Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ БЕЛАРУСЫ НЯ ХОЧУЦЬ РЭФОРМАЎ У ЖЫЛЬЛЁВА-КАМУНАЛЬНАЙ СФЭРЫ?


Валер Каліноўскі, Менск

Ацяпляльны сэзон пачаўся з шэрагу аварыяў на цеплатрасах Берасьця, Салігорску ды іншых гарадоў, дзе безь цяпла заставаліся тысячы сем’яў. На ледзьве цёплыя батарэі і нізкую тэмпэратуру ў кватэрах стала скардзяцца ня толькі ў правінцыі, але і ў сталіцы. Міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Аляксандар Мількота на паведамленьні пра аварыі рэагуе надзвычай спакойна:

(Мількота: ) “Чэленджэры” падаюць, а тут у Салігорску лопнула 150-мілімэтровая труба. Дык у чым тут трагедыя? А кажуць, што на гэтай трубе ледзьве не сядзіць увесь Салігорск”.

Міністар Аляксандр Мількота кажа, што нельга зусім выключыць аварыяў, але ягонае ведамства імкнецца зьвесці іх да мінімуму. Праблемамі для камунальнікаў застаюцца зношанасьць цепласетак, асабліва ў невялікіх гарадах, запазычанасьць па камунальных выплатах, якая стала складае да 12%, неэканомнасьць у спажываньні цяпла і гарачай вады.

Рынкавыя дачыненьні ў сфэру камунальнай гаспадаркі прыйшлі хіба што толькі ў выглядзе падвышаных тарыфаў. Заканадаўча ў Беларусі дапускаецца канкурэнтнае асяродзьдзе ў жыльлёва-камунальнай гаспадарцы, ёсьць адпаведныя законы і распараджэньні ўраду, ды і міністэрства ЖКГ нібыта ня супраць стварэньня прыватных службаў і кандамініюмаў, аднак, як кажа спадар Мількота, супраць самі беларусы, “насельніцтва не гатовае”. На сёньня ў краіне дзейнічае ўсяго 165 таварыстаў супольнага домаўладаньня. За год супрацоўнікі Мінкамунгасу правялі больш за 6 тысяч сходаў па стварэньні кандамініюмаў, выніковымі зь якіх сталіся толькі 15.

(Мількота: ) “З нашым беларускім мэнталітэтам, меркаваньне тут простае, як аглобля: у нас ёсьць ЖЭС, а не — дык пойдзем у райвыканакам, міністэрства, але свайго даб’ёмся. А з вашым гэтым мэнэджэрам мы застаемся сам-насам... Таму нам гэтага ня трэба”, — зазначыў міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, апраўдваючы манапольнае становішча свайго міністэрства на рынку камунальных паслугаў.

Рэальныя рынкавыя пераўтварэньні немагчымыя толькі ў адной галіне эканомікі, прычым такой складанай, як жыльлёва-камунальная гаспадарка, і толькі на ўзроўні непасрэднага абслугоўваньня жыхароў, а не па ўсім гаспадарчым ланцугу. Непасьлядоўныя рэформы сапраўды нявыгадныя грамадзянам, — упэўнены незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук.

(Раманчук: ) “Калі мы гаворым пра рэформу камунальнага сэктару, то трэба гаварыць аб комплексе цэлых рэформаў, а не пра тое, каб вось стварыць кандамініюмы, а ўсё астатняе застанецца так, як было”, — сказаў намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук.

У АГП распрацоўваецца альтэрнатыўны праект рэфармавання жыльлёва-камунальных паслуг, які будзе прадстаўлены публіцы ў пачатку наступнага году. Сутнасьць гэтых прапановаў у тым, каб зрабіць канкурэнтнае асяродзьдзе ў камунальнай сфэры, каб пастаўцы гэтых паслугаў змагаліся за спажыўцоў, каб зрабіць адкрытым фармаваньне тарыфаў, дабіцца прыцягальнасьці інвэстыцыяў у гэтую галіну эканомікі, што ўжо назіраецца ў Расеі.

(Раманчук: ) “Наш падыход просты: жыльлёва-камунальныя паслугі, як і іншы рынак, будуць працаваць толькі тады, калі будуць створаныя варункі для лібэралізацыі прыватнай матывацыі чалавека, для таго, каб ён адчуў, што гэта для яго выгадна, і гэта выгадна для тых людзей, якія зьяўляюцца арганізатарамі, мэнэджэрамі гэтых рынкаў”, — пра сутнасьць альтэрнатыўнага праекту рэфармаванньня сыстэмы ЖКГ паведаміў адзін зь яго распрацоўнікаў Яраслаў Раманчук.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG