Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ Ў СЯДЗІБЕ ПАРТЫІ БНФ АДЧЫНІЛАСЯ ВЫСТАВА МАСТАЦКАЙ СУПОЛКІ “ПАГОНЯ”

Валянціна Аксак, Менск

Многія мастакі з суполкі “Пагоня” былі сябрамі арганізацыйнага камітэту, які на сваім першым паседжаньні 19 кастрычніка 1988 году ўтварыў рух “Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”. Бальшыня зь іх застаецца актыўнымі прыхільнікамі гэтае арганізацыі, ладзіць мастацкія аздобы грамадзкіх і партыйных акцыяў БНФ, а таксама свае творчыя імпрэзы, прымеркаваныя да значных датаў і падзеяў нацыянальнага жыцьця. Хаця твораў некаторых мастакоў, адраджэнцаў 1990-х, ужо ня бачна ў экспазыцыях “Пагоні”.

А што змушае астатніх па-ранейшаму непарыўна злучаць творчыя і грамадзянскія мэты. Вось што з гэтае нагоды сказаў нашаму радыё кіраўнік суполкі Мікола Купава:

(Купава: ) “У кожнага мастака свае падыходы да гэтых праблемаў. Большасьць трымаецца такога курсу, што творчасьць і грамадзкая дзейнасьць у іх поруч ідуць… Ну а змушае ўпэўненасьць у ідэялах, прага набліжаць іх да перамогі, упэўненасьць у сваёй будучай перамозе. І прага гэтай перамогі. Я думаю, што гэта самае галоўнае”.

Выстава, зладжаная “пагонеўцамі” да 15-х угодкаў БНФ, невялікая. На большую не дазваляе памяшканьне сядзібы фронту. У экспазыцыі вылучаецца зьняты цэнзураю з папярэдняй выставы “Пагоні” твор Аляксея Марачкіна “Сьляза Міндоўга”, графічныя аркушы на тэмы гісторыі Беларусі Міколы Купавы, вострасюжэтныя палітычныя плякаты Ўладзімера Крукоўскага.

Тут жа і зроблены Крукоўскім у 1991 годзе разам з ужо нябожчыкам Яўгенам Куліком эталён дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь. Менавіта гэты эталён спадар Крукоўскі лічыць вяршыняй усяго, што ён зрабіў у мастацтве:

(Крукоўскі: ) “Нават помнік на плошчы, і той не параўнаецца з гэтым. Таму што помнікаў шмат, і мастак за сваё жыцьцё можа дзясяткі помнікаў паставіць. А вось зрабіць герб дзяржавы — гэта кайф. І па сёньняшні дзень для мяне — гэта кайф”.

Аўтар эталёну дзяржаўнага гербу 1991 году ня супраць, каб іншыя мастакі ў адкрытых творчых конкурсах стварылі новыя варыянты “Пагоні”, абы толькі варыянт, абраны за эталён, вісеў ня ў выстаўнай экспазыцыі, а на фасадах дзяржаўных будынкаў.
XS
SM
MD
LG