Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСК ПРЫЕХАЎ НАТАЎСКІ ГЕНЭРАЛ, ЯКІ БЫЎ АДНЫМ З НАЧАЛЬНІКАЎ KFOR У КОСАВЕ


Юры Сьвірко, Менск

У аўторак звычайным рэйсам “Люфтганзы” ў Менск прыляцеў генэрал-маёр Эрнэст Лутц — начальнік штабу субрэгіянальнага камандаваньня НАТО “Паўночны ўсход”, якое базуецца ў Даніі. Гэты нямецкі генэрал значна больш вядомы як былы намесьнік начальніка KFOR — адмысловага вайсковага фармаваньня ў Косаве. Нагадаю, што менавіта з прычыны гэтай правінцыі былой Югаславіі НАТО бамбавала Сэрбію, што выклікала гучныя пратэсты з боку афіцыйнага Менску.

Разам з генэрал-маёрам Лутцам у Беларусь прыехаў начальнік аддзелу вайсковага супрацоўніцтва субрэгіянальнага камандаваньня палкоўнік Ганс Гэрбэр, які распавёў:

(Гэрбэр: ) “Мая штаб-кватэра — аб’яднаная штаб-кватэра “Паўночны ўсход” ладзіць заняткі ў Менску паводле праграмы “Партнэрства дзеля міру”. Гэта заняткі ў справе штабной работы і працэдураў. Мы маем навучэнцаў зь сямі розных краінаў-удзельніц “Партнэрства дзеля міру”. І генэрал Лутц — начальнік штабу маёй штаб-кватэры — наведае гэтыя заняткі й сустрэнецца з пэўнымі вайсковымі асобамі”.

Палкоўнік Гэрбэр пацьвердзіў інфармацыю беларускага Міністэрства абароны пра тое, што генэрал Лутц правядзе перамовы зь першым намесьнікам начальніка беларускага генэральнага штабу.

Паводле Ганса Гэрбэра, два генэралы абмяркуюць пэрспэктывы супрацоўніцтва паводле праграмы “Партнэрства дзеля міру”, якое адбываецца перадусім праз натаўскае камандаваньне “Паўночны ўсход”. Гэтай праграме ў студзені споўніцца ўжо 10 гадоў. Беларусь далучылася да яе праз год пасьля яе стварэньня — напачатку прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Пэрыяд вайны ў Югаславіі характарызаваўся замарожанымі стасункамі, але цяпер індывідуальная праграма партнэрства Беларусі з НАТО на гэты і наступны гады ўтрымлівае 170 розных мерапрыемстваў. У палове зь іх бярэ ўдзел беларускае Міністэрства абароны, і сэмінар у справе штабных працэдураў, які праходзіць цяпер у менскім Міжнародным адукацыйным цэнтры ІВВ, ёсьць адным з гэтых мерапрыемстваў.

Але сам міністар Леанід Мальцаў значна больш зацікаўлены ў іншым супольным сэмінары, які праходзіць у гэты ж час у Расеі. Гаворыць супрацоўніца прэсавай службы беларускага вайсковага ведамства Вольга Жылінская:

(Жылінская: ) “Мальцаў цяпер знаходзіцца на калегіі ў Маскве. Там праходзіць 21-га чысла сэмінар, а потым калегія — 22-га”.

На гэтай супольнай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі й Расеі таксама будуць абмеркаваныя пытаньні ўзаемадзеяньня ў вайсковай сфэры, у тым ліку фармаваньне агульных груповак войскаў і адзінай сыстэмы супрацьпаветранай абароны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG