Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА 60-Я ЎГОДКІ ЗЬНІШЧЭНЬНЯ МЕНСКАГА ГЕТА АДБЫЛОСЯ ЖАЛОБНАЕ ШЭСЬЦЕ


Ганна Соусь, Менск

Былых вязьняў менскага гета сёньня можна было пазнаць па значках жоўтага колеру з надпісам “60 гадоў зьнішчэньня менскага гета”. Яны прыйшлі да помніку габрэям Гамбургу, Брэмэну і Дусэльдорфу, усталяванага на вуліцы Сухой. 60 гадоў таму тут расстрэльвалі іх суайчыньнікаў. “Брацкай магілай” габрэйскай Эўропы назваў гэтае месца кіраўнік Саюзу беларускіх габрэйскіх грамадзскіх аб’яднаньняў і суполак Леанід Левін. Зь вязняў менскага гета выжылі каля 300 чалавек. У Галіны Давыдавай у гета расстралялі маці, бацьку і малодшую сястру, сама яна здолела ўцячы адтуль у чэрвені 1943 году.

(Давыдава: ) “Было такое распараджэньне: хто будзе дапамагаць габрэям, таму — сьмяротнае пакараньне. Спалі па 30 чалавек. Таму што калі пагром, то тады ўжо нельга сяліцца ў тым месцы. Самае страшнае, што людзі ня ведалі, ці ў гета будзе пагром — расстраляюць, ці на работу пойдзеш — расстраляюць”, — распавяла Галіна Давыдава.

У Лізаветы Атаманавай у менскім гета загінула ўся сям’я:

(Атаманава: ) “Бацька, маці й пяцёра дзяцей, я шостая. Усе загінулі. Мне было 16 гадоў у апошні пагром. Толькі нас прывялі на працу, пачаўся пагром, і я ўцякла. Прыбегла — гета акружанае, не было куды дзецца. І я бадзялася”, — распавяла Лізавета Атаманава.

Усклаўшы кветкі ля помніка нямецкім габрэям, кіраўнік Саюзу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і суполак Леанід Левін заклікаў усіх прайсьці жалобным шэсьцем тым жа шляхам, якім 60 гадоў таму габрэяў менскага гета вялі на сьмерць. Я заўважаю зь іншага боку помніка нямецкім габрэям сьляды вандалізму — шыбеніцу з зоркай Давіда. І ідучы у жалобным шэсьці, запытваю спадара Левіна пра тое, чаму ніколі не былі знойдзеныя і пакараныя вандалы, якія апаганьваюць габрэйскія могілкі ў Беларусі.

(Левін: ) “Дзе б гэта ні было — ці ў Менску, ці ў Лідзе, ці ў Горадні, мы заўсёды зьвярталіся ў міліцыю, але не знайшлі ніводнага вар’ята, які гэта зрабіў. Ніводнага. На жаль. І паўсюль выснова такая, што гэта зрабілі хуліганы. Мы лічым, што ёсьць у нашых адказных асобаў, такіх як Скобелеў, Касьцян, якія выступаюць у “Нёмане” ды іншых выданьнях з прапановамі, зваротамі пакончыць з габрэйскім пытаньнем. Таму мы ня можам гэта ўсё перакласьці на плечы хуліганаў. Але ж я ня ведаю, каб наш народ быў антысэміцкім, не. І ў гады вайны ён не паказаў сябе такім. А вось некаторыя палітыкі робяць такі ўплыў і ствараюць гэтую атмасфэру антысэмітызму”.

Адметна, што прадстаўнікі дзяржаўнай ўлады ня бралі ўдзелу ў жалобным шэсьці. Толькі ў часе мітынгу ля мэмарыялу “Яма” старшыня камітэту ў справе рэлігіяў і нацыянальнасьцяў выступіў з прамовай. 10 гадоў таму на 50-я ўгодкі зьнішчэньня менскага гета прадстаўніцтва ўладаў было іншым. Колішні міністар замежных справаў Пятро Краўчанка з жоўтым значкам прайшоў разам з усімі жалобным шэсьцем.

На сёньняшнім мітынгу ля мэмарыялу “Яма” выступалі вязьні гета, прадстаўнікі габрэйскіх арганізацыяў, цыганскай суполкі, прысутнічалі амбасадары Нямеччыны, ЗША, Літвы, Вялікай Брытаніі, АБСЭ. У жалобнай урачыстасьці гэтаксама ўзяў удзел мітрапаліт Філарэт. Жалобныя мерапрыемствы да 60-х угодкаў зьнішчэньня менскага гета будуць доўжыцца тры дні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG