Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДКУЛЬ У МІРНЫХ БЕЛАРУСАЎ ТАКІЯ АРСЭНАЛЫ ЗБРОІ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

За два тыдні чарговай кампаніі гэтак званай добраахвотнай здачы зброі беларусы здалі ўжо больш за 300 адзінак зброі, рапартуе рэспубліканская міліцыя. Яшчэ прыкладна столькі ж зброі адабралі ў тых, хто парушаў правілы яе захоўваньня і рэгістрацыі. Такім чынам відавочна, што абвешчаная добраахвотная кампанія не такая і добраахвотная. Але нават не звяртаючы ўвагу на гэтыя акалічнасьці, паўстае пытаньне, адкуль у мірных беларусаў такія арсэналы, бо прыкладна да тысячы адзінак зброі зьбіраецца штогод?

Афіцыйныя крыніцы ў міліцыі кажуць, што большая частка добраахвотна зданай зброі і баепрыпаасаў належыць да часоў Другой усясьветнай вайны. Што гэтая зброя яшчэ можа страляць, запэўніў мяне Віктар Новікаў з прэсавай службы міністэрства ўнутраных справаў. Паводле яго, у Беларусі ёсьць майстры , якія знаходзяць і аднаўляюць вінтоўкі і нават кулямёты, якія праляжалі ў зямлі 50 гадоў.

Другой асноўная крыніцай папаўненьня беларускага незаконнага арсэналу ёсьць паляўнічыя стрэльбы, якія засталіся ад бацькоў ці дзядоў. Адноўчы нашчадкі знаходзяць іх у старой шафе ці на сутарэньні і паўстае пытаньне, што рабіць з вэтэранам паляваньня на дзікоў у хрушчоўскія ці брэжнеўскія часы? І вось добраахвотна здаюць. Прычым часта спадзяюцца на грашовую кампэнсацыю, а ім на гэта кажуць у міліцыі, што грошай яны наўрад ці дачакаюцца. Маўляў, радуйцеся, што вас не прыцягнуць да адказнасьці за незаконнае захаваньне . Па адмысловым тэлефоне даверу мне пацьвердзілі, што грашовай кампэнсацыі у часе гэтай кампаніі таксама ня будзе.

Што ж да баявой зброі ці гэтак званых паляўнічых стрэльбаў з наразнымі стваламі, то ў Беларусі прыняты закон “Аб зброі”, паводле якога яе наагул мець нельга, і тым, хто здасьць баявую зброю, якая была раней набытыя законным шляхам, гарантаваная кампэнсацыя.

У былога сьпікера Вярхоўнага Савета Мечыслава Грыба ўзялі некалькі адзінак баявой зброі, але кампэнсацыю гэтак і не сплацілі. Дарэчы, Мечыслаў
Грыб лічыць, што грамадзянін Беларусі мае права дзеля абароны ці ў іншых дазволеных законам мэтах валодаць і наразной зброяй.

(Грыб: ) “Калі чалавек мае зброю на законных падставах, якая зарэгістраваная – куля зарэгістраваная ў кулятэцы, гільза ў гільзатэцы – то такі чалавек ніколі яе не выкарыстае, бо гэта ўсё роўна, як пакінуць на месцы злачынства адбіткі пальцаў”.

Гэта было меркаваньне генэрала міліцыі ў адстаўцы Мечыслава Грыба на праблему валоданьня баявой зброяй, якую цяпер прымаюць ў органах міліцыі ад грамадзянаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG