Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯ 10 ТЫСЯЧ ГРАМАДЗЯНАК БЕЛАРУСІ АКАЗВАЮЦЬ СЭКС-ПАСЛУГІ ЗА МЕЖАМІ КРАІНЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Штогоду да 1 тысячы беларускіх жанчын знаходзяць нелегальную працу ў публічных дамах і начных клюбах Нямеччыны, лічыць супрацоўнік фэдэральнага крымінальнага ведамства Увэ Юргэнсэн. Паводле зьвестак маскоўскай міліцыі, вулічнымі прастытуткамі ў сталіцы Расеі працуюць ад 2 да 4 тысяч беларусак. Да 1 тысячы беларусак гандлююць сваім целам у краінах Блізкага Усходу, сьведчаць адмыслоўццы ААНаўскіх службаў.

А якія лічбы на гэты конт маюць беларускія міліцыянты ды супрацоўнікі цывільных ведамстваў краіны, якія займаюцца праблемай гандлю людзьмі? Пэўных зьвестак у іх няма. Называецца умоўная лічба — да 10 тысяч, але прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў не выключаюць, што сапраўдная колькасьць прастытутак беларускага паходжаньня за мяжой можа быць і ўдвая большай.

Акадэмія Міністэрства ўнутраных справаў сумесна зь Міністэрствамі працы і эканомікі пачалі комплекснае вывучэньне праблемы гандлю людзьмі, у тым ліку і гандлю жанчынамі. Ужо ёсьць першыя вынікі дасьледаваньня. Высьветлена, што да траціны жанчын, якія едуць зь Беларусі на заробкі за мяжу, першапачаткова не выключаюць для сябе магчымасьці аказаньня сэксуальных паслугаў. На думку кіраўніка калектыву дасьледнікаў Івана Басецкага, гэта дастаткова вялікая колькасьць. Значыць, праблема ня столькі ў неінфармаванасьці жанчын пра тое, што іх чакае за мяжой, колькі ў тых сацыяльных умовах, якія пануюць дома.

(Басецкі: ) “Цяжка ў нас, асабліва ў сельскай мясцовасьці, уладкавацца нашым дзяўчынам — выйсьці замуж, знайці працу, каб было і па душы, і можна было каб зарабіць добра, каб забясьпечыць будучыню. Большасьць пра гэта марыць, і многія згодныя дзеля гэтага на ўсё. Каля 17% апытаных наўпрост адказалі, што згодныя гандляваць сваім целам за мяжой, бо гэта выгадней”.

Дасьледнікі занепакоеныя ня толькі праблемай гандлю жанчынамі, але і лёсам тых мужчын, якія паехалі за мяжу на заробкі й па сутнасьці апынуліся ў нявольніках. Большасьць з гэтай катэгорыі — тыя, хто працуе на будоўлях катэджаў новых расейцаў у Маскве і Падмаскоўі. Тысячам з гэтых небаракаў гаспадары нічога не заплацілі ды яшчэ зьбілі тых, хто спрабаваў пратэставаць. Іван Басецкі мяркуе, што і тут значная частка віны за становішча, у якое трапляюць гэтыя людзі, ляжыць на дзяржаве.

(Басецкі: ) “Калі б быў у нас падтрыманы малы і сярэдні бізнэс, то людзям не было бы патрэбы ехаць туды, дзе іх правы ніяк не абароненыя, і ў нас бы ніжэйшымі былі кошты на паслугі рамонтнікаў ды будаўнікоў. Я нядаўна пабаваў у Празе і пераканаўся, што там сваіх працаўнікоў дзяржава падтрымлівае. Там прадтрымліваюць усё, што працуе на чалавека”.

Паводле Івана Басецкага, наступнай тэмай дасьледаваньня будзе незаконны гандаль дзецьмі- інвалідамі з мэтай далейшага перапродажу іх унутраных органаў для трансплянтацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG