Два дні таму ў Рэспубліканскім выстаўным цэнтры была прэзэнтаваная кніга “Ў паслушніцтве адданы”, дзевяноста пяць аўтараў якое распавядаюць пра гэтыя гады дзейнасьці ўладыкі Філарэта.
Мітрапаліт Філарэт (сьвецкае імя Кірыл Варфаламеевіч Вахрамееў) быў прызначаны ў адзіную тады ў Беларусі Менскую праваслаўную япархію 10 кастрычніка 1978 году указам Сьвятога Сыноду Расейскай праваслаўнай царквы. Сваю дзейнасьць тут ён пачаў з актыўнае адбудовы і пашырэньня царкоўных структураў, зь якіх у 1989 годзе быў утвораны сынод Расейскай праваслаўнай царквы ў Беларусі, а мітрапаліт Філарэт прызначаны экзархам.
Вось што пра той час узгадвае старшыня міжнароднай грамадзкай арганізацыі “Беларуская пэрспэктыва” і актыўная прыхажанка Пятрапаўлаўскага сабору ў Менску Валянціна Трыгубовіч:
(Трыгубовіч: ) “Я яго памятаю з 1988 году. Тады сьвяткавалася тысячагодзьдзе хрышчэньня Русі, і ён выйшаў да інтэлігенцыі на сустрэчы ў Палацы прафсаюзаў. І гэта была такая, па тым часе, шокавая сытуацыя, таму што ўпершыню інтэлігенцыя мела магчымасьць адкрыта сядзець і слухаць сьвятара такога высокага рангу, які гаварыў паважна, спакойна, мудра, зразумела, які знаходзіў водгук у нашых душах.
У пачатку 1990-х, калі такая была хваля беларусізацыі па ўсёй краіне, на царкву гэта таксама зрабіла пэўны ўплыў. Ну, скажам, быў такі крок: вяртаньне сьвятароў — этнічных беларусаў з абшараў былога Савецкага Саюзу ў Беларусь. На вялікі жаль, беларусы — такія людзі, што вяртаньне іх на радзіму не прывяло да таго, што яны сталі змагарамі за беларускую ідэю ці за беларускасьць у царкве. Яны вярнуліся і працягвалі тут справу сваёй кананічнай Расейскай праваслаўнай царквы”.
Тады ж пры экзархаце была створаная камісія ў справе перакладу на беларускую мову кананічных тэкстаў Сьвятога Пісьма. У яе быў запрошаны вядомы перакладчык Васіль Сёмуха. Ягонае творчае супрацоўніцтва з экзархатам і мітрапалітам Філарэтам было непрацяглае.
(Сёмуха: ) “Яшчэ на пачатку нашай працы ён выступаў са сваімі заявамі пра беларускае “наречие” і пра тое, што робіцца пераклад і што гэта будзе экзамэн беларускай мове на сталасьць. І яшчэ там шмат чаго было, пасьля чаго я парваў усе адносіны зь імі і працаваў сумесна з аўтакефальнаю царквою і хрысьціянскаю місіяй у Таронта”.
Поўны пераклад Васіля Сёмухі “Бібліі” выйшаў без удзелу Расейскае праваслаўнае царквы ў Беларусі і не выкарыстоўваецца ёю ў багаслужбах. За рэдкім выняткам беларускай мовы ў праваслаўных храмах зусім не пачуеш. Але гэта — не адзіная прычына, чаму беларускія інтэлігенты не хінуцца да праваслаўя, гаворыць Валянціна Трыгубовіч.
(Трыгубовіч: ) “Калі яны прыходзяць у царкву, то нават у штодзённых малітвах гучыць спачатку ўслаўленьне Расеі, а потым на другім пляне гучыць Беларусь. І такім чынам чалавек губляе свае арыенціры, ён знаходзіцца нібыта ў сваёй краіне і адначасна падпарадкуецца волі другой краіны. Праваслаўная царква ў кожнай краіне павінна быць царквой гэтай краіны. А мы як бы не зьяўляемся вернікамі й жыхарамі сваёй краіны, мы — падданыя, духоўна падданыя іншай краіны”.
На думку Васіля Сёмухі, небеларускасьць праваслаўнае царквы ў Беларусі наўпрост зьвязаная зь яе актыўнай роляй у стварэньні гэтак званае саюзнае дзяржавы. За што царква атрымлівае фінансаваньне зь дзяржаўнага бюджэту Беларусі, а мітрапаліт Філарэт быў узнагароджаны нядаўна дзяржаўнаю ўзнагародаю Расеі.
(Сёмуха: ) “Ня дзіва, што яго Расея ўзнагародзіла ордэнам “За заслуги перед Отечеством”, і ён пры гэтым адрапартаваў: “Служу Отечеству и Русской православной церкви”. Вось гэта ўсё і ёсьць. Дваццаць пяць гадоў ён служыў свайму “отечеству”, ня дужа думаючы пра нашае. І за гэтыя дваццаць пяць гадоў асвоіў некалькі беларускіх словаў, па-мойму. Вось і ўсе заслугі”.