Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ

Ул. інф.

Спачатку – пра памятныя даты мінулае нядзелі.

19 кастрычніка 1831 году адбылася ня вельмі прыкметная, на першы погляд, але важная для нашай гісторыі дата. У гэты дзень у краіне фактычна было ліквідаванае сваё, беларускае дваранства як сацыяльная сіла. Расейскі ўрад прыняў Закон пра аднадворцаў. Паводле яго ў катэгорыю аднадворцаў пераводзілася беларуская дробная шляхта, якая складала каля 10 адсоткаў насельніцтва краю. Закон быў помстай расейскай адміністрацыі за паўстаньне 1831 году. Дробных дваран пазбавілі зямельнае ўласнасьці і саслоўных адзнакаў. Такім чынам быў радыкальна зьменены сацыяльны партрэт Беларусі – краіна пазбаўлялася сваёй эліты. Яшчэ праз трыццаць гадоў, пасьля чарговага паўстаньня, аднадворцы будуць прыроўненыя да сялянаў.

19 кастрычніка 1988 году, 15 гадоў назад, быў створаны аргкамітэт БНФ «Адраджэньне». Паседжаньне, на якое сабраліся заснавальнікі таварыства памяці ахвяраў сталінізму “Мартыралёг Беларусі“, адбывалася ў Чырвоным касьцёле – тагачасным Доме кіно ў Менску. Ідэя стварыць аргкамітэт фронту на ўзор народных франтоў у краінах Балтыі выклікала ў залі працяглую авацыю. З таго часу Беларускі Народны Фронт стаў галоўнай сілаю дэмакратычных пераменаў у краіне.

19 кастрычніка ў розныя гады нарадзіліся гватэмальскі пісьменьнік, нобэлеўскі ляўрэат Мігель Анхель Астурыяс, беларускі пісьменьнік Сяргей Палуян і беларускі футбаліст Аляксандар Хацкевіч.

Цяпер – пра каляндарныя падзеі дня сёньняшняга.

20 кастрычніка 1677 году ў Львове нарадзіўся Станіслаў Ляшчынскі, польскі кароль і вялікі князь літоўскі, адзін з колішніх кіраўнікоў Беларусі.

20 кастрычніка 1733 году, 270 гадоў таму ў Пінску нарадзіўся Адам Тадэвуш Станіслаў Нарушэвіч, беларускі гісторык, паэт, перакладчык, рэлігійны дзяяч. Ён скончыў Пінскі калегіюм, вучыўся ў Эўропе. А пасьля і сам ужо выкладаў у Віленскай Акадэміі паэтыку і рыторыку. Быў біскупам смаленскім і луцкім. Адам Нарушэвіч напісаў шмат одаў, ідыліяў, сатырычных твораў. Сабраў унікальную бібліятэку і выдаў першую гісторыю нашых краёў у сямі тамах.

Сярод слынных людзей сьвету, што прыйшлі на сьвет 20 кастрычніка ў розныя гады, згадаем вугорскага кампазытара і піяніста Франца Ліста, францускага паэта Артура Рэмбо і расейскага архітэктара Аляксея Шчусева, што запраектаваў маскоўскі гатэль “Масква”, у якім загінуў Янка Купала, а таксама маўзалей Леніна.
XS
SM
MD
LG