Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЁЛАК КОПЫСЬ МУСІЎ БЫЦЬ ПАДАРУНКАМ А.ЛУКАШЭНКУ ДА МІНУЛАГА ДНЯ НАРАДЖЭНЬНЯ


Браніслава Станкевіч, Аршанскі раён

Апошнія паўгоду ў пасёлку Копысь Аршанскага раёну не працавалі шпіталь, клюб ды бібліятэка. Там праводзіўся капітальны рамонт, падобнага якому мясцовыя жыхары проста ня памятаюць. І таму тлумачаць гэтую зьяву наступным чынам:

(Спадар: ) “Проста быў тут прэзыдэнт у жніўні мінулага году, і паглядзеў, што ягоная радзіма памірае! Вось і пачалося гэтае добраўпарадкаваньне”.

Згадваючы, што леташні візыт Аляксандра Лукашэнкі адбыўся якраз 30 жніўня, у дзень ягоных народзінаў, жыхары Копысі мяркуюць, што і цяперашняе добраўпарадкаваньне пасёлку невыпадкова мусіла завяршыцца да восені — да чарговых угодкаў земляка. Аднак будаўнікі ня справіліся своечасова засвоіць выдаткаваныя грошы.

На добраўпарадкаваньне Копысі згодна з пастановаю Савету Міністраў выдаткавана з раённага, абласнога ды рэспубліканскага бюджэтаў амаль 4 мільёны даляраў ЗША. Такіх грошай на добраўпарадкаваньне ніколі не атрымлівала ніводнае мястэчка на Віцебшчыне!

У Копысі за гэтыя грошы ня толькі адрамантавалі пасялковы савет, школу, шпіталь, клюб ды бібліятэку, але пабудавалі новую пошту, добраўпарадкавалі зону адпачынку, заасфальтавалі дарогі ды правялі прыродны газ. Праўда, ён падведзены толькі да ведамасных будынкаў — прыватныя грамадзяне мусяць зрабіць гэта ўласным коштам, як за свае ўласныя грошы жыхары цэнтральных вуліцаў мусілі пафарбаваць платы. Мясцовае кіраўніцтва чакае, што на сьвяткаваньне ў Копысь, заплянаванае на заўтра, можа зноў завітаць Аляксандар Лукашэнка.

Зрэшты, землякамі спадара Лукашэнкі, у роўнай ступені лічаць сябе і жыхары Копысі, і вяскоўцы з суседняй вёскі Александрыя Шклоўскага раёну: Копысь ёсьць афіцыйным месцам нараджэньня спадара Лукашэнкі, бо нарадзіўся ён у тутэйшым шпіталі. А дзяцінства ягонае прайшло ў Александрыі, сёньняшні выгляд якой значна прайграе ў параўнаньні з Копысьсю. Апошняе, што новага пабудавалі ў Александрыі — гэта альтанка на месцы матчынай хаты Аляксандра Лукашэнкі, у якой летась яго здымала беларускае тэлебачаньне.

Што да новабудаў у Копысі, то мясцовыя жыхары ставяцца да такога ўкладаньня грашовых сродкаў досыць скептычна. Яны кажуць, што найперш трэба было закупіць новае абсталяваньне дзеля тутэйшага керамічнага заводу ды стварыць новыя працоўныя месцы, і тады адраджэньне Капысі паступова адбылося б натуральным чынам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG