Сёньня спаўняецца 335 гадоў з дня сьмерці Міхала Абуховіча, беларускага ваеначальніка, дыплямата і пісьменьніка-мэмуарыста.
Міхал Абуховіч – аўтар хрэстаматыйнага “Дыярыюшу”, у якім апісаў свой час, сярэднявечную Беларусь і падзеі, сьведкамі якіх яму давялося быць.
22 кастрычніка 1856 году памер на выгнаньні ў Архангельскай губэрні Рамуальд Падбярэскі, выдавец, публіцыст, краязнавец і фальклярыст. Ён нарадзіўся ў Вільні, дзе скончыў гімназію, затым вучыўся ў Маскоўскім унівэрсытэце. Доўгі час жыў у Пецярбургу. Выдаваў розныя часопісы й альманахі, але найперш праславіўся выданьнем кнігі Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных аповедах”. У 1850 годзе Рамуальда Падбярэскага за антырасейскую дзейнасьць арыштавалі й выслалі ў Архангельскую губэрню, дзе ён і памёр.
22 кастрычніка 1937 году савецкія карныя органы расстралялі аднаго з найбольш таленавітых беларускіх пісьменьнікаў даваеннае пары Лукаша Калюгу. Найбольш вядомыя ягоныя аповесьці “Ні госьць ні гаспадар” і “Нядоля Заблоцкіх”. Застаўся пасьля Калюгі і недапісаны раман “Пустадомкі”. Арыштавалі пісьменьніка ў 1933 годзе, калі яму было ўсяго 24 гады, і больш на свабоду ён ня выйшаў.
22 кастрычніка 1941 году была створаная Беларуская Народная Самапомач – дабрачынная арганізацыя ў акупаванай немцамі Беларусі. БНС зьбірала ахвяраваньні, аказвала матэрыяльную дапамогу людзям, плянавала стварыць аўтаномны беларускі ўрад са сваім незалежным ад немцаў войскам.
22 кастрычніка 1870 году нарадзіўся Іван Бунін, сусьветна вядомы пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскае прэміі. Старажытны род Буніных паходзіць ад Сымона Бунікоўскага, беларускага шляхціца, які ў 15 стагодзьдзі патрапіў у маскоўскі палон і застаўся ў Расеі. Тамака той род атрымаў мянушку Буніных. Сам Іван Бунін, аўтар твораў, што сталі сусьветнай клясыкай – “Сухадол”, “Антонаўкі”, “Цёмныя прысады” ды аўтабіяграфічнага раману “Жыцьцё Арсеньнева” – памер на эміграцыі ў 1953 годзе.
Між іншым, за дзесяць гадоў да ягонае сьмерці зьявілася на сьвет славутая француская артыстка кіно Катрын Дэнёў, якой сёньня спаўняецца 60 гадоў.