Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАШЭНЬНЕ АДМІНІСТРАЦЫІ МАСКОЎСКАГА РАЁНУ МЕНСКУ ПРА ЛІКВІДАЦЫЮ ШАПІКАЎ АДМЕНЕНАЕ

Юлія Шарова, Менск

Пазовы дробных бізнэсоўцаў супраць адміністрацыяў іншых раёнаў, якія прынялі падобныя рашэньні, гаспадарчы суд не прыняў.

Суд прызнаў справядлівымі патрабаваньні пазоўнікаў. Аднак за некалькі дзён да судовага паседжаньня, 14 кастрычніка, гарадзкія ўлады самі адмянілі рашэньне раённых чыноўнікаў. Таму падстава для судовага разьбіральніцтва зьнікла сама сабой. Судзьдзі Ўладзімеру Брагіну засталося толькі канстатаваць, што адміністрацыя Маскоўскага раёну ня мела рацыі, патрабуючы ад прадпрымальнікаў прыбраць шапікі ды пастанавіць, каб адміністрацыя кампэнсавала пазоўнікам судовыя выдаткі.

Лідэр грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка лічыць, што гарадзкія ўлады папросту спужаліся скандалаў вакол гэтай судовай справы, таму і адмянілі прадпісаньне Маскоўскай раённай адміністрацыі. Але ж спадар Шумчанка гаворыць, што ад новых праблемаў прадпрымальнікі не застрахаваныя.

(Шумчанка: ) “Улады на сёньняшні дзень дзейнічаюць такім чынам, што калі не атрымліваецца ўзьдзейнічаць адным спосабам, будзе іншы спосаб. Гэта было прадэманстравана, калі 17-е рашэньне было па сутнасьці незаконнае, а потым зьявілася новае рашэньне 1563, на якое цяпер спасылаюцца астатнія адміністрацыі раёнаў. Таму можна прадбачыць, што на наступным тыдні прадпрымальнікам выдадуць новыя прадпісаньні. Дай Бог, каб гэтага не было”.

Рашэньне Менгарвыканкаму №17, якое зьявілася яшчэ ў студзені 2002 году, нагадаем, прадугледжвала паступовую ліквідацыю ўсіх менскіх шапікаў, якія разьмешчаныя не на прыпыначных пунктах, да 1 ліпеня гэтага году. Яшчэ летам адміністрацыі раёнаў сталі выносіць прадпісаньні пра ліквідацыю шапікаў у адпаведнасьці з дакумэнтам. Але ўвосень зьявілася ягоная новая рэдакцыя, дзе пра шапікі, якія стаяць не на прыпынках, не сказана ніводнага слова. Пры гэтым раённыя адміністрацыі працягваюць спасылацца на старое рашэньне гарвыканкаму, ды зачыняюць шапікі.

Дарэчы, яшчэ больш за 20 пазоваў прадпрымальнікаў зь іншых раёнаў гаспадарчы суд адхіліў, прычым прыкладна з адной і той же аргумэнтацыяй: адміністрацыі раёнаў маюць права патрабаваць ад прыдпрымальнікаў ліквідацыі шапікаў. У выпадку, калі бізнэсоўцы адмовяцца выконваць прадпісаньне, адміністрацыі раёнаў самі могуць судзіцца зь імі.
XS
SM
MD
LG