У нашай пошце апошніх тыдняў па-ранейшаму шмат лістоў з развагамі пра лёс беларуска-расейскіх дачыненьняў, а таксама пра палітычную будучыню Аляксандра Лукашэнкі, пра тое, які сьлед ён пакіне ў нацыянальнай гісторыі. Пачну агляд з допісу Алеся Станкевіча з Горадні. Слухач піша:
“У свой час Лукашэнка распавядаў, што ў стасунках з Расеяй Беларусь штогоду губляе каля мільярда даляраў. Гэта і танны транзыт, і бясплатнае выкарыстаньне вайсковых базаў, і супрацьпаветраная абарона, і ахова супольных межаў, і пэнсіі вайскоўцам...Тут яшчэ можна згадаць і ракеты СС-20 (95 адзінак), якія забрала Расея гадоў сем таму, не заплаціўшы ні капейкі. Пуцін заявіў, што трэба будаваць адносіны на рынкавых асновах. У такім разе, чаму ня выставіць ім усіх гэтых рахункаў? А калі не пагаджаюцца, дык адключыць вайсковыя базы, перакрыць шляхі транзыту...
Думаю, прычына ў тым, што Лукашэнка баіцца выставіць рахункі Расеі, бо Пуцін і яго каманда пакуль патураюць яму, заплюшчваюць вочы на ўсе выбарчыя махінацыі, парушэньні правоў чалавека. А калі ён заўпарціцца, стаўленьне да ягонай асобы можа зьмяніцца”, — лічыць Алесь Станкевіч з Горадні.
У Аляксандра Лукашэнкі, сапраўды, ня надта шмат прасторы для манэўру. Зьнешняя палітыка цягам усіх дзесяці гадоў ягонага прэзыдэнцтва была незбалянсаваная, скіраваная выключна на Расею. Стасункі з Захадам пасьлядоўна пагаршаліся, што ўвогуле прывяло да частковай міжнароднай ізаляцыі Беларусі. Гэта тупік, у які беларуская ўлада самахоць сябе загнала. І, натуральна, вы маеце рацыю, спадар Станкевіч: Крэмль усьведамляе гэтую залежнасьць, безвыходнасьць Лукашэнкі і выкарыстоўвае яе ва ўласных інтарэсах.
Ільля Копыл зь Менску ў сваім лісьце на Свабоду разважае пра тое, як нашчадкі ацэняць дзейнасьць прэзыдэнта Лукашэнкі. Слухач піша:
“Безумоўна, 12-гадовы (а магчыма, і большы) адрэзак часу, калі краінай кіраваў Лукашэнка, з нашай гісторыі ня выкінеш. Але, на маю думку, празь некалькі дзесяцігодзьдзяў пра Лукашэнку ў станоўчым сэнсе ніхто нават ня ўспомніць. Згадайма: нашыя бацькі і дзяды былі ўпэўненыя, што Сталіна немагчыма будзе зрынуць ні пры жыцьці ягоным, ні пасьля сьмерці. І дзе сёньня тыя тысячы манумэнтаў, якія ўвекавечвалі яго? Партрэты Сталіна можна ўбачыць хіба што на нешматлюдных мітынгах у руках састарэлых энкавэдыстаў ды артадаксальных камуністаў. А чым запомнілася 20-гадовае кіраваньне Брэжнева? Дзе яму помнікі? Людзі памятаюць толькі ўвод войскаў у Чэхаславаччыну ды ў Афганістан. Сам Брэжнеў даўно стаў пэрсанажам для гумарыстаў.
Дык гэта – маштабныя фігуры, якія кіравалі вялікай дзяржавай. А што ж Лукашэнка? Чаго ён дасягнуў? Я не магу нічога прыпомніць. Можа, застануцца ў памяці лядовыя палацы? Але яны ня надта радуюць зьбяднелае насельніцтва. Яшчэ ён дамогся зьнішчэньня нацыянальнай сымболікі, правёў антыканстытуцыйны рэфэрэндум 1996 году... Міне час — і Лукашэнка апынецца ў адным шэрагу з Кебічам, Дземянцеем, Сакаловым, якіх ужо ніхто не ўспамінае”, — лічыць Ільля Копыл зь Менску.
Для ня надта вялікай гісторыі незалежнай беларускай дзяржавы гэтае дзесяцігодзьдзе — немалы тэрмін. І думаю, спадар Копыл, імя першага прэзыдэнта Беларусі ў нацыянальнай гісторыі доўга будзе займаць значнае месца: дужа шмат улады засяродзіў ён у сваіх руках і шмат рашэньняў прыняў, якія паўплывалі на далейшы лёс краіны. Іншая рэч — якія ацэнкі будуць дадзеныя гэтым рашэньням. Сярод найбольш маштабных ягоных ініцыятываў, хутчэй за ўсё, будуць згадваць ягоныя дзесяцігадовыя спробы аднавіць саюз з Расеяй, пабудаваць саюзную дзяржаву і самому заняць у гэтай дзяржаве кіраўнічую пасаду.
Ліст ад Віктара Скарахода зь Менску. Слухач на невялікім прыкладзе разважае пра дачыненьні ўлады і прыватнага бізнэсу:
“Быў на нашай вуліцы шапік, у якім прыватнікі гандлявалі разнастайнымі гатункамі рыбы. Стаўрыду халоднага вэнджаньня ці сярэдняга памеру скумбрыю я набываў у іх за 3 тысячы (а калі і за 2700 рублёў). Цяпер шапіка няма — іх загадалі зьліквідаваць. Іду ў краму “Обжора” на вуліцы Валгаградзкай. Там за такую ж рыбіну зь мяне бяруць 5 тысяч рублёў. Вельмі яскравая розьніца ў цане. На чыю яна карысьць? Народу? Вось я і думаю: якой крывадушнай была ўлада так званага “разьвітога сацыялізму”, такой жа крывадушнай яна засталася і пры сацыялізьме, так бы мовіць, “рынкавым”, — напісаў удзельнік апошняй вайны Віктар Скараход зь Менску.
Адметна, што ўсе харчовыя шапікі на менскіх вуліцах улады зьнішчылі, абгрунтоўваючы свае дзеяньні барацьбой за эстэтычны эўрапейскі выгляд сталіцы. Мэта як быццам неблагая. Толькі ці не больш лягічна было б пачаць са змаганьня за эўрапейскія пэнсіі для менскіх пэнсіянэраў?
Атрымалася так, што зусім небагатых беларускіх спажыўцоў, многія зь якіх (як тыя ж пэнсіянэры) увогуле ледзь зводзяць канцы з канцамі, пазбавілі танных прадуктаў. Калі раней таннае харчаваньне гэтыя людзі маглі купіць недалёка ад дому, дык цяпер вымушаныя ехаць на дробнааптовыя рынкі, за межы гораду. Пры гэтым у двухмільённым горадзе, улады якога хваляцца эўрапейскасьцю, дагэтуль няма ніводнага гіпэрмаркету.
Ліст ад Мікалая Кузькіна зь Менску:
“Галоўны вораг Беларусі — расейскія генэралы, якіх пасьля 1991 году адусюль выгналі, і яны знайшлі прытулак у Беларусі. Расейскія адстаўнікі чамусьці не захацелі вяртацца ў родныя калгасы, а імкнуліся асесьці ў Беларусі, дзе атрымлівалі бясплатнае жыльлё, а таксама пэнсіі ды льготы зь беларускага бюджэту. Ні адна іншая краіна ня ўтрымлівае за свой кошт расейскіх адстаўнікоў. А ў Беларусі — калі ласка: яны займаюць кіраўнічыя пасады ва ўрадзе, КГБ, МУС, іншых міністэрствах, стаяць за сьпіной у Лукашэнкі, нашэптваюць яму, што рабіць…
Іхная палітыка ясная — захапіць усю ўладу і акупаваць Беларусь, зьнішчыць мову. А беларусы будуць жыць у чорных хатах, хадзіць у лапцях. Яны яшчэ пяць гадоў таму абмяркоўвалі, як зьнішчыць беларускую мову на тэлебачаньні. І дамагліся свайго. А цяпер вынішчаюць мову і ў адукацыі. Літоўцы за сваю мову перад танкамі сталі, і выгналі акупантаў”, — напісаў Мікалай Кузькін зь Менску.
Вашае цьверджаньне аб тым, што галоўная прычына ўсіх нацыянальных бедаў — у адстаўных савецкіх вайскоўцах, на маю думку, спадар Кузькін — перабольшаньне. Так, сапраўды, пасьля масавага вываду савецкіх войскаў з Усходняй Эўропы многія адстаўнікі імкнуліся асесьці менавіта ў Беларусі: тут не было карткавай сыстэмы разьмеркаваньня мяса і масла, было лягчэй з жыльлём. Але сёньня многія зь іх ужо шкадуюць пра зроблены тады выбар.
Выявілася, што ў збудаваных за нямецкія грошы гарадках няма працы, а вайсковыя пэнсіі ў Беларусі значна ніжэйшыя, чым у Расеі. Тым часам, сытуацыя з харчаваньнем у расейскіх гарадах сёньня зусім не такая, як некалі. Харчы там сёньня таньнейшыя, чым у Беларусі. І ёсьць такая тэндэнцыя, калі адстаўнікі пакідаюць Беларусь і выяжджаюць у Расею.
Ці савецкія адстаўнікі вінаватыя ў тым, што вынішчаецца беларуская мова? Зусім магчыма, што большасьць іх да беларушчыны ставіцца без усялякай сымпатыі. Але паглядзіце, спадар Кузькін, хто ўзначальвае сёньня дзяржаўныя тэлекампаніі ці Міністэрства адукацыі? Хто падпісвае рашэньні, якія вядуць да выцясьненьня мовы з грамадзкага ўжытку? У гэтых людзей, як правіла, беларускія карані і беларускія прозьвішчы.
Павал Сац, актывіст украінскага таварыства “Просвіта” зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну піша:
“Усім школьнікам з нашага палескамоўнага насельніцтва дадзенае права паступаць у ВНУ ва Ўкраіне без уступных іспытаў. І навучаньне бясплатнае, за кошт украінскай дзяржавы. Бяруць ад нас па два чалавекі на курс, а ўсяго месцаў такіх больш як дзьве тысячы. Сёлета такое права скарысталі больш за дваццаць чалавек, а на 2004 год запісаліся больш як 100 чалавек. Едуць у асноўным у Заходнюю Ўкраіну. Рыхтуюць там настаўнікаў, медыкаў, выкладчыкаў фізкультуры і гэтак далей. Натуральна, усё на ўкраінскай мове. Настаўнікаў украінскай мовы рыхтуюць і ў Берасьці. Ім будзе дадзеная праца. Так што ў нас будзе ўмацоўвацца не беларуская, а ўкраінская мова. Нельга прымусіць народ размаўляць на іншай мове — у прыватнасьці, беларускай”.
Натуральна, што гэта з боку ўкраінскіх уладаў зусім не дабрачыннасьць. Празь пяць гадоў цалкам украінскамоўныя настаўнікі, дактары, інжынэры вернуцца на радзіму, каб несьці ў паўднёвых рэгіёнах Беларусі ўкраінскую культуру і мову, умацоўваць украінскія грамадзкія арганізацыі, а ў будучыні, магчыма, уплываць і на палітыку.
Нічога злачыннага ў гэтым, натуральна, няма: такая практыка распаўсюджаная ў сьвеце: польская дзяржава выдаткоўвае немалыя бюджэтныя сродкі на падтрымку сваёй дыяспары, літоўская — сваёй. Выключэньне тут, хіба што, толькі Беларусь. Беларускамоўныя грамадзяне ва ўласнай краіне пазбаўленыя магчымасьці атрымаць вышэйшую адукацыю на роднай мове. Што ўжо казаць пра беларусаў замежжа, многія зь якіх зьбянтэжана, а то і абурана назіраюць за тым, як зь беларускай мовай змагаецца сама ж беларуская дзяржава.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Ўладзімер Крушкін з Магілёва, Віктар Курлукоў з Гомеля, Алесь Марціновіч з Баранавічаў і Ўладыслава Харко з Ашмянаў.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.