Паводле справаздачы, на гэты момант аўстрыйскі фонд выплаціў большую частку кампэнсацыяў і разглядае магчымасьці аказаньня новых формаў падтрымкі былым остарбайтэрам.
Як вядома, кампэнсацыі беларускім прымусовым рабочым і вяьзням выплочвае таксама Нямеччына. Мне даводзілася чуць, што ў аўстрыйцаў гэта арганізавана лепш. Адрозна ад немцаў, тут менш бюракратычных момантаў у падыходах да тых ці іншых катэгорыяў і гэтак далей. Такое меркаваньне мне прыходзілася чуць і ад прадстаўнікоў беларускага фонду “Узаеімапаразуменьне і прымірэньне”, які ёсьць партнэрам адпаведных аўстрыйскага і нямецкага фондаў.
Лічыцца, што аўстрыйцы робяць сваю справу больш хутка – Аўстрыя завершыць выплаты ўжо ў наступным годзе. Немцы – у 2005. Таксама лічыцца, што аўстрыйцы менш бюракратычныя ў адносінах да такой катэгорыі як юныя альбо малыя вязьні нацызму. Гэтым людзям надзвычай цяжка сабраць адпаведныя паперы-доказы.
Трэба адзначыць, што колькасьць людзей, якія былі прымусова дэпартаваныя з БССР ў Аўстрыю – гэта каля 12 тысячаў усё ж разоў 10 меней за тую колькасьць людзей, што былі ўгнаныя ў Нямеччыну.
Што да сумаў кампэнсацыяў, то залежна ад катэгорыяў вязьняў – маецца на ўвазе тэрмін прымусовай працы, ўзрост, характар і умовы дзейнасьці, то і немцы, і аўстрыйцы плоцяць у прынцыпу аднолькавыя грошы – ад 2,5 тысячаў да 7,5 тысячаў эўра.
Гэта значна меней за сумы, якія атрымліваюць грамадзяне ЗША і Ізраілю, у тым ліку беларускага паходжаньня. Але ж зьвязана гэта з тым, што ў часе адпаведных перамоваў Вашынгтон і Тэль-Авіў выставілі Бэрліну і Вене больш жорсткія патрабаваньні, чым урады постсавецкіх краінаў.
Калі вярнуцца да аўстрыйскай справаздачы, то агулам фонд “Прымірэньне” выдаткаў беларускім остарбайтэрам каля 19 мільёнаў эўра.
Прадугледжаная таксама і мэдычная дапамога для ахвяраў нацызму, якую фонд “Прымірэньне” будзе аказваць разам з аўстрыйскім таварыствам па артапэдыі і артапэдычнай хірургіі. У аўстрыйскіх шпіталях ўжо праведзеныя некалькі бясплатных аперацыяў для остарбайтэраў.
Сярод праектаў фонду – бясплатнае навучаньне нашчадкаў остарбайтэраў у эўрапейскіх унівэрсытэтах. Гэтае пытаньне дыскутавалася на мінулым тыдні у Брусэлі на адным з паседжаньняў Рады Эўропы. Прапанова зыходзіла гэтым разам ад немцаў.
Размова ідзе пра адмысловыя стыпэндыі для нашчадкаў вязьняў фашызму, які выдадткоўвае нямецкі фонд “Памяць, адказнасьць, будучыня”. У рамках праекту сёлета ў верасьні ў бэрлінскіх ўнівэрсытэтах ужо распачалі навучаньне 30 студэнтаў з Усходняй Эўропы, Ізраілю і ЗША. Наколькі вядома, сярод іх ёсьць расейцы і украінцы, аднак беларусаў, здаецца, пакуль яшчэ няма.