Станоўчых зьменаў у становішчы працаўнікоў “Радыётаксі 22222” не адбылося. Зь сёньняшняга дня ліцэнзія на пасажырскія таксаперавозкі, якая належыць уладальніку таксовак прадпрымальніку Мікалаю Аўтуховічу, прыпыненая тэрмінам на адзін месяц. Такі загад выдаў міністар транспарту Міхаіл Баравы. Прадстаўніку галадоўшчыкаў у міністэрстве сёньня сказалі, што загад могуць скасаваць толькі тады, калі паступіць каманда зь міністэрства падаткаў і збораў. Трынаццаць арыштаваных аўтамабіляў падатковая служба сёньня Мікалаю Аўтуховічу не вярнула, хаця гэта паабяцаў асабіста старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімір Саўчанка.
Сёньня ў раённую больніцу даставілі аднаго з галадоўшчыкаў—Сяргея Мустафіна, стан якога выклікаў у дактароў непакой.