч: ) “Ці лічыце Вы, што ўплыў хрысьціянства на Эўропу мусіў бы быць узгаданы ў эўрапейскай канстытуцыі?”
(Гарднэр: ) “Так, я лічу, што прэамбула эўрапейскай канстытуцыі, ці прынамсі праекту эўрапейскай канстытуцыі, непасьлядоўная і гістарычна памылковая. Яна прызнае культурны, рэлігійны і гуманістычны ўплыў Грэцыі, Рыму, пэрыяду Асьветніцтва – і натуральна, усё гэта вельмі важныя ўплывы на сучасную Эўропу. Але ў той жа час, там нічога не гаворыцца пра рэлігію. Чаму ня ўзгадваецца хрысьціянства? Юдаісцка-хрысьціянская традыцыя без сумневу ёсьць вызначальнай у інтэлектуальным разьвіцьці Эўропы – – яна праходзіць і праз Заходнюю Эўропу і праз праваслаўную частку Эўропы.
Верагодна, прычына ў тым, што стваральнікі канстытуцыі не хацелі закранаць балючыя кропкі ў прадстаўнікоў іншых рэлігіяў. Але я лічу гэта абсурдам. Бальшыня прадстаўнікоў рэлігійных меншасьцяў, якія прыяжджаюць у Эўропу, ведаюць, што эўрапейскія краіны хрысьціянскія паводле каранёў, але сёньня ў асноўным сьвецкія.”
(Знаткевіч: ) “Некаторыя дасьледчыкі, напрыклад, амэрыканец Самуэль Гантынгтан, адносяць праваслаўныя краіны да асобнай цывілізацыі, адрознай ад рэшты Эўропы. Ці лічыце Вы, што такія краіны, як Румынія ці Баўгарыя, якія маюць далучыцца да Эўразьвязу ў 2007 годзе, будуць мець сур'ёзныя праблемы з аб'яднаньнем?”
(Гарднэр: ) “Ня толькі Гантынгтан лічыць праваслаўе асобнай цывілізацыяй. Калі паглядзець на прэамбулу праекту Эўрапейскай Канстытуцыі, там узгадваецца Асьветніцтва. Гэты пэрыяд аддзяляе праваслаўную Эўропу ад Заходняй Эўропы нават болей чым схізмы.
Схізмы – гэта пытаньні розных абрадаў, літургіяў, рознай царкоўнай ўлады, але тут шмат агульнага. Аднак падчас пэрыяду Асьветніцтва ў 17-18 стагодзьдзях Заходняя Эўропа, каталікі і пратэстанты, пачалі ставіць пад сумнеў уладу царквы, уладу дзяржавы, кіруючыся такімі паняткамі як прыродны закон, чалавечы розум і навуковая ісьціна. Гэтае разуменьне чалавечага жыцьця і паводзінаў ужо меней канцэнтравалася вакол Бога і ўлады.
Натуральна, ёсьць адрозьненьні паміж больш індывідуалісцкімі пратэстанцкімі краінамі і каталіцкімі. Але пэрыяд Асьветніцтва аб'ядноўвае і пратэстантаў і каталікоў. Праваслаўная царква, праваслаўная Эўропа, ня мелі нічога параўнальнага. Фактычна, Эўразьвяз робіць такое ж адрозьненьне, як і Гантынгтан. Натуральна, розная інтэлектуальная гісторыя робіць пратэстанкую, каталіцкую і праваслаўную Эўропы адрознымі.
Праваслаўная Грэцыя мела свае цяжкасьці з інтэграцыяй ў Эўропу. Але я ўсё ж лічу, што прычыны праблемаў больш мясцовыя і спэцыфічныя для кожнай краіны. Яны маюць больш сацыяльнага і палітычнага характару, чым наўпрост культурнага ці рэлігійнага. Напрыклад, тая ж Грэцыя перажыла ваенную хунту і спатрэбілася вялікае фінансаваньне з боку Эўразьвязу, каб паскорыць яе інтэграцыю ў Эўропу. Спэцыфічная міжземнаморская культура Грэцыі таксама абцяжарвала інтэграцыю з рэштай Эўропы. Магчыма, гэта было настолькі ж важна, як і спадчына, якую Грэцыя атрымала ад праваслаўнай царквы.”
(Знаткевіч: ) “Той жа Гантынгтан праводзіць мяжу цывілізацыяў празь Беларусь і Ўкраіну. Ці лічыце вы, што гэтыя дзьве краіны могуць далучыцца да Эўразьвязу ў прадказальнай будучыньні?”
(Гарднэр: ) “Я думаю, што тут ключавы панятак – “прадказальная будучыня”. Прынамсі для мяне прадказальная будучыня сканчаецца сыходам украінскага прэзыдэнта Кучмы, які, я думаю, адбудзецца ў наступным годзе, а таксама сыходам ці скіданьнем Лкуашэнкі. Відавочна, што ніводная з гэтых дзьвюх краінаў ня мае шанцаў далучыцца да Эўразьвязу пакуль гэтага не адбудзецца. Пасьля гэтага усё будзе вызначацца рэформамі, якія правялі краіны Цэнтральнай Эўропы, і якіх Беларусь ды Ўкраіна пазьбягалі цягам дзесяцігодзьдзя. Няма ўпэўненасьці, што ў Беларусі ды Ўкраіне будуць лідары, якія пакажуць такую ж прыхільнасьць да рэформаў, якую мы пабачылі ў Цэнтральнай Эўропе. Я думаю, што без дэманстрацыі такой прыхільнасьці да дэмакратыі, няма шанцаў пачаць перамовыі аб далучэньні да Эўразьвязу.”
(Знаткевіч: ) “Ці лічыце Вы, што ў будучыні да Эўразьвязу далучацца краіны, дзе гістарычна не пераважала хрысьціянскае насельніцтва?”
(Гарднэр: ) “Вельмі цікавае пытаньне. Я чытаў артыкул Крыса Патэна, камісара Эўразьвязу ў замежных стасунках. Дык вось, ён заклікае Эўразьвяз даць сяброўства балканскім краінам. Сярод балканскіх краінаў – збольшага мусульманская Альбанія і часткова мусульманская Босьнія. Гэта можа быць Патэнава асабістае меркаваньне, але гэта частка больш шырокай тэндэнцыі – разглядаць Эўропу праз стратэгічныя рэгіёны, а не праз індывідуальныя асаблівасьці, у тым ліку культурныя ды рэлігійныя, кшталту праваслаўя ці каталіцтва. Я думаю, што загаловак артукулу Патэна быў вельмі паказальны – "Апошняя складанка-галаваломка Эўропы".
Гэта тычыцца папярэдняга пытаньня – можна зрабіць выснову, што Беларусь і Ўкраіну не разглядаюць як часткі гэтай складанкі. Гэта адлюстроўвае няўпэўненасьць: чаго ж насамрэч жадаюць Беларусь і Ўкраіна – ці яны хочуць усё большай інтэграцыі з Эўразьвязам, ці больш шчыльных сувязяў з Расеяй.
Іншая вялікая краіна, якую варта ўзгадаць – гэта Турэччына. Я думаю, што гэтая краіна – сама па сабе ёсьць рэгіёнам. Я ня бачу ў яе шанцаў далучыцца да Эўразьвязу, як бы таго не жадалі Злучаныя Штаты Амэрыкі.
(Знаткевіч: ) “У будучай Эўропе якіх кампрамісаў Вы чакаеце паміж краінамі, які маюць сур'ёзныя адрозьненьні, канфлікты каштоўнасьцяў, – да прыкладу, Польшча, якая забараняе аборты, і Галяндыя, якая дазваляе аднаполыя шлюбы?”
(Гарднэр: ) “Гэтыя пытаньні вельмі горача абмяркоўваюцца ў Польшчы ды ў Славаччыне. Славацкі прэзыдэнт Шустэр адхіліў законапраект наконт абортаў, і гэта вельмі сур'ёзна ўплывае на пазыцыі ўраду. Гэта вельмі важныя пытаньні, але яны ўсё ж застануцца ў кампэтэнцыі нацыянальных дзяржаваў ды іхных Канстытуцыяў. Так адбылося ў Ірляндыі, дзе працягваюцца дэбаты наконт абмежавальных законаў аб разводах і абортах. Абодва законы застаюцца ў сіле, хоць Ірляндыя далучылася да Эўразьвязу ўжо даўно. Я ня думаю, што лібэралізацыя ў выніку далучэньня да Эўразьвязу – гэта пытаньне блізкай будучыні.
Але ёсьць дзьве прычыны, якія могуць саслабіць пазыцыі кансэрватараў. Па-першае, людзі, верагодна, усё часьцей будуць зьвяртацца ў Страсбурскі Эўрапейскі суд ў правох чалавека ці ў іншыя суды са скаргамі на нацыянальнае заканадаўства. І палітыкам давядзецца рабіць зьмены, якіх яны не жадаюць рабіць бяз прымусу з боку судзьдзяў. Па-другое – і я лічу, што гэта пытаньне бліжэйшага часу, чым першы фактар – зьмены, што адбудуцца, калі памрэ Папа Ян Павал ІІ. Я лічу, што каталіцкая царква верагодна зробіцца нашмат менш кансэрватыўнай ў сацыяльных пытаньнях. Папа Ян Павал ІІ атрымаў прызнаньне за ягоны прагрэсіўны і актыўны падыход да палітыкі ва Ўсходняй Эўропе ў канцы 1980 гадоў. Але ён вельмі кансэрватыўны ў пытаньнях сям’і, кантрацэпцыі і гэтак далей. І я думаю, што зь ягонай сьмерцю палітыка каталіцкай царквы ў гэтых пытаньнях зьменіцца.”
(Знаткевіч: ) “Некаторыя дасьледчыкі лічаць, што ў будучай Эўропе такі панятак, як сям'я фактычна зьнікне, шлюб зробіцца чыста фармальнай інстытуцыяй. Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэтыя прадказаньні?”
(Гарднэр: ) “Калі пагледзець на статыстыку Заходняй Эўропы, то можна пабачыць, што колькасьць шлюбаў зьмяншаецца, а колькасьць разводаў расьце. Але я лічу, што ня ў гэтым асноўнае пытаньне. Большасьць з нас ўжо цяпер паходзяць зь сем'яў, якія паводле абставінаў ёсьць у нечым нетрадыцыйныя. У Заходняй Эўропе гэта могуць быць разводы, каханкі ў кагосьці з сужэнцаў ці нешта іншае. Ва Ўсходняй Эўропе могуць быць дадатковыя прычыны – раньнія сьмерці падчас Другой усясьветнай вайны, сьмерць ў ГУЛАГ’у; у цяперашні час гэта можа быць міграцыя. напрыклад з Заходняй Украіны ў Чэхію. Усё гэта стварае нетрадыцыйныя сямейныя абставіны. Але ключавое пытаньне: ці не губляем мы пачуцьцё салідарнасьці, пачуцьцё адказнасьці за дзяцей, за тых, хто ад нас залежыць, ці ня робімся мы большымі нарцыстамі? Гэтае пытаньне шмат цяпер абмяркоўваецца ў Вялікай Брытаніі. Відавочна, што існуе такая небясьпека, і нам трэба шукаць шляхі заахвоціць людзей да адказнасьці, да большай салідарнасьці.
Яшчэ адно прадказаньне – нізкі ўзровень нараджальнасьці ў Эўропе і старэньне насельніцтва зруйнуюць традыцыйную павагу да старэйшых, бо зменшыцца прапорцыя працаздольнага насельніцтва, якому давядзецца ўтрымліваць астатніх.
Я думаю, што відавочна існуе такая верагоднасьць. Кансэрватызм старэйшага пакаленьня на Захадзе падарваў павагу да старэйшага пакаленьня ў 1960-я гады. Гэтым разам будзе ўсё болей старых людзей і ўсё меней маладых, і на маладых ляжа большы цяжар. Я думаю, гэта выкліча абурэньне. Каб гэта прадухіліць і каб захаваць жыцьцяздольнасьць сыстэмы, людзям давядзецца пагадзіцца працаваць на 5-10 гадоў больш, чым яны працуюць цяпер. Я думаю, што ў любым выпадку іх прымусяць урады.
У Заходняй Эўропе сацыяльны кантракт паміж чальцамі сям'і быў перапісаны Другой усясьветнай вайной і зьяўленьнем гэтак званых "дзяржаваў дабрабыту" (welfare state). Пад сацыяльным кантрактам маецца на ўвазе разуменьне, што маладыя будуць клапаціцца пра старых. На Захадзе прынята, што старыя будуць жыць самастойна, пакуль яны фізычна здольныя клапаціцца пра сябе, а потым большасьць зь іх пойдзе ў прытулак для старых. Але цяпер давядзецца перапісваць гэтую пасьляваенную канцэпцыю, што дзяржава будзе клапаціцца пра нас ад калыскі да сьмерці. Асноўны цяжар ляжа на асобу – чалавеку давядзецца самому забясьпечваць сабе фінансавыя сродкі на старасьць, але магчыма і сем’ям давядзецца браць на сябе больш адказнасьці.”
(Знаткевіч: ) “Ці лічыце Вы, што аб'яднаная Эўропа здолее захаваць роўнасьць паміж мовамі дзяржаваў-сябраў Эўразьвязу?”
(Гарднэр: ) “Існуе шмат практычных прычынаў, чаму варта было б абмежаваць колькасьць афіцыйных моваў Эўразьвязу. Па-першае, кошты. Вельмі дорага перакладаць тысячы і тысячы дакумэнтаў. Ужо цяпер у Эўразьвязе 15 краінаў, а з наступнага году будзе 25. Іншы абсурдны момант – не прызнаваць, што ангельская мова "больш роўная", чым, напрыклад, швэдзкая. Шмат якія краіны ўжо фактычна ўжываюць ангельскую як мову зносінаў з іншымі. Напрыклад, швэдзкія і дацкія бізнэсоўцы міжсобку ў асноўным размаюляюць па-ангельску, хоць іхныя мовы досыць падобныя. Але ня думаю, што ангельская стане адзінай афіцыйнай мовай Эўразьвязу. Афіцыйнымі мовамі дакумэнтаў застануцца мовы вялікіх краінаў Эўразьвязу – француская, нямецкая, гішпанская, італьянская – магчыма ў будучыні польская, але наўрад ці.”
(Знаткевіч: ) “Гэта тычыцца дакумэнтаў. Але ці лічыце Вы, што нацыянальныя мовы малых краінаў здолеюць захаваць свае пазыцыі на тэлебачаньні, ў жывой культуры?”
(Гарднэр: ) “Ёсьць шмат пэсымістаў у моўным пытаньні, і шмат каму не да спадобы гэтая перавага ангельскай. Напрыклад, французам не падабаецца распаўсюд ангельскай мовы. Я асабіста ня ёсьць пэсымістам у пытаньні моваў і нацыянальных культураў. У Эўразьвязе рэгіёны захоўваюць уладу, і я ня бачу рызыкі зьнішчэньня рэгіянальных адметнасьцяў. Вельмі шмат залежыць ад канкрэтнай краіны. Напрыклад, Ісьляндыя прыкладае вельмі шмат намаганьняў, каб захаваць сваю мову, нягледзячы на свой малы памер. Таму я ня бачу тут праблемы.”