Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬПЕВАКА І ВЫКАНАЎЦУ ЛЯВОНА БАРТКЕВІЧА АБВІНАВАЧВАЮЦЬ У ПЛЯГІЯЦЕ

Ігар Карней, Менск

Пісьменьніцкі дэбют Лявона Барткевіча азмрочаны заявамі цэлага шэрагу журналістаў, якія сьцьвярджаюць, што першая частка кнігі “Песьняры і Вольга” амаль цалкам пабудаваная на іхных ранейшых інтэрвію і аўтарскіх успамінах.

Ужо вядома, што абвінавачаньні ў плягіяце выказалі маскоўскі выдавец Анатоль Вайцэнфэльд, былы “пясьняр” Уладзімер Мікалаеў, беларускі журналіст Барыс Крэпак, нават цэлы Інтэрнэт-сайт pesnyary.соm. Сам Барткевіч зь Менску сёньня ад’ехаў. А ягоны прадусар Юры Цыбін паведаміў: хоць скандалу пазьбегнуць ужо наўрад ці ўдасца, але прэзэнтацыю кнігі ў любым разе вырашана прымеркаваць да канцэрту, які Барткевіч зьбіраецца даць у Менску ў лістападзе.

Супрацоўнік газэты “Культура” Барыс Крэпак адзін зь першых учыніў рэвізію кнігі Лявона Барткевіча.

(Крэпак: ) “Прэтэнзіі да яго вялікія. Ён узяў з маіх шматлікіх інтэрвію з Мулявіным цэлыя кавалкі, выдаючы іх за свае. Я ўжо не кажу, як ён успаміны “На паўшляху да эстрады” нябожчыка Валерыя Яшкіна выкарыстоўваў і мэмуары яшчэ аднаго “песьняра”, Уладзімера Мікалаева: часткі былі выкарыстаныя цалкам, уключна з назвамі. Дый увогуле першая частка кнігі Барткевіча, прысьвечаная “Песьнярам”, на 70% чысты плягіят. Не хачу нечага даказваць у судовым парадку, бо гэта толькі марнаваньне часу. Сваё меркаваньне пра ягоны амаральны ўчынак выкажу ў сваім артыкуле. Але рэч у тым, што нашае выданьне рыхтуе кнігу пра Мулявіна, і матэрыялы, якія надрукаваныя ў яго, мы гэтаксама зьбіраліся друкаваць. А цяпер мы самі апынаемся ў ролі плягіятараў. Таму паставіць кропкі над “і” трэба цяпер”.

На неафіцыйным сайце гурту “Песняры” (pesnyary.com) у зьвязку з выхадам кнігі Барткевіча зьявілася заява выдаўца маскоўскага часопісу “Звукорежиссер” Анатоля Вайцэнфэльда, які наўпрост піша: “29 старонак скрадзеныя Барткевічам з маіх артыкулаў “Мне не забыцца той песьні”, з кнігі-зборніка “Ўладзімер Мулявін: нота лёсу” і паведамленьняў на форуме песьняроўскага сайту”. На гэтай падставе спадар Вайцэнфэльд зьбіраецца адстойваць свае правы ў судзе.

(Вайцэнфэльд: ) “Адстойваць сваю інтэлектуальную ўласнасьць, натуральна, буду, бо абставіны таго, што адбылося, вельмі своеасаблівыя. Частка майго тэксту была ўзятая з адкрытых крыніцаў без спасылак на мяне, частка выкарыстаная махлярскім чынам з выдавецтва, якое рыхтуе кнігу памяці Мулявіна. На гэтым этапе я вяду перамовы з маскоўскім выдавецтвам “Вагриус”. Там кажуць, што ўся адказнасьць за прадстаўлены тэкст ляжыць на аўтары. Зь іншага боку, яны былі папярэджаныя, што падобны расклад можа мець месца — прыйшлі пацьверджаньні. Адпаведна, калі яны ня робяць захадаў, то робяцца саўдзельнікамі: адна справа, калі нічога ня ведалі, і іншае, калі былі паінфармаваныя і не зрабілі захадаў. Значыць, павінны адказваць гэтаксама”.

Спадар Вайцэнфэльд дадае, што нядаўна размаўляў з экс-“песьняром” Уладзімерам Мікалаевым: той кажа, што пацярпеў ад Барткевіча на 17 старонак успамінаў “Нататкі песьняра”, якія летась былі надрукаваныя ў газэце “Русский Север”, і на 8 старонак блізкага да ягонага тэксту пераказу. Да гэтага варта дадаць, што калектыў, зь якім Лявон Барткевіч цяпер гастралюе пераважна па Расеі й які называецца “Песьняры”, насамрэч ня мае падставаў да выкарыстаньня такога назову. Яшчэ на пачатку верасьня практычна ўвесь склад Дзяржаўнага ансамблю “Песьняры” адмовіўся ад куратарства з боку Міністэрства культуры, але тым самым пазбавіў сябе права на назву.
XS
SM
MD
LG