Сам юбіляр канстатуе, што, на жаль, ня здолеў рэалізаваць усіх сваіх творчыя задумаў — экранізаваць Уладзімера Караткевіча і Васіля Быкава: гатовыя сцэнары дагэтуль ляжаць у кабінэтах дзяржаўных чыноўнікаў.
Ігар Дабралюбаў стомлены. Кажа, перад’юбілейны маратон зьнясіліць каго заўгодна: то цягам некалькіх гадоў ніхто ня ўзгадвае, а тут раптам успомнілі ўсе. На традыцыйнае ў падобных выпадках пытаньне: ці задаволены сваім творчым багажом, ці можна было рэалізаваць сябе інакш, спадар Дабралюбаў адказаў: звычайна ў такія моманты хочацца ўзгадваць пра добрае. Але яму прыходзіць на памяць іншае:
(Дабралюбаў: ) “Тут быў закрыты цудоўны сцэнар Валодзі Караткевіча “Гнеўнае сонца сьпякотнае”; тут не далі ходу сцэнару Васіля Быкава “Сотнікаў”... Так што ня ведаю, можа, у гэтых стужках я б рэалізаваўся па-іншаму”.
(Карэспандэнт: ) “Ці рэальна зараз вярнуцца да сцэнара Васіля Быкава — пры тым, што стаўленьне да Быкава з боку беларускіх уладаў вядомае?”
(Дабралюбаў: ) “Васіль Быкаў не патрабуе да сябе нейкага асаблівага стаўленьня — ён Васіль Быкаў, вялікі беларускі пісьменьнік усясьветнага ўзроўню. Ставіць па ягоных творах кінастужкі — найвышэйшы гонар. Павінны ў чарзе да яго рэжысэры стаяць. Вось і я стаю...”
(Карэспандэнт: ) “Але, падаецца, стаяць не да Быкава, а да Міністэрства культуры, да дзяржаўных структураў і чыноўнікаў...”
(Дабралюбаў: ) “Натуральна. Але колісь Васіль даў згоду, мы задумалі, як усё ўвасобіць на экране. Але даюць дазвол і запускаюць працу, на жаль, яны, чыноўнікі”.
Спадар Дабралюбаў пераводзіць гутарку на сучасны стан беларускага кіно. Кажа, ад таго часу, як абмяжоўвалі творцу ў СССР, зьмянілася няшмат. Да таго ж, да ўнутранай цэнзуры дадаўся цэлы шэраг спадарожных: у Беларусі практычна нічога не здымаюць, прафэсія кінэматаграфіста стала непрэстыжнай і малапрыцягальнай. Пярэчу: маўляў, дзяржава, вышэйшае кіраўніцтва непасрэдна спрычынілася да стварэньня гэтак званых “блёкбастэраў”: спачатку былі мільённыя ўліваньні ў стужку “Ў жніўні 44-га”, цяпер — новы гіт “Анастасія Слуцкая”.
(Дабралюбаў: ) “Гэтыя “блёкбастэры” не атрымалі яшчэ ніводнай прэміі. Няхай ня “Оскара”, але хоць бы сталі ляўрэатамі ў Вэнэцыі, у Канах... Мне вось падказваюць, што ў Бярдзянску нейкі прыз быў. Уявіце — у Бярдзянску! Так, робяцца блёкбастэры, грошы трацяцца... Ну, можа, атрымаюць яшчэ прыз на ўласным фэстывалі. Госьці прыедуць, яны пагуляць любяць — чаму ж за гэта ня даць? Зрэшты, не зусім разумею, што гэта ў нас за фэстывалі такія — “Лістапад”, “Залаты Віцязь”. Гэта дэманстрацыя стужак, адабраных нейкімі людзьмі, якіх я ня вельмі добра ведаю, і якім не давяраю, але ўсё разам гэта называецца фэстывалем. Які гэта фэстываль?”
(Карэспандэнт: ) “Цяпер “Беларусьфільм” і Менск увогуле сталі прытулкам для расейскіх рэжысэраў, актораў, якія тут здымаюць. Плацяць мінімумальна, але выкарыстоўваюць Беларусь як вялікую здымачную пляцоўку”.
(Дабралюбаў: ) “Ну, а што ж? Танная працоўная сіла, прафэсійная. Таму і выгадна прыяжджаць сюды, здымаць. А заступіцца за людзей няма каму. Міністэрства культуры на гэта ніяк не рэагуе. Як так можна? Ва ўсіх артыстаў ёсьць тарыфныя стаўкі — ну, дык і плаціце паводле іх! Але ганьба, калі маскоўскі атрымлівае ў далярах, а беларус у рублях у тры разы меней”.
Ігар Дабралюбаў кажа, што ў нейкім сэнсе саромеецца свайго юбілею, усёй гэтай шуміхі вакол ягонага імя — бо ў гэты ж час дзясяткі калегаў-рэжысэраў фактычна выкінутыя на вуліцу, і на іх існаваньне даўно ўсе забыліся.
(Дабралюбаў: ) “Вялікая колькасьць маладых, таленавітых рэжысэраў шукаюць працы, многія наогул беспрацоўныя...”
(Карэспандэнт: ) “Іншымі словамі, Беларусі не наканавана стаць гэткім Галівудам — прынамсі, на прасторах СНД?”
(Дабралюбаў: ) “Галівудам? Ня ведаю, мы ж нікуды ня езьдзім, каб параўноўваць. Дый сваіх ня бачым карцінаў; глядзім тое, што нам купляюць. Але калі хочам мець свой кінэматограф — дайце грошы на студыю, а там ужо самі разьбяруцца, ня дурні: што ставіць, што ня ставіць, што важна, што няважна. На пасьлясавецкай прасторы ў Расеі пакуль справы найлепшыя. Там больш сур’ёзна да гэтага ўсяго ставяцца, людзі званчэй неяк жывуць”.
Адзіная імпрэза, на якую сёньня згадзіўся Ігар Дабралюбаў — гэта творчая сустрэча ў сталічным кінатэатры “Цэнтральны”. Як распавёў сам рэжысэр — збольшага дзеля таго, каб сустрэцца са старымі сябрамі.