Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬ БЕЛАРУСІ ДЭПАРТУЮЦЬ ЯРДАНЦА ПАЛЕСТЫНСКАГА ПАХОДЖАНЬНЯ — ЗА ПРАПАГАНДУ ВАХАБІЗМУ


Юры Сьвірко, Менск

Напярэдадні нарады кіраўнікоў органаў бясьпекі краін СНД, якая пачалася ў Маскве ў гэтую пятніцу, КГБ Беларусі знайшоў у Менску патэнцыйнага тэрарыста — грамадзяніна Ярданіі Музаена Валіды Хусэйна Аль-Махамэда. Ва Ўкраіне ён атрымаў вышэйшую мэдычную адукацыю, але з прычыны прапаганды ідэяў тэрарызму ды экстрэмізму ўкраінскія ўлады далі спадару Хусэйну Аль-Махамэду два месяцы, каб пакінуць іх тэрыторыю.

Цяпер беларускі КГБ кажа, што ўкраінцы не паінфармавалі яго пра небясьпечнага замежніка. Але цікава тое, што ў Менск ярданец прыехаў у сьнежні 2001 году — праз тры месяцы пасьля тэрактаў у ЗША і пачатку міжнароднай кампаніі барацьбы з тэрарызмам. Нягледзячы на гэтую кампанію, Хусэйна Аль-Махамэда ня толькі пусьцілі на беларускую тэрыторыю з адпаведнай візай, але й залічылі асьпірантам Беларускай мэдычнай акадэміі для працягу пасьлядыплёмнай адукацыі на катэдры пэдыятрыі.

Паводле намесьніка начальніка ўправы КГБ па Менску і Менскай вобласьці Фёдара Котава, гэты асьпірант “займаўся тым, што актыўна прапагандаваў сярод беларускіх грамадзян вахабізм”. Сталічнай управе КГБ спатрэбілася амаль два гады, каб гэта выявіць. Супраць Хусэйна аль-Махамэда ўжылі “мяккую форму дэпартацыі” — тую самую, што й супраць менскага карэспандэнта расейскага тэлеканалу НТВ Паўла Селіна: забаранілі ўезд на тэрыторыю Беларусі цягам пяці гадоў і прапанавалі пакінуць яе ў наступныя суткі.

Хаця спачатку зьявілася інфармацыя, што ярданец паедзе ў Польшчу, потым прэсавая група менскай управы КГБ паведаміла, што ён купіў авіябілет на Кіпр. Там сказалі, што пакуль ярданец цалкам вольны ў сваіх дзеяньнях:

(Супрацоўніца КГБ: ) “Ён жа вольны. Свабодны грамадзянін Ярданіі. Гуляе па Менску, напэўна”.

Але КГБ абвінавачвае гэтага грамадзяніна Ярданіі ў тым, што ён уцягваў у Менску выхадцаў з краінаў Блізкага Ўсходу ў радыкальную экстрэмісцкую групоўку “Арраід” і быў сябрам тэрарыстычнай арганізацыі “Палестынскі ісьлямскі джыгад”. Ці мелі такія зьвесткі ўкраінскія спэцслужбы і чаму яны не паінфармавалі беларускіх калег? Вось як адказаў на гэтае пытаньне начальнік прэсавага цэнтру Службы бясьпекі Ўкраіны Аляксандар Скрыпнік:

(Скрыпнік: ) “Гэта дужа цяжка сказаць. Трэба афіцыйны запыт, каб глядзелі і мы, і памежнікі. Вы ж разумееце, колькі людзей праходзіла — як нелегальных мігрантаў, гэтак і дэпартаваных. І неабавязкова гэта было наша ведамства. Гэта магло быць па лініі памежнікаў, магло па нашай лініі. Гэта мажліва высьветліць на працягу тыдня. Калі б гэта было неяк цягам мінулага месяца хаця б, была бы інфармацыя на слыху. Я ня памятаю асабіста — я ўжо тут тры гады”.

Амбасада Ярданіі ў Маскве, у консульскую акругу якой уваходзіць Беларусь, пра дэпартацыю свайго грамадзяніна даведалася ад Радыё Свабода і выказала зьдзіўленьне, што яе не паінфармаваў пра гэта афіцыйны Менск.

(Дыплямат: ) “На жаль, пакуль афіцыйнага паведамленьня мы не атрымалі ад беларускіх уладаў. Як толькі мы атрымалі ваш факс, амбасада вырашыла зьвярнуцца да МЗС Рэспублікі Беларусь, каб высьветліць гэты інцыдэнт і атрымаць больш падрабязную інфармацыю — паводле якой прыкметы, паводле якіх адносінаў гэта было. Амбасада будзе абавязкова абараняць яго”, — заявіў ярданскі дыплямат пра свайго суайчыньніка ў Менску.

А вось амбасада Палестыны ў Менску ад усялякіх камэнтароў адмовілася — як і Беларуская мэдычная акадэмія пасьлядыплёмнай адукацыі. Хаця ў КГБ заявілі, што прэтэнзіяў да гэтай акадэміі ня маюць, яе супрацоўнікі цяпер баяцца размаўляць на тэму навучаньня асьпіранта зь Ярданіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG