Бабруйчанкі Любоў Санкевіч, Ева Ўсьцімчук, Галіна Гусева і Яніна Аўсянік свой прыезд у Менск называюць апошнім шанцам дамагчыся справядлівасьці пасьля таго, як ім адмовілі ва ўсіх іншых адміністрацыйных і судовых інстанцыях. Зь ліпеня 2001 году яны пішуць заявы ў адміністрацыю прэзыдэнта, каб патрапіць на прыём да Аляксандра Лукашэнкі й распавесьці яму пра ўсе чыноўніцкія і судовыя несправядлівасьці. Спадарыня Санкевіч хоча аднавіцца на працы на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў, на знак пратэсту яна галадае дваццаць два дні.
(Санкевіч: ) “За што мне жыць? Я за кватэру грошы аддаю і ўсё. Якая розьніца, дзе я галадаю? Альбо я заявіла пра гэта і галадаю, альбо я жыла ўсе гэтыя тры гады не даядаючы”, — сказала Любоў Санкевіч.
Яе сяброўка Галіна Гусева спыніла галадоўку на шаснаццаты дзень пасьля таго, як стан яе здароўя рэзка пагоршыўся, але нягледзячы на гэта, яна таксама паехала ў Менск да прэзыдэнцкай адміністрацыі. Яна патрабуе вяртаньня выплачаных грошай за кватэру, якую ёй прадпрыемства “Фандок” так і не дало:
(Гусева: ) “Яны павінна нам аддаць маё выплачанае. Дзеці ж галадалі, пяцера дзетак пяць гадоў галадалі, паўгалодныя жылі, але мы выплацілі, і мы засталіся ні з чым”.
Галіна Гусева зазначыла, што яна ўжо нікому ня верыць, у тым ліку А.Лукашэнку.
Ева Ўсьцімчук патрабуе аднаўленьня на працы, кватэры і дастойнага заробку, які абяцаў перад выбарамі А.Лукашэнка:
(Усьцімчук: ) “Так, сто даляраў. Я, напрыклад, атрымліваю трыццаць даляраў на дваіх з сынам, бо яго нікуды нельга ўладкаваць”.
Яніна Аўсянік выхоўвае дзіця-інваліда і стаіць на чарзе на атрыманьне жытла ўжо 17 гадоў:
(Аўсянік: ) “І нават нягледзячы на гэта, мяне проста абышлі самым нахабным чынам. І кватэры атрымалі чыноўнікі гораду. А мы так і жывем у інтэрнаце”.
Чатыры стомленыя жыцьцём бабруйскія жанчыны наважыліся на адчайны крок — правесьці ў Менску насупраць адміністрацыі Лукашэнкі несанкцыянаваную акцыю пратэсту. Яны дасталі напісаны на белай тканіне лёзунг з надпісам, што патрабуюць сутрэчы з А.Лукашэнкам ужо тры гады. Гэты лёзунг пратрымаўся ў іх руках роўна дзьве хвіліны, пакуль не падышлі супрацоўнікі АМОНу.
(Супрацоўнік АМОНу: ) “Пакажыце, пакажыце, калі ласка, што гэта ў вас?”
(Санкевіч: ) “Кашуля гэта мая, зьменная… Я галадаю і буду галадаць — пакуль не памру, калі прэзыдэнт ня хоча сустрэцца з намі, каб даведацца, якая праўда ў нас за сьпіной дзеецца, значыць, памру. Хочаце, пасадзіце мяне ў турму, я прайшла ўсё, што можна было прайсьці, Мінюст дае хлусьню, маю справу перапісалі ў судзе”.
Пратэстоўніцы замітусіліся, спрабавалі пакінуць Кастрыніцкую плошчу, але яшчэ адзін нарад АМОН перагарадзіў ім дарогу да мэтро. Як вынік, Любоў Санкевіч і Яніну Аўсянік затрымалі й даставілі ў Цэнтральны райаддзел міліцыі Менску. Разам зь імі былі затрыманыя назіральнік ад Беларускага Хэльсынскага камітэту Юры Грыгор’еў, рэжысэр Руслан Зголіч і карэспандэнт Радыё Свабода.
Пасьля гадзіннага разьбіральніцтва міліцыянты ўсіх адпусьцілі без складаньня пратаколаў. А Руслана Зголіча і Любоў Санкевіч хуткая дапамога адвезла ў шпіталь. У абодвух лекары зафіксавалі падвышаны ціск. Галадоўніца Любоў Санкевіч знаходзілася ў стане, блізкім да гіпэртанічнага крызу, але афіцыйна абвесьціла міліцыі й лекарам, што будзе працягваць галадоўку і адмовіцца ад лекаў, пакуль зь ёй не сустрэнецца А.Лукашэнка.