“Минские губернские ведомости”, 1853 год:
“Менскае Губэрнскае Праўленьне аб’яўляе, што ў Менскай Гарадзкой Думе 19 лістапада гэтага году адбудзецца гандаль з узаконеным праз тры дні перагандлем, на здачу ў арэнднае ўтрыманьне прыналежных гораду Менску вадзяных млыноў, 1-ы за мастом ніжняга рынку і 2-х у прадмесьці Ляхаўцы, а таксама лесапільні. Ахвочыя ўдзельнічаць у гандлі і прыняць на сябе ўтрыманьне млыноў могуць зьявіцца на прызначаны тэрмін з дабранадзейнымі закладамі ў Менскую Гарадзкую Думу”.
“Наша ніва”, 1913 год. “Помста пагвалчэнай праўды”, подпіс Сьвятагор:
“Бо ці-ж тое слова “беларусы”, якое падстаўляе правіцельства ў сваім законе аб навучаньні веры, выяўляе запраўды беларушчыну? Не! Тут гвалтуецца, як і палякамі перш, наша праўда і, праўда гэта ўжо мсьціць за сябе. На нашых вачах тысячы каталікоў-беларусоў запісваюцца ў палякі, абы толькі ня быць гвалціцелямі чужоў праўды. І правіцельства праз тое, што не прызнало нашага права вучыцца ў сваей роднай беларускай мове, творыць тысячы і дзясяткі тысяч барцоў за польшчыну зь беларусоў. Смаркачоў і недалёткоў міністэрства асьветы ўбрало ў барцоў за польскую ідэю і акружыло аўрэоляй мучэнічэства. Цяпер у нас народная і сярэдняя школы сталіся арэнай національнай польскай і расейскай агітацыі”.
“Советская Белоруссия”, 1983 год. Уладзімер Бягун, кандыдат філязофскіх навук пра парапсыхалёгію:
“Ня варта забывацца і на тыя абставіны, што “завіхрэньнямі” нашых айчынных парапсыхолягаў цікавяцца замежныя акультысты і падрыўныя антысавецкія цэнтры. У літаратуры, напрыклад, апісваецца выпадак, калі дзялкі, што прыехалі да нас з ЗША, імкнуліся атрымаць сьпісы навукоўцаў — прыхільнікаў і праціўнікаў парапсыхалёгіі. У гэтай сувязі дарэчы нагадаць слушныя словы аўтара кнігі “Фабрыканты цудаў” В.Львова: “Парапсыхалёгія — адзін з атрутных адкідаў буржуазнай ідэалёгіі, які дакучліва прапіхваецца ў нашую краіну”.