Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМБАСАДАР ЗША ЎРУЧЫЎ ДАВЕРЧЫЯ ЛІСТЫ ЛУКАШЭНКУ


Юры Сьвірко, Менск

На цырымоніі ўручэньня даверчых лістоў амбасадар Джордж Крол пачаў сваю прамову з гэткай заявы:

(Крол: ) “Як і ўсе амэрыканцы, я маю павагу да Беларусі. Мой урад заўсёды прытрымліваўся пасьлядоўнай палітыкі павагі і падтрымкі сувэрэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь”.

Пазьней Аляксандар Лукашэнка адказаў на гэта наступным чынам:

(Лукашэнка: ) “Беларусь — гэта незалежная, сувэрэнная дзяржава. У якія б саюзы мы ні ўступалі ды ні аб’ядноўваліся, сувэрэнітэт і незалежнасьць будуць асноватворнымі прынцыпамі. У ажыцьцяўленьні палітыкі мы будзем зыходзіць са сваіх інтарэсаў, гэтак сама як ЗША зыходзяць са сваіх. Мы заўжды былі людзьмі кампрамісу, прызнавалі інтарэсы іншых краін і надалей будзем імкнуцца ўлічваць інтарэсы нашых партнэраў”.

Амбасадар Крол зазначыў, што ганарыцца сваім удзелам у 1992 годзе ўва ўсталяваньні дыпляматычных стасункаў паміж ЗША й Беларусьсю і дадаў:

(Крол: ) “Я памятаю тыя добрыя адносіны, якія мы ўсталявалі тады, і буду працягваць палітыку майго ўраду, імкнучыся да добрых сяброўскіх адносінаў паміж амэрыканскім і беларускім народамі”.

Паводле новага амэрыканскага амбасадара, Злучаныя Штаты лічаць Беларусь дзяржавай, багатай на традыцыі й гісторыю, прыгожай краінай працавітых, таленавітых людзей, вядомых сваёй рэлігійнай і этнічнай цярплівасьцю, любоўю да прыгажосьці й парадку, і, вышэй за ўсё, павагай да волі і правоў іншых. Амбасадар Крол узгадаў, што часта на працягу трагічнай гісторыі захопнікі і акупанты пазбаўлялі жыхароў Беларусі волі і правоў. “За сваю доўгую гісторыю на перакрыжаваньнях Эўропы беларусы прайшлі праз шматлікія трагедыі і цяжкасьці. Але яны вытрымалі, і гэта — прыклад для маёй краіны і ўсяго сьвету”, — зазначыў амбасадар ЗША ў Менску.

Ён таксама сказаў Аляксандру Лукашэнку, што прэзыдэнт ЗША Джордж Буш даручыў яму як свайму асабістаму прадстаўніку зрабіць усё магчымае дзеля таго, каб сьвет быў больш бясьпечным, дэмакратычным і квітнеючым для амэрыканцаў, беларусаў і ўсёй міжнароднай супольнасьці. Амбасадар Крол нагадаў, што раней амэрыканскі ўрад прапанаваў пакрокавую стратэгію паляпшэньня адносінаў, заснаваную на пазытыўных кроках беларускага ўраду ў кірунку дэмакратызацыі, і падкрэсьліў: “Гэта застаецца жаданьнем і палітыкай майго ўраду”.

Джордж Крол заявіў, што на працягу свайго тэрміну будзе з задавальненьнем працаваць разам зь беларусамі, каб будаваць больш спакойны, бясьпечны, дэмакратычны і квітнеючы сьвет, а таксама разам пераадольваць супольныя праблемы беднасьці, хваробаў, тэрарызму, экстрэмізму, міжнароднай злачыннасьці, несправядлівасьці й парушэньняў правоў чалавека. У адказ Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь будзе ўмацоўваць стасункі са Злучанымі Штатамі “на прынцыпах павагі нашых дзяржаваў”.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, ЗША ёсьць наймагутнейшай і наймацнейшай дзяржавай сьвету ў тэхналягічным, вайсковым, палітычным пляне і ў дыпляматычных стасунках, а Беларусь гатовая выкарыстоўваць досьвед Злучаных Штатаў. Спадар Лукашэнка выказаў спадзеў на тое, што за час знаходжаньня Джорджа Крола ў Беларусі, які ўжо працаваў тут раней і цудоўна ведае краіну, бакі значна прасунуцца ў стасунках ды ўзьнімуцца на некалькі прыступак вышэй. Таксама спадар Лукашэнка паабяцаў, што ўлады будуць спрыяць эфэктыўнай дзейнасьці новага амбасадара ЗША ў Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG