Адпаведныя папраўкі ў Думу накіраваў прэзыдэнт Уладзімер Пуцін, а ягоны прадстаўнік у гэтай палаце Аляксандар Кацянкоў паабяцаў, што іх у лістападзе ўхваліць Рада Фэдэрацыі.
Хаця законам гэта стане пасьля падпісаньня прэзыдэнтам Расеі, у беларускіх чыноўнікаў сытуацыя ўжо выклікае занепакоенасьць, бо існуе адпаведная забарона ў беларускім законе аб грамадзянстве.
Я патэлефанаваў прадстаўніку пашпартна-візавай службы МУС Беларусі Валерыю Шунтаву і задаў яму пытаньне:
(Карэспандэнт: ) “Што пагражае таму, хто пойдзе служыць у іншую армію?”
(Шунтаў: ) “Страта грамадзянства Рэспублікі Беларусь”.
(Карэспандэнт: ) “У любую армію?”
(Шунтаў: ) “У любую армію. І ня толькі армію — у органы дзяржаўнай улады і кіраваньня, юстыцыі, паліцыі, пракуратуры й г.д.”.
Спадар Шунтаў спаслаўся на 19-ы артыкул закону “Аб грамадзянстве”, які наўпрост забараняе службу ў арміі ці іншых дзяржаўных структурах замежных краінаў. Нягледзячы на саюзную дзяржаву Беларусі й Расеі, ніякіх выняткаў беларускі закон не прадугледжвае, акрамя аднаго:
(Шунтаў: ) “Калі чалавек — грамадзянін Рэспублікі Беларусь — паступіў на службу ў тыя органы, якія прадугледжаныя 19-м артыкулам, але адносна яго паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь заведзеная крымінальная справа, альбо ён мае запазычанасьці ў падатках ці іншыя нескасаваныя даўгі, альбо ня мае гарантыяў набыцьця грамадзянства іншай дзяржавы, дык гэтая працэдура проста ня будзе прымяняцца”.
Цікава, што гарантыі новы расейскі закон якраз дае — праз тры гады службы ў арміі паводле кантракту можна будзе атрымаць грамадзянства Расеі. Аднак паводле беларускага закону грамадзянства Беларусі будзе скасаванае адразу, і цягам трох гадоў наёмнік будзе асобай без грамадзянства.
Валеры Шунтаў кажа, што папярэджваць пра гэта патэнцыйных кантрактнікаў беларускае Міністэрства ўнутраных справаў не зьбіраецца, таму што расейцы прымаюць такія законы, якія выгадныя ім.
(Шунтаў: ) “Яны зрабілі гэта, наколькі я магу зразумець — гэта мая неафіцыйная, асабістая думка — проста наўздагон той сытуацыі, якая ў іх існавала. Відавочна, пэўная колькасьць людзей была прызваная ў армію й служаць — у тым жа Таджыкістане, напрыклад”.
Аднак расейскі міністар абароны Сяргей Іваноў, калі прапаноўваў гэтыя зьмены ў законе, казаў, што разьлічвае на новых кантрактнікаў з краін СНД. Паводле расейскага вайсковага ведамства, кантракты будуць прапаноўваць найперш расейскамоўным і славянам, то бок беларусам і ўкраінцам. Масква зазначае, што ў “блізкім замежжы” засталося шмат незапатрабаваных вайскоўцаў, якія з гатоўнасьцю паедуць за грошы ў тую ж Чачэнію.
Як чакаецца, пытаньне пра кантрактнікаў будзе закранацца праз два дні ў Маскве на супольнай калегіі Міністэрстваў абароны Беларусі й Расеі. Галоўная яе тэма — падрыхтоўка прапановаў наконт збліжэньня ды ўніфікацыі заканадаўстваў дзьвюх краін.