Сыходжу на прыпынку “Вялікая Гаць”. Гэта паселішча ў Івацэвіцкім раёне, на паўдарозе з райцэнтру ў Целяханы. Яно раскінулася пэрпэндыкулярна заасфатаванай аўтамабільнай трасе. Вясковыя ж вуліцы цьвёрдым пакрыцьцём пахваліцца ня могуць — тут толькі ўтрамбаваная голая зямля.
(Спадар: ) “Усе вёскі асфальтаваныя, а тут асфальту ніхто ня бачыў і не пабачыць. Лес тут нарыхтоўваюць і леспрамгас, і вайсковы лясгас. Лесавозы ідуць вёскаю і пыл падымаюць. Бялізну мокрую павесіш сушыцца — яна абліпне брудам”.
Да таго, як я спыніў гэтага спадара, ён на сваім ровары старанна аб’яжджаў глыбокія лужыны на цэнтральнай вуліцы. Пажаліўшыся на праблемы, вясковец пераходзіць да назвы свайго паселішча.
(Спадар: ) “Тут увесь час былі балоты. Вялікая Гаць — бо тут было зарэчанае месца, такое дрэннае… Пасьля пачалі насыпаць, і адбылася засушка”.
(Карэспандэнт: ) “Раней уся вёска стаяла на балотах?”
(Спадар: ) “Амаль так і было”.
(Карэспандэнт: ) “Дарога была загачаная?”
(Спадар: ) “Так. Кожны перад сваёю хатай масьціў: хто бярвёны клаў, хто пясок сыпаў. Ходнічкі былі й канавы з двух бакоў, каб спускаць ваду. Да кожнага двара ішоў масток”.
(Карэспандэнт: ) “А добра, што балоты асушылі?”
(Спадар: ) “Як толькі асушылі балоты, на тых землях быў добры ўраджай. А цяпер гэтыя тарфянікі павыдзімала, і ўжо там нічога няма. Праходзяць дажджы — бульба добра родзіць, а як сухмень — няма ні бульбы, ні збожжа”.
(Карэспандэнт: ) “Кажуць, што сухмень ды неўраджаі ад таго, што асушылі балоты. Можа, зноў затапіць?”
(Спадар: ) “І так хутка будуць балоты: ужо няма чым араць, канавы ўжо зацягваюцца, ніхто іх ня чысьціць”.
Як шмат дзе ў вёсках, бальшыня насельніцтва Вялікай Гаці — пэнсіянэры. Маладзейшыя працуюць у калектыўнай гаспадарцы, яе цэнтар у суседняй вёсцы Сьвятая Воля. Буднім днём на ўласным гаспадарчым падворку я засьпяваю даярку спадарыню Надзею.
(Надзея: ) “Жывём мы добра. Трэба толькі працаваць, а працаваць цяжка. У пяць ранку паднялася, а ў адзінаццаць вечара легла — і гэта ўсё ў працы”.
(Карэспандэнт: ) “Раней калгас называўся…”
(Надзея: ) “...імя Калініна. Ой! Ужо ў нас новае. Перайменавалі! Цяпер — “Сьвятая Воля”. Нейкае СВК ці УПК, ці СКВ... Ой! Забылася! Чакай! Зараз табе скажу”.
Тут кабета дастае з паштовай скрынкі раёнку “Івацэвіцкі весьнік”. Пачынае ўважліва праглядаць старонкі.
(Надзея: ) “А дзе ж гэта?! Няма аніякай зводкі! Няма зводкі ў гэтай газэце!”
(Карэспандэнт: ) “Выходзіць, што рэфармавалі ваш калгас”.
(Надзея: ) “Так, наш калгас рэфармавалі. Старшыня абяцаў, што даярка будзе атрымліваць ня меней за 250–280 тысяч. А ёсьць 80 тысяч. Пайдзіце ў краму і набудзьце што-небудзь на гэтыя грошы! Што вы там набудзеце? Паглядзіш і назад, бо каўбасы ня купіш і мяса дарагое”.
(Карэспандэнт: ) “Усё ж што набываеце?”
(Надзея: ) “Можа толькі якой камсы. Вось сёньня казалі, што завезьлі нейкай таннай камсы. Трэба паехаць ды купіць. Прывезла саломы, каб бульбу на зіму пахаваць. Вылічаць 25 тысяч за два цюкі”.
(Карэспандэнт: ) “Восемдзесят атрымліваеце, яшчэ 25 вылічаць…”
(Надзея: ) “... і застанецца ў мяне 50. І ідзі пасьля гэтага набываць каўбасу!”
(Карэспандэнт: ) “Як людзі ставяцца да ўладаў?”
(Надзея: ) “А што яны дапамогуць? Ня ведаю, чаго да Лукашэнкі можна ехаць. Ён жа кожны дзень гаворыць па тэлевізіі… Паеду — і што, ён мне нешта дасьць?”
Я разьвітаўся са спадарыняй Надзеяй і пашыбаваў далей вуліцамі Вялікай Гаці. І толькі падчас наступнай сустрэчы, высьветлілася, што даярка тая — адна зрэдкіх у вёсцы, хто яшчэ працуе. Пэнсіянэр сказаў мне пра гэта мімаходзь, не спыняючыся:
(Спадар: ) “На ўсю Гаць працаздольных чатыры ці пяць жанчын засталося, а ўсё астатнія — пэнсіянэры. Моладзь выяжджае. Ад асфальту, адкуль вы ідзяце, у гэты бок — кілямэтар сямсот мэтраў. 36 хатаў пустых, а ў 35 дамах жыве па адной бабульцы”.
(Карэспандэнт: ) “Давайце прысядзем ды пагаворым”.
Ад агульных размоваў пра жыцьцё перайшлі на канкрэтную тэму — уласны падворак.
(Спадар: ) “Цяпер цяжка з кармамі для кароваў. Сена даюць. Адвядуць дзялку. У аднаго тона атрымаецца з участку, а ў другога — 300 кіляграмаў. А чым карміць? А сена цяпер дарагое: дзесьці 70 тысяч адна тона”.
(Карэспандэнт: ) “На зіму колькі тонаў трэба?”
(Спадар: ) “Тры тоны на карову”.
(Карэспандэнт: ) “Выходзіць, што трэба 210 тысяч аддаць за сена”.
(Спадар: ) “Так”.
(Карэспандэнт: ) “А ў вяскоўцаў ёсьць такія грошы?”
(Спадар: ) “Адкуль яны ёсьць? Я атрымліваю 105 тысяч. Усё платнае. Нічога бясплатнага ў нас няма”.
(Карэспандэнт: ) “Пайшлі бы да старшыні калгасу, папрасілі. Можа даў бы бясплатна?”
(Спадар: ) “О-о-о! Ніколі!”
(Карэспандэнт: ) “Чаму? Ён што, такі сквапны?”
(Спадар: ) “Сам — старшынём, жонка — эканамістам. Трэба ўсё ў калгас, каб усё было”.
(Карэспандэнт: ) “Калгас атрымліваецца як уласная гаспадарка?”
(Спадар: ) “Так”.
Трымаць карову, карміцца зь яе, а лішкі малака здаваць дзяржаве. Фінансавых выгадаў ад гэтага няшмат, бо грошы плацяць з затрымкаю. Што іншае? Гадаваць цяляты, каб пасьля прадаваць іх жывою вагою — навар большы дый надзейней гэта. Ва ўсялякім разе, так было да апошняга часу. Пакуль вяскоўцы, а сярод іх і мой наступны суразмоўца, не паздавалі сёлетняга маладняку.
(Спадар: ) “За кілю цяляціны абяцалі восем кіляграмаў збожжа. А якое далі? Адныя адкіды! Дзікам толькі ў лес завезьці, бо нават куры не ядуць”.
(Карэспандэнт: ) “Вы можа вярталі гэтае сьмецьце ў калгас?”
(Спадар: ) “А куды я яго вярну? Атрымаў, яно й ляжыць”.
(Карэспандэнт: ) “Зьвярнуліся б да старшыні”.
(Спадар: ) “А-га! Будзе ён з табою размаўляць. Гэта ж ён даў загад такім збожжам разьлічвацца, а ня хто іншы. Колькі буду жыць, але ім цяляці болей не аддам. Лепей прадам камэрсантам. Дык там грошы заплацяць”.
(Карэспандэнт: ) “А камэрсанты колькі даюць за цяля?”
(Спадар: ) “Па даляру. Цяля было 86 кіляграмаў”.
(Карэспандэнт: ) “Добрыя грошы маглі б атрымацца. А як у Вялікай Гаці людзі ставяцца да ўладаў: да Лукашэнкі, да ўраду?”
(Спадар: ) “Я — нэўтральны чалавек: ня той і ня той. Ня моцна ўжо на іх і крыўдую”.
Валянціне Басалай ды ейнаму мужу бульбы трэба шмат. Самі ядуць мала, але ў горад выехала дзесяцёра дзяцей. Вось і вымушаныя пэнсіянэры браць дадатковыя соткі на калгасным полі.
(Басалай: ) “Гною навозім. А ў каго няма — платны. Тона — 2 тысячы. А адной тоны мала будзе. Трэба хаця бы тонаў чатыры ці пяць. Сёлета дарагі гной быў, і не захацелі людзі вазіць. Набывалі мінэральныя ўгнаеньні. Пасьля нас ужо сеюць сваё: ці то жыта, ці ячмень. Гной таксама дае й ім карысьць”.
(Карэспандэнт: ) “Калгас сее?”
(Басалай: ) “Так”.
(Карэспандэнт: ) “Выглядае, што вяскоўцы завезьлі на тое поле гной, угнаілі тое поле, а пасьля калгас забірае поле?”
(Басалай: ) “Так”.
(Карэспандэнт: ) “Атрымліваецца, што ўвесь той гной і на калгасны ўраджай працуе?”
(Басалай: ) “Так. Яны там буракі сеюць, ячмень…”
Гаспадыня кажа, што сёлета ўрадзіў і вінаград. Каб я ў гэтым пераканаўся, прапануе пачаставацца.
(Карэспандэнт: ) “А зь вінаградам што робіце?”
(Басалай: ) “Віно”.
(Карэспандэнт: ) “І як гэта робіцца?”
(Басалай: ) “З цукрам заліваем. Яно там і робіць (бродзіць). А пасьля адцэджваем і зноў доўга робіць — месяц, а мо й болей. Дзед мой добра віно ня ўмее рабіць. Пакуль яно выстаіцца, ён яго кубкамі й пап’е”.
(Карэспандэнт: ) “Пад канец нічога й не застаецца?”
(Басалай: ) “Так”.
(Карэспандэнт: ) “Пакаштую я ваш вінаград”.
(Басалай: ) “Толькі які дзе сьпялейшы выбірайце”.
(Карэспандэнт: ) “Смачны вінаград. Вельмі салодкі!”
Новыя эканамічныя рэаліі прыйшлі ў Вялікую Гаць разам з прыватнымі гандлярамі й недзяржаўнымі аўталаўкамі. У вёску пачалі наведвацца перакупнікі з Расеі. За тую ж бульбу яны плацілі даражэй, чым калгас. Але ўсё скончылася пасьля таго, як леташнім дэкрэтам Аляксандар Лукашэнка ўвёў новыя правілы правозу харчоў празь мяжу. Праблема ў тым, што бульбы сёлета тут пасеялі болей як трэба, у разьліку на перакупнікаў. І цяпер вяскоўцы ня ведаюць, куды падзець ураджай.
(Спадарыня: ) “Як бульбу прадамо, будзем жыць, а як не — дык ня будзем. Як у нас “чорныя” езьдзілі, дык у нам і добра было. Яны яе прымалі ды на збожжа мянялі, муку нам вазілі. А цяпер нічога ня возяць!”
(Карэспандэнт: ) “Хто такія “чорныя”?”
(Спадарыня: ) “Інастранцы. Летась яшчэ вясною езьдзілі, а цяпер такога ўжо няма. Забаранілі. Іх не прапускаюць на мытні. Ёсьць такі загад прэзыдэнта”.
(Карэспандэнт: ) “Карацей кажучы, вы ад гэтага загаду пацярпелі?”
(Спадарыня: ) “Натуральна, што пацярпелі. Куды ж нам гэтую бульбу здаць?”
(Карэспандэнт: ) “А ў калгас здаць — гэта немагчыма?”
(Спадарыня: ) “Калгас сваю ня можа нікуды здаць!”
(Карэспандэнт: ) “А паехаць у Івацэвічы?”
(Спадарыня: ) “А чым я яе завязу на той кірмаш? Гэта ж трэба нейкую машыну наняць. А наняць машыну, гэта ж не аплаціцца й тая бульба”.
(Карэспандэнт: ) “За якую цану хацелі б прадаць бульбу?”
(Спадарыня: ) “А Гасподзь яго ведае, за якую. 180 рублёў за кілю — гэта ж танна! Колькі ў яе ўкладзена працы! Яе й ня варта вырошчваць. Я ўжо сама сабе сказала, што болей ня буду яе садзіць. На што яе садзіць? Каб па 180 рублёў прадаваць?!”
Валянціну Кавальчуку да пэнсіі яшчэ далёка. Настаўнікам ён працуе ў цэнтры сельсавету — Сьвятой Волі. На штодзённае жыцьцё ў Вялікай Гаці спадар Кавальчук глядзіць неяк збоку, бо шмат часу праводзіць па-за вёскай.
(Кавальчук: ) “У калгасе так: што атрымаў, павінен аддаць назад. Табе налічаць за соткі, за сена, за салому. Па-сутнасьці, ты павінен вярнуць грошы назад у калгас. А людзі выжываюць толькі за кошт свайго: бульба, а летам — ягады”.
(Карэспандэнт: ) “Палітычныя сымпатыі… Увогуле, людзі пра палітыку ў вёсцы гавораць?”
(Кавальчук: ) “Чаму не? Гавораць. Падтрымлівалі прэзыдэнта. Праўда, апошні час ёсьць расчараваньні. Могуць пагаварыць, паабурацца, а лезьці асабліва далёка ня будуць, бо ведаюць, што нідзе нічога не дамогуцца”.
(Карэспандэнт: ) “У людзей ёсьць пэўная незадаволенасьць. Але яны гэтага не выказваюць. З вашага гледзішча, што мусіць здарыцца, каб людзі адкрыта пачалі выказваць свае думкі й свае намеры?”
(Кавальчук: ) “Калі людзі будуць бачыць пэўныя зрухі: нешта выказалі — нешта зьмянілася ў лепшы бок. Яны тады сапраўды будуць выказваць усё адкрыта”.
А пакуль Валянцін Кавальчук згадвае легенду, пераказаную некалі Ўладзімерам Караткевічам. Калі Бог дзяліў паміж людзьмі зямлю, беларусу дастаўся кавалак з урадліваю глебаю, багатымі лясамі ды рэкамі. Але пры гэтым Гаспод даў беларусу неразумнае начальства.