Пад назовам “Далёкія фанаты Эўропы” ў сёньняшнім нумары гэтага выданьня надрукаваны нарыс пра беларускую моладзь.
Паводле “Sueddeutsche Zeitung”, кожны раз, калі вучні расфармаванага гуманітарнага ліцэю зьбіраюцца на заняткі, яны даюць пэўны ўрок сваёй дзяржаве. Каб зачыніць іхную школу і вызваліць з працы настаўнікаў, рэжым выдумляў шмат прычынаў. Аднак сапраўдная падстава была адна: за 12 гадоў свайго існаваньня ліцэй як ніводная іншая ўстанова навучыла моладзь грамадзянскай свабодзе і самастойнасьці.
У межах імпэрыі Лукашэнкі гэты фактар ёсьць небясьпечным. Зь нядаўняга часу, паводле загаду прэзыдэнта, ва ўнівэрсытэтах і школах пачала выкладацца адмысловая ідэалягічная дысцыпліна. Сваё рашэньне беларускі лідэр аргумэнтаваў так: “Інакш мы страцім сваю моладзь”.
Як піша “Sueddeutsche Zeitung”, 23-гадовы Сяргей Лісічонак з Маладога Фронту ўжо страчаны для Лукашэнкі. Галоўнымі прыярытэтамі для гэтага юнака ёсьць Беларусь, дэмакратыя, рынак. Прычым менавіта ў такой, а не ў іншай пасьлядоўнасьці. Лісічонак, на выбар якога істотна паўплывалі рэпрэсіі рэжыму ў часе кастрычніцкага Маршу свабоды-1999, марыць пра незалежную Беларусь ў складзе Эўразьвязу. Дзеля гэтага ён гатовы рызыкаваць, аднак ня ўсім. Выставіўшы сваю кандыдатуру ў часе сёлетніх мясцовых выбараў, ён пасьля размовы са сваім дэканам усё ж адмовіўся ад удзелу ў выбарчай кампаніі. Ён хоча вучыцца дома і зусім не зьбіраецца працягваць вучобу ў Варшаве ці Празе, прасіць у гэтых краінах прытулку.
Паводле маладога беларуса, барацьба супраць рэжыму мусіць весьціся наглядна. Маладафронтаўцаў можна пастаянна ўбачыць на вуліцах. Іхныя акцыі мабілізуюць беларускую моладзь гэткім жа чынам, што і дзеяньні антымілошавіцкай апазыцыі ў Сэрбіі.
Равесьнік Лісічонка Андрэй Казакевіч, які прадстаўляе маладых дэмакратаў пры Аб’яднанай грамадзянскай партыі, не надае такога вялікага значэньня пратэсту беларускай моладзі. Паводле ягоных словаў, беларуская моладзь — не за рэжым, аднак яна па-за палітыкай. Прыярытэты Казакевіча тыя ж, што і ў Лісічонка, але ў іншай пасьлядоўнасьці: дэмакратыя, рынак, Беларусь.
Тым часам А.Лукашэнка ніяк не спадзяецца на палітычную пасіўнасьць маладых беларусчаў. Занепакоенасьць беларускага лідэра, хутчэй за ўсё, і стала прычынай дэпартацыі маладых нямецкіх сацыял-дэмакратаў, якія ладзілі ў Беларусі двухбаковы сэмінар, — піша “Sueddeutsche Zeitung”.
Тым часам бэрлінская “Welt am Sonntag” называе абсурднымі ўсе маніпуляцыі Менску з гэтак званымі “палітычнымі фарбамі”. Маладых нямецкіх сацыялістаў беларускі рэжым уключыў у “чорныя сьпісы”, бо тэму іхнага сэмінару “Арганізацыя палітычнай моладзевай працы” палічыў небясьпечнай. Саму арганізацыю “Juso” Менск параўнаў з карычневымі альбо правымі радыкаламі.
Як рэзюмуе сёньняшняя “Sueddeutsche Zeitung”, нягледзячы на паглыбленьне крызысу ў нямецка-беларускіх дачыненьнях, шэраг нямецкіх гуманітарных арганізацыяў кшталту Інстытута Гётэ і Фонду Фрыдрыха Эбэрта зьбіраюцца працягваць сваю дзейнасьць у Менску. Сваё бюро імкнецца адкрыць у Беларусі і Фонд Конрада Адэнаўэра.