Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ НАРОДНЫ ФРОНТ СЬВЯТКУЕ 15-ГОДЗЬДЗЕ

Валер Каліноўскі, Менск

Да юбілею БНФ у штаб-кватэры партыі адчынілася выстава мастакоў суполкі “Пагоня”, прайшло сьвяточнае паседжаньне менскай гарадзкой арганізацыі БНФ, а навучэнцы зачыненага ўладамі Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю зладзілі пастаноўку купалаўскай “Паўлінкі”. Беларускі Народны Фронт цяпер — гэта тысячы сяброў, гэта пазнавальная незалежніцкая праэўрапейская партыя з моцнымі традыцыямі, — гаворыць лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Людзі, якія тады ў 1988 годзе засноўвалі Беларускі Народны Фронт за перабудову “Адраджэньне”, маюць розныя лёсы. Некаторыя зь іх увогуле адышлі ад актыўнай палітычнай дзейнасьці, сканцэнтраваўшыся на культурніцтве, некаторыя эмігравалі, некаторыя знаходзяцца ў складзе іншых арганізацыяў, але шмат хто застаецца ў шэрагах. Гэта цалкам заканамерна, гэта цалкам нармальна. Сёньня іншая эпоха”.

Спадар Вячорка кажа, што цяпер, як і 15 гадоў таму, БНФ церпіць ад уціску ўладаў — мясцовыя выканкамы пазбаўляюць рэгістрацыі фронтаўскія суполкі, многія актывісты БНФ з-за сваіх перакананьняў страчвалі працу, цярпелі іншыя рэпрэсіі, але гэтым нельга зьнішчыць БНФ як партыю, рух і грамадзкую альтэрнатыву, — упэўнены Вінцук Вячорка. За 15 гадоў сваёй гісторыі БНФ быў актыўным удзельнікам усіх палітычных падзеяў, якія адбываліся ў краіне, ён перажыў раскол 1999 году, нядаўні адыход некаторых актыўных палітыкаў. Адзін з заснавальнікаў БНФ вядомы дыплямат Пятро Садоўскі гаворыць:

(Садоўскі: ) “Мне б хацелася, каб фронт зьяднаўся. Таму што мне вельмі балюча бачыць і чуць, што ёсьць фронт вячоркаўскі і фронт пазьнякоўскі. Я ведаю людзей і тых і тых, праграма — яна аднолькавая, толькі гутарка ідзе пра нейкую тактыку, можа, часам стратэгію. Усё ж хачу верыць, што гэта аднойчы адбудзецца, што зьяднаюцца гэтыя дзьве плыні”.

Пятро Садоўскі ўпэўнены ў пэрспэктыве ідэяў, якія спавядаюць у БНФ:

(Садоўскі: ) “Народным фронтам выказваецца нацыянальная ідэя, яе рэалізацыя — за гэтым будучыня. Калі гэта ня збудзецца, ня будзе Беларусі як дзяржавы, як нейкага такога геапалітычнага ўтварэньня, ніколі. Беларусь ніколі ня стане нейкай такой “расейскай Аўстрыяй”.

Паэт Рыгор Барадулін паводле стану свайго здароўя ня здолеў прыйсьці на юбілейныя імпрэзы, але праз нашае радыё пераказаў сваё слова аднадумцам:

(Барадулін: ) “Пятнаццаць гадоў — узрост, поўны сподзеву, магчымасьці й рашучасьці. Пятнаццаць гадоў — гэта маладая сіла пераброджваецца ў мужнасьць, гэта юнакоўства перарастае ў мужчынскасьць. Пятнаццаць гадоў БНФ — гэта пятнаццаць гадоў чарговаму беларускаму беларускаму адраджэньню, пятнаццаць гадоў, як Беларусь зноў заявіла сьвету, што яна была, ёсьць і будзе, што яна спаконная, што яна гардачолая, што яна эўрапейская дзяржава. БНФ — гэта Зянон Пазьняк і Васіль Быкаў. Зянон Пазьняк — беззаганны рыцар Крывіі, Васіль Быкаў — апостал нацыі. Нячысьцікам удалося раскалоць БНФ, але калі ў скале ўтвараецца расшчыліна, у ёй можа галавой накласьці той, хто расшчапляў скалу. Маю сподзеў, што рана ці позна так і надарыцца. Хай скалою, хоць і надтрэснутай, трывае нясхісна БНФ. Жыве Беларусь!”
XS
SM
MD
LG