Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ў ЧАЧЭНІІ АДБЫЛАСЯ ІНАЎГУРАЦЫЯ КАДЫРАВА


Юрыя Дракахруст, Прага

Нават месца, дзе адбылася цырымонія, трымалася ў сакрэце, толькі потым стала вядома, што інаўгурацыя прайшла ў памяшканьні гарадзкой адміністрацыі Гудэрмэсу.

(Кадыраў: ) “Клянуся пры ажыцьцяўленьні паўнамоцтваў прэзыдэнта Чачэнскай Рэспублікі паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, абараняць правы шматнацыянальнага народу Чачэнскай Рэспублікі, захоўваць і абараняць Канстытуцыю Чачэнскай Рэспублікі і законы Чачэнскай Рэспублікі.”

Учора Ахмад Кадыраў прынес прэзыдэнцкую прысягу. Паводле афіцыйных дадзеных на выбарах 5 кастрычніка ён атрымаў перамогу, набраўшы 80% галасоў выбаршчыкаў. Аднак міжнародныя арганізацыі расцанілі выбары як несправядлівыя і несвабодныя. Найбольш сур’ёзныя канкурэнты Кадырава былі выключаныя зь перадвыбарчай барацьбы, кандыдаты ня мелі роўных магчымасьцяў агітацыі, падчас перадвыбарчай кампаніі ўжываліся розныя мэтады запалохваньня выбаршчыкаў.

Пасьля абраньня Кадыраў паведаміў пра крокі, якія мусяць умацаваць ягоны аўтарытэт у вачох чачэнцаў. Прынамсі, ён заявіў, што будзе створаная камісія па дасьледваньні ўсіх злачынстваў, зьдзейсьненых у Чачэніі з 1991 году. Ён зьвярнуўся да фэдэральнага цэнтру з просьбай працягнуць яшчэ на 3 месяцы амністыю для паўстанцаў, якія пагадзяцца дабраахвотна скласьці зброю. Пакуль амністыяй скарысталіся толькі 200 чалавек. На думку Аляксея Малашэнкі, аналітыка з маскоўскага аддзелу Цэнтру Карнэгі, наўрад ці працяг амністыі спыніць чачэнскі супраціў.

(Малашэнка: ) “Ён шмат гаворыць аб амнністыі, аб вяртаньні баевікоў, але тут ёсьць свае праблемы. Яны прыходзяць са зброяй, уступаюць у міліцыю Кадырава. Але ёсьць яшчэ і баевікі нечачэнцы: андыйцы і аварцы. І яны будуць змагацца да канца. І гэтую праблему Кадыраў без фэдэралаў, без актыўнай падтрымкі Масквы вырашыць проста ня ў стане.”

Крэмль дэманструе сваю прыязнасьць да Кадырава, у верасьні, яшчэ да абраньня прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін узяў Кадырава ў паездку ў Злучаныя Штаты, кіраўнік Чачэніі быў таксама ў складзе дэлегацыі падчас апошняга візыту Пуціна на саміт арганізацыі “Ісьлямская канфэрэнцыя” ў Малайзіі.

Некаторыя назіральнікі абвінавачваюць Кадырава ў выкарыстаньні падпарадкаванай яму міліцыі дзеля жорсткіх расправаў з праціўнікамі ягонай улады, паведамляецца пра шматлікія забойствы, катаваньні і выкраданьні людзей. Гаворыць чачэнскі журналіст Рустам Каліеў.

(Каліеў: ) “Ці можна казаць, што з абраньнем Ахмада Хаджы Кадырава гэтая сытуацыя абвастрыцца? Мне здаецца, што далей яна абвастрыцца ня можа, там ідзе грамадзянская вайна. Крэўная помста, яная вызначала правапарадак у Чачэніі, цяпер гэта ператварылася ў брутальную форму забойства адных чачэнцаў іншымі.”

Чачэнская тэма была закранутая падчас апошняга інтэрвію прэзыдэнта Расеі Пуціна, якое ён даў катарскаму тэлеканалу “Аль Джазыра”. Пуцін заявіў, што заявы наконт недэмакратычнасьці чачэнскіх выбараў, якія гучаць у шэрагу краінаў, у тым ліку і ў Злучаных Штатах, маюць на мэце адцягнуць увагу ад уласных памылак гэтых краінаў у адносінах з мусульмсманскім сьветам. Пуцін таксама паведаміў, што Фэдэральны цэнтар гатовы падпісаць з Чачэніяй дамову аб падзеле паўнамоцтваў з шырокай аўтаноміяй для рэспублікі.

З атачэньня Кадырава гучаць прапановы ня толькі надаць Чачэніі шырокія эканамічныя паўнамоцтвы, але і абвесьціць рэспубліку зонай бедцтва і адначасна надаць ёй статус свабоднай эканамічнай зоны. “Як адзначаеюць “Ізвестия”, “Чачэніі калі дадуць ня ўсё, што яна просіць, то шмат”.

Экспэрты адзначаюць, што спакой у Чачні стаўся бы моцным козырам ў прэзыдэнцкай кампаніі Ўладзімера Пуціна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG