Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКУЮ “КУЛЬТУРУ” ПЕРАКРАІЛІ НА НОВЫ “ЛАД”

Ігар Карней, Менск

Рэакцыя на зьяўленьне новага беларускага каналу супярэчлівая. Так, былая вядучая аўтарскай перадачы “Музычны салён” Элеанора Язерская сваю рэакцыю на ўбачанае выказала адным сказам: “Учора на маёй любімай кнопцы была “Культура”, а сёньня невядома што”. Яшчэ адна тэлевядучая, былая дыктарка Беларускага тэлебачаньня Зінаіда Бандарэнка гэтаксама расчараваная:

(Бандарэнка: ) “Тое, што чула, і што ўбачыла ў праграме — няма проста словаў ахарактарызаваць, што гэта такое. Нават тое, як канал назвалі — чаму “Лад”? Мне здавалася, што лепш была бы “Спадчына”? Хоць да пытаньняў спадчыны, як ужо бачна, каналу будзе вельмі далёка. Не, я катэгарычна ня згодная зь ягоным зьяўленьнем; нас абрабавалі, ня даўшы магчымасьці глядзець “Культуру”. На “Культуры” вельмі часта і пра нас былі матэрыялы, пра Беларусь. Я ўзгадваю цэлую сэрыю перадачаў, дзе былі ўзьнятыя якраз пытаньні беларускай спадчыны. Дык гэта чамусьці Масква ўздымае! А гэты “Лад” я не прымаю ні душою, ні сэрцам, ніяк. Усё, як заўсёды, будзе павярхоўна. Я ў гэтым перакананая”.

Пакуль што “Лад” ня мае выразнай канцэпцыі “сямейнага каналу”. Абсалютную бальшыню эфіру складаюць старыя савецкія кінастужкі. Адзін з тэлежурналістаў мне сказаў, што цяпер “Лад” ператвораны ў своеасаблівы “склад прадукцыі”, якой не знайшлося месца на Першым нацыянальным канале. У якасьці, так бы мовіць, “гуманітарнай падтрымкі” ладаўцы атрымалі праграмы “Сад мары”, “Тэлебаромэтар”, “Сьвятло далёкай зоркі”, “Здароўе”, “Не пазяхай”, “Мультыклюб”, “Калыханка”, “Наша спадчына”, “Сьпявай, душа!”, а таксама праграмы абласных тэлестудыяў. Што да ўласна назову “Спадчына”, які ад пачатку фігураваў у якасьці асноўнага і пра які ўзгадвала спадарыня Бандарэнка, то генэральны прадусар “Ладу” Аляксандар Семярнёў сказаў:

(Семярнёў: ) “Ініцыятыва назвы каналу “Спадчына” зыходзіла не ад Белтэлерадыёкампаніі. Тэлебачаньне ніякім чынам такой назвы не прапаноўвала: мы выбіралі назву, і слова “спадчына” нароўні зь іншымі прысутнічала. Гэта быў толькі адзін з варыянтаў, і калі гэта камусьці падабалася і хтосьці хацеў так называць — то гэта іхныя праблемы, ня нашыя. Наконт назвы “Лад” мы праводзілі дастаткова сур’ёзныя дасьледаваньні. Паралельна зь іншымі — “Спадчына”, “Сям’я”, што заўгодна”.

Перамог, да радасьці спадара Семярнёва, “Лад”. Дарэчы, факт згортваньня расейскіх каналаў у самой Расеі ўспрынялі з расчараваньнем. Міністар культуры Міхаіл Швыдкой, аўтар перадачы “Культурная рэвалюцыя”, выказаў шкадаванне ў сувязі з закрыццём “Культуры”. Сваё нэгатыўнае стаўленьне да падзеі ў сваіх праграмах акрэсьлілі пісьменьніца Тацяна Талстая і тэлевядучая Дуня Смірнова (“Школа злословия”), Мікалай Сванідзэ (аналітычная праграма “Зеркало”). Яўген Равенка (дырэкцыя інфармацыйнага вяшчаньня РТР). У якасьці аднаго з аргумэнтаў заяўлялася, што падобныя, няўзгодненыя крокі, ставяць пад сумнеў адзіную інфармацыйную прастору саюзнай дзяржавы, пра якую столькі гавораць у Менску і ў Маскве.

А вось адзін з былых кіраўнікоў Белтэлерадыёкампаніі Віктар Чыкін лічыць, што “Культура” для беларусаў не ўяўляла ніякай каштоўнасьці, а частату цяперашняга “Ладу” наогул больш разумна было б аддаць каналу з жыцьця жывёлаў.

(Чыкін: ) “Частоты — занадта дарагое задавальненьне, каб іх “марнатравіць”. Скажу шчыра: я не прыхільнік каналу “Культура”, мне ён не падабаўся. Швыдкой мяне наогул раздражняў — не яму быць у ролі дэмакрата. Ня думаю, што “Культура” была надзвычай цікавым каналам. А што зараз напрыдумляе Ягор Рыбакоў — я ня ведаю. Але як на маё меркаваньне, дык лепей бы ён на гэтай частаце “Disсоvery” запусьціў. А ў дадатак — “Animal Planet” і “Eurosport”. На “Культуры” раз-пораз трапляліся цікавыя перадачы, але ў цэлым я б канал (каб меў такую магчымасьць) так не вярстаў бы”.

Аналітыкі ўжо падлічылі, што ў рэчышчы апошніх захадаў Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі расейскія каналы “Культура” і РТР робяцца даступнымі толькі ўладальнікам спадарожнікавых антэнаў і абанэнтам кабэльнага тэлебачаньня. Але наогул тэндэнцыя — на выцісканьне з тэлеэфіру расейскіх каналаў. “Першы” расейскi канал усё больш перакрываецца беларускiм ОНТ. НТВ практычна нiдзе, апроч Менску, не паказвае з тэхнiчных прычынаў, і толькі 54% насельніцтва могуць глядзець гэты адзіны, пакуль некрануты, расейскі тэлеканал.

Якое прынцыповае адрозьненьне “Ладу”, прыкладам, ад традыцыйнага Беларускага тэлебачаньня? Хiба тое, што “Лад” ствараецца з прыцягненьнем абласных тэлерадыёкампанiяў: у кожнай вобласьцi цягам дня зьяўляюцца навiнавыя блёкi рэгiёну. Уласна ж канцэпцыю вяшчаньня акрэсьлiў у мiнулую пятнiцу генэральны прадусар каналу Аляксандар Семярнёў. Дарэчы, ён жа ўдакладнiў, што “Лад” пачынае прaцу пад уласным дэвiзам: “Лад у сям’i — згода ў краiне”. Зыходзячы з гэтага, акрэсьленая i тэматыка вяшчаньня: мастацтва, культура, гiсторыя. Праўда, цягам першых двух дзён склалася такое ўражаньне, што тэматыку фармавалi дзесьцi ў архiвах маскоўскага “Дзяржфiльмафонду”: у суботу гледачам паказалi чатыры савецкiя чорна-белыя стужкi, у нядзелю — пяць.

Зрэшты, кiраўнiкi каналу не хаваюць, што на іхнай кнопцы ня будзе кiно агрэсіўнага, насычанага забойствамi. Спадар Семярнёу падкрэсьлiў, што тэлеканал “Лад” адмаўляецца ад дэманстрацыi гвалту i прапаганды шкодных звычак. Цалкам натуральна, што ў савецкiх стужках сталiнскай i пасьляваеннай эпохаў адзiнай прымальнай звычкай было будаунiцтва сьветлага будучага. Мiж тым, ёсьць iнфармацыя, што кiраўнiкi каналу ўсё ж непасьлядоўныя ў сваiх заявах.

Дакладнa вядома, што “Лад” набыў правы на паказ скандальнага расейскага шоў “Вокны”, якое вядомае сваiмi пастановачнымi ток-шоў зь вялiзнымi порцыямi нецэнзуршчыны ў эфiры i вульгарнымi выхадкамi ўдзельнiкаў праграмы. Дарэчы, усе расейскiя каналы ўжо адмовiлiся ад гэтага шоў, i сямейны канал “Лад” цяпер адзiны аддае свой эфiрны час эпатажныму вядучаму Дзьмітрыю Нагiеву.

Як усё ж акрэсьлiваюць кiраўнiкi каналу сваю аудыторыю? З улiкам тэматыкi асноуны ўхiл робiцца ў бок тых, хто захаваў пэўнае шкадаваньне па Саюзу. Хоць канал i мае назву “сямейны”, наўрад цi яго будуць глядзець цэлымi сем’ямi. Ужо яскрава прасочваецца iдэалёгiя каналу. У першы ж день вяшчаньня на экране некалькi разоў зьяўляліся сацыяльныя ролiкі Беларускага рэспублiканскага саюзу моладзi (БРСМ) — арганiзацыi, якая ёсьць наўпроставым пасьлядоўнiкам ВЛКСМ. Ролiкі, дарэчы, нятанныя, зробленыя з разуменьнем справы i, што паказальна, для “абкаткi” абраны менавiта сямейны канал — iншымi словамi, бацькi самi павiнны пераканацца, як важна аддаць сваё дзiця ў чарговую iдэалягiчную арганiзацыю.

Нарэшце, мова перадачаў: па-беларуску — толькi перакладзеныя перадачы і мультфiльмы, якiя дэманструюцца паводле дaмовы супрацоўнiцтва зь “Першым францускiм каналам” — а гэта адзінкі адсоткаў ад усяго эфіру. Таму казаць, што “Лад” мае моцны выхаваўчы пасыл, як сьцьвярджаюць кiраўнiкi каналу, наўрад цi выпадае. Дарэчы, у гэтым сэнсе менавiта расейскi канал “Культура” вызначаўся адукацыйнай арыентаванасьцю. Такiя праграмы, як “Культурная рэвалюцыя” цi “Школа злословия” сёлета прызнаныя лепшымi ў расейскiм тэлеэфiры наогул. Да таго ж, нiводзiн з расейскiх каналаў не аддаваў столькi эфiрнага часу дзеля клясыкi ўсясьветнага кiнэматографу. Цалкам зразумела, што i беларусы павiнны ствараць штосьцi нацыянальна-адметнае. Але пакуль “Лад” ёсьць толькi другасным прыдаткам БТ, якое iмкнецца пераарыентавацца ў бок забаўляльльнасьцi i скiдвае на “Лад” праграмы, якiя гэтай канцэпцыi не пасуюць.

Калi браць зьнешне — расейская тэлевiзійная экспансія сапраўды спыненая беларускiм вяшчаньнем. Але па сваёй сутнасьцi яно застаецца ўсё тым жа прарасейскiм.
XS
SM
MD
LG