Як вынікае з публікацыі, у параўнаньні зь іншымі пераходнымі краінамі Ўсходняй Эўропы Беларусь у сэнсе прасоўваньня эканамічных рэформаў ёсьць аўтсайдэрам.
“Вада трапляе туды, дзе яна сустракае найменшы супраціў”, — сьведчыць нямецкая прымаўка. Сёньня гэтыя словы пастаянна ўзгадваюць тыя прадпрымальнікі зь Нямеччыны, якія аднойчы пачалі свой бізнэс у Беларусі.
Паводле публікацыі ў “Sueddeutsche Zeitung”, тое, што прэзыдэнт Лукашэнка не жадае праводзіць у Беларусі істотных эканамічных рэформаў, відавочна на прыкладзе замаруджанай прыватызацыі. Каля 80% беларускай эканомікі па-ранейшаму належаць дзяржаўнаму сэктару. Менавіта гэты момант прымушае заходніх інвэстараў трымаць дыстанцыю ў дачыненьні да Беларусі.
“Тут амаль нічога ня рухаецца”, — гаворыць пра беларускую сытуацыю Гэральд Гайгэ, галоўны кансультант у пытаньнях нерухомасьці нямецкай фірмы “Ernst&Young”, якая мае свой офіс у Маскве. Паводле спадара Гайгэ, той зь немцаў, хто аднойчы распачаў сваю справу ў Беларусі, цяпер вывучае варыянты больш-менш бяскроўнага сыходу з гэтай краіны.
Адным з самых складаных момантаў для замежнікаў ёсьць прававая база набыцьця нерухомасьці. Па-першае, яна ненадзейная. Па-другое, нельга знайсьці хоць крыху дакладнай інфармацыі. Як вынікае з абстрактных фармулёвак беларускай амбасады ў Бэрліне, “зыходзячы з разьвіцьця рынку нерухомасьці ў Беларусі, створаны адмысловы рэспубліканскі цэнтар”. Адной зь ягоных задачаў ёсьць арганізацыя кадастравай службы альбо ведамства рэгістрацыі зямельнага карыстаньня. Вядома, што ад 1994 году ў Беларусі існуе гільдыя адмыслоўцаў па нерухомасьці, у рамках якой нерухомасьцю займаюцца каля 200 афіцыйна зарэгістраваных фірмаў.
Згодна зь беларускім зямельным заканадаўствам, замежныя прадпрымальнікі ня маюць права набываць зямлю ва ўласнае карыстаньне. Ім дазволеная толькі яе арэнда на 99 гадоў. Замежнікі, праўда, могуць купляць у Беларусі кватэры і дамы, аднак пры ўмове сталага пражываньня і легальнай працы ў гэтай краіне, піша “Sueddeutsche Zeitung”.
Пытаньне нерухомасьці аднак жа ня ёсьць той адзінай цяжкасьцю, зь якой апошнім часам сутыкаюцца нямецкія прадпрымальнікі. Вялікія праблемы ў бізнэсоўцаў зьвязаныя зь беларускай сыстэмай падаткова-мытнага абкладаньня. Паводле прадстаўнікоў нямецкай амбасады ў Менску, тыя канфіскацыі нямецкіх транспартных сродкаў коштам на сотні тысяч эўра, якія беларускія мытнікі ажыцьцяўляюць у адказ на памылкі ў афармленьні пэўных папераў, ёсьць проста несувымернымі штрафнымі санкцыямі. Як паведаміў у часе апошняй прэсавай канферэнцыі эканамічны аташэ нямецкай амбасады ў Менску Вольфганг Фаўст, нямецкі бок нават ня ведае, якога разьвіцьця ў гэтым зьвязку можна чакаць далей:
(Фаўст: ) “Мы зьвяртаемся ў самыя высокія інстанцыі — Міністэрства замежных справаў, у мытныя структуры, у адміністрацыю прэзыдэнта. Мы атрымліваем адказы, але ж ня ведаем, што з гэтымі адказамі рабіць. Нашую ўвагу зьвяртаюць на дзейную заканадаўчую базу, на пэўныя прадпісаньні, якія мы, безумоўна, паважаем. Аднак размова ідзе пра неадэкватнасьць захадаў дый пра нясвоечасовае інфармаваньне нашага боку. Для нямецкага прадпрымальніка, які ў многіх выпадках інвэстуе ў нейкія вытворчыя працэсы значныя грашовыя сумы, проста незразумела, калі ён постфактум атрымлівае інфармацыю наконт адпаведнага рашэньня судовай нарады, на якой ён нават і не прысутнічаў”.
Паводле прадстаўнікоў нямецкіх дзелавых колаў, падобная эканамічная палітыка Менску шкодзіць як Беларусі ў цэлым, так і тысячам яе высокакваліфікаваных кадраў.