Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КГБ ЗАТРЫМАЎ НЕКАЛЬКІХ АДКАЗНЫХ СУПРАЦОЎНІКАЎ МАБІЛЬНАГА АПЭРАТАРА “VELСOM”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Прадпрымальнік Андрэй С. прыйшоў у офіс “Velсom” на вуліцы Мельнікайтэ, каб актывізаваць роўмінг напярэдадні чарговай паездкі ў Нямеччыну. Андрэй ужо ведае пра затрыманьні КГБ шэрагу адказных супрацоўнікаў кампаніі і падазрае, чым гэта скончыцца:

(Андрэй: ) “Значыць, падымуць кошты, вось і ўсё. Кампанія МТС раскручвалася і зьніжала тарыфы, у адказ “Velсom” таксама зьнізіла кошты — і адразу на яе пачаўся наступ”.

Пасьля Андрэя ў офіс увайшоў падпалкоўнік міліцыі ў суправаджэньні яшчэ двух чалавек у цывільным, але маё пытаньне пра мэту іх візыту яны праігнаравалі й не пажадалі назваць сябе. Адмовіліся кантактаваць з журналістам і супрацоўнікі кампаніі. З твараў іх было бачна, што яны ўстрывожаныя тым, што адбываецца вакол “Velсom”, але выконваюць загад захоўваць маўчаньне.

Колькі супрацоўнікаў затрымана, хто яны паводле службовага становішча і ці не зьвязаныя гэтыя затрыманьні са спробамі дзяржавы атрымаць кантроль пакет акцыяў “Velсom”? КГБ Беларусі, сьледчыя якога вядуць крымінальную справу, хавае ў сакрэце гэтую інфармацыю. Прэсавы сакратар Аляксандар Базанаў тлумачыць гэтую сакрэтнасьць наступнай прычынай:

(Базанаў: ) “Цяпер якраз вызначаецца кола фігурантаў: хто будзе абвінавачаны, хто сьведка, а каго ўвогуле адпусьцяць, бо высьветліцца, што яны ня маюць дачыненьня да справы”.

Аляксандар Базанаў паведаміў, што крымінальная справа заведзеная паводле артыкулу аб крадзяжы ў асабліва буйных памерах праз злоўжываньне службовым становішчам. Адказнасьць за гэтае злачынства — да 15 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці. Аляксандар Базанаў дадаў, што пэўную ролю ва ўзбуджэньні крымінальнай справы адыграў мытны камітэт, зьвесткі якога зарыентавалі сьледчых КГБ. Такім чынам, парушэньні могуць тычыцца перамяшчэньня празь мяжу абсталяваньня фірмы. Паводле Базанава, затрыманыя займаліся пэўнага кшталту “вышэйшай матэматыкай ” і важкімі справамі.

Прадстаўнік КГБ абверг вэрсію пра тое, што затрыманьні нібыта зьвязаныя зь нядаўнімі спробамі дзяржавы атрымаць кантрольны пакет фірмы. Паводле Базанава, распрацоўка фігурантаў справы пачалася яшчэ на пачатку году.

Кампанія “Velсom” мае амаль 600 тысяч абанэнтаў, што амаль удвая больш, чым у найбліжэйшага канкурэнта сярод апэратараў мабільнай сувязі Беларусі. “Velсom” — сумеснае беларуска-кіпрыйскае прадпрыемства, у якім непасрэдна беларускай дзяржаве належыць 31% акцыяў. Аднак на пачатку кастрычніка ўрад паставіў задачу Міністэрству сувязі павялічыць гэты пакет да кантрольнага, што без натхненьня сустрэлі ў фірме. Яе генэральны дырэктар Юры Акімаў спрабаваў апэляваць да эканамічных меркаваньняў. “Пры малым унёску ў статутны фонд і інвэстыцыі дзяржава мае несувымерна вялікія прыбыткі”, — абараняўся Юры Акімаў. Цяпер кіраўнік фірмы ўстрымліваецца ад камэнтароў.

Цяперашні паварот гэтай гісторыі ў выглядзе крымінальнай справы шмат хто лічыць спробай узяць пад кантроль фінансавыя патокі, якія ідуць праз “Velсom”, а гэта штогоду больш за 100 мільёнаў даляраў. Старшыня беларускага Саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа таксама лічыць, што на першым месцы — эканамічныя прычыны:

(Патупа: ) “Velсom” зрабіў вельмі добрую сыстэму, уклаў вялікія інвэстыцыі, таму паводле лёгікі беларускай дзяржавы, самы час прыбраць фірму сабе”.

Паводле Аляксандра Патупы, дзяржава імкнецца манапалізаваць рынак мабільнай сувязі, што прывядзе да росту коштаў паслугаў і зьніжэньня іх якасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG